19 сакавiка 2024, aўторак, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкі з сутарэння

75
Байкі з сутарэння
ІРЫНА ХАЛІП

Адкрыцці на суботніку.

«Змова» супраць Лукашэнкі мела выразны сцэнар. 9 траўня (ці пазней — версіі КДБ і ФСБ трохі адрозніваюцца) Лукашэнку павінны былі забіць, а затым пасадзіць у склеп у Гомельскай вобласці разам з сынамі (ці спачатку пасадзіць у склеп, а потым зладзіць расстрэл, як у Іпацьеўскім доме, - у гэтым пытанні таксама пакуль дакладнасці няма).

Але беларускія спецслужбы змаглі своечасова раскрыць злачынства, звазіць Лукашэнку на экскурсію ў склеп, звязацца з расейскімі калегамі, арыштаваць змоўнікаў і высветліць, што змову гэтую арганізавалі ЦРУ і ФБР. Пасля «выкрыцця» Пуцін пагаварыў аб гэтым праз тэлефон з Байдэнам і пасарамаціў яго, але Байдэн у адказ толькі «булькаў». Пуцін з ім як з чалавекам, а ён булькае.

Усё гэта Аляксандр Лукашэнка распавёў журналістам свайго пула 17 красавіка, падчас суботніка. Прычым распавёў сур'ёзна.

У Беларусі суботнікі ніхто не касаваў, так што ўсе дзяржслужбоўцы ў адну з красавіцкіх субот выходзяць фарбаваць траву перад тэлекамерамі і начальствам. Сам Лукашэнка таксама заўсёды выходзіць папазіраваць з вядром або лапатай, а заадно расказаць пра чарговую змову. Шмат было ўсялякіх гісторый за чвэрць стагоддзя. Але такое ўпершыню.

Журналісты спыталі яго аб затрыманні ў Маскве палітолага Аляксандра Фядуты і юрыста Юрыя Зянковіча, які мае грамадзянства ЗША. У адказ Лукашэнка заявіў, што яны рыхтавалі замах на яго і ягоную сям'ю: «Чаму я маўчаў - пра сябе, пра сям'ю, пра дзяцей не хочацца гаварыць. Але яны ўзяліся за дзяцей. У планах захоп дзіцяці аднаго, другога, як атрымаецца. Пасадзім у склеп. Дарэчы, у Гомельскай вобласці склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу, яны правялі, паказалі, як гэта ўсё планавалі. Затым мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў. Хутчэй за ўсё, Цэнтральнай выведвальнай управы, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з'явіцца ў Менск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей...іх захапілі ў Маскве. З ЗША прыляцела агентура, нейкі Зянковіч. Мы іх адсочвалі, назіралі. Яны баяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія зброю ўжо сюды звезлі і ў схованкі схавалі. А яны з'ехалі ў Маскву».

Пасля гэтага, са слоў Лукашэнкі, ён папрасіў аб дапамозе прэзідэнта Расеі, а старшыня КДБ — «свайго калегу Сашу Бортнікава», і ў Маскву выехала група захопу колькасцю 11-12 чалавек.

Фядуту і Зянковіча затрымалі і даставілі ў Менск: «Жывыя людзі, запісалі ўсё, аўдыё, відэа. Не дай бог, яны дакрануцца да маіх дзяцей, якія наогул не маюць дачынення да гэтага. Не дай бог, не толькі да маіх, але і да вашых, гэта будзе страшная разня. Разумееце, я трываў, усё чакаў, чырвоныя лініі маляваў для сябе, адсоўваў. А цяпер мы іх будзем мачыць так, што ім мала не падасца. Але мяне здзіўляе іншае: чаму амерыканцы сябе так паводзяць? Бо паставіць задачу ліквідаваць прэзідэнта, запомніце, не можа даць ніхто, акрамя вышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Толькі яны, ніякія спецслужбы, толькі яны. Я ўдзячны Пуціну. Калі ён размаўляў з Байдэнам, ён задаў яму гэтае пытанне. Булькатанне — і ніякага адказу!»

Амаль адразу ж пасля таго, як Лукашэнка распавёў пра склеп у Гомельскай вобласці і першыя паведамленні з'явіліся ў стужках навін, дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў сяміхвілінны сюжэт пра раскрыццё змовы. Там ёсць відэа затрымання ў Маскве Фядуты і Зянковіча, ёсць кадры зум-канферэнцыі, дзе Фядута ўспамінае пра лёс Анвара Садата, ёсць аператыўная здымка сустрэчы ў кавярні незадоўга да затрымання. І, вядома, ёсць каментары старшыні КДБ Івана Церцеля.

У той зум-канферэнцыі, «знятай» спецслужбамі, удзельнічалі сем чалавек. Акрамя Зянковіча і Фядуты - лідар Беларускага Народнага Фронту Рыгор Кастусёў; былы амапавец Павел Кулажанка, які з'ехаў дзесяць гадоў таму ў ЗША па грын-карце і працуе трэнерам; былы афіцэр спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар, які з 2006 года жыве ў Літве; навуковец Аляксандр Перапечка з Сіэтла і лекар-псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, які з'ехаў у ЗША 20 гадоў таму. Адзіны, хто стала жыў у Беларусі — Кастусёў. Ён затрыманы 12 красавіка. Фядута і Зянковіч перасталі выходзіць на сувязь 11 красавіка.

Усе гэтыя людзі ў адной зум-канферэнцыі - гэта супавы набор. Кінуць іх у рондаль і зварыць булён можна. Згатаваць змову - ніяк. Калі КДБ яшчэ не ў курсе, змовы не абмяркоўваюцца на зум-канферэнцыях і ў маскоўскіх кавярнях - на тое яны і змовы. А падслуханыя спецслужбамі размовы аб тым, што адзіны шлях — сілавы, — і аб тым, што пасля ліквідацыі Лукашэнкі патрэбны варыянт ГКЧП, блакавання Менска і абавязковага інтэрнавання некалькіх дзясяткаў чалавек, нагадваюць дыялогі персанажаў Міхаіла Мішына і Аляксандра Адабаш'яна ў камедыях Алы Сурыкавай. Памятаеце, яны абмяркоўваюць, колькі каштавацьме транспартаванне алмазаў з Афрыкі сухагрузамі і нафты танкерамі, і тут жа просяць мінака, дапіваюць піва: «Малады чалавек, можна бутэлечку?» Размовы затрыманых у Маскве Фядуты і Зянковіча — прыкладна такога ж парадку. Рабіць з гэтых дыялогаў змову і сур'ёзна арыштоўваць людзей паводле артыкула 357 КК Беларусі («змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», санкцыя ў залежнасці ад часткі артыкула - ад васьмі гадоў пазбаўлення волі да смяротнага пакарання) - для спецслужбаў азначае адкрыты сыход у буфанаду.

Нават старшыня КДБ Іван Церцель, які сур'ёзна распавядае на экране аб тым, што «ўдзельнікі гэтай групы дэталёва спланавалі і прыступілі да практычнай рэалізацыі задумы фізічнай ліквідацыі прэзідэнта Беларусі, ягонай сям'і, арганізацыі ўзброенага бунту з мэтай захопу ўлады гвалтоўным шляхам», выглядае так, быццам з цяжкасцю стрымлівае смех. Здаецца, калі цяпер аператар, які стаіць за камерай, пакажа яму палец - Церцель «расколецца» і рассмяецца да слёз. Магчыма, прамаўляючы гэты тэкст, ён уяўляў сабе Лукашэнку ў склепе ў Гомельскай вобласці - з саленнямі, квашанай капустай і наліўкай, без якіх ніводзін склеп не абыходзіцца.

Калі з беларускімі спецслужбамі і Лукашэнкам усё зразумела, то ступень удзелу спецслужбаў расейскіх няясная дагэтуль, як і пытанне, хто менавіта затрымліваў Фядуту і Зянковіча ў Маскве: КДБ ці ФСБ.

Відавочна, што спецслужбы загадзя не дамовіліся аб агульнай версіі. І афіцыйная заява ФСБ з'явілася на яе сайце неўзабаве пасля таго, як у медыяпрастору адначасова, залпам, «стрэлілі» Лукашэнка і беларуская тэлевізія.

Дык вось, Лукашэнка казаў на суботніку, што яго ліквідацыя і пераварот планаваліся на чэрвень-ліпень. А ў заяве ФСБ напісана, што пераварот павінен быў адбыцца 9 траўня. Не паспелі дамовіцца? Магчыма. Але выглядае так, быццам ФСБ проста рэагуе на інфармацыю з Беларусі, каб не выглядаць ужо зусім «не пры справах». Пытанне, што ж гэта ўсё ж было - выкраданне або затрыманне, - застаецца адкрытым.

На відэа Фядуту і Зянковіча затрымліваюць людзі ў цывільным. Затрымліваюць карэктна. Ніякіх «пысай у падлогу» або «берцамі па нырках», - і гэта зусім не падобна на беларускі стыль. У заяве ФСБ гаворыцца, што Фядуту і Зянковіча затрымалі расейскія органы бяспекі і перадалі беларускім партнёрам. Але навошта тады група захопу з КДБ колькасцю 11-12 чалавек, пра якую кажа Лукашэнка? Калі толькі для суправаджэння ў Менск - занадта шчодра атрымліваецца. Калі ўсё ж для захопу і тайнага вывазу, тады ФСБ сапраўды недатычная і складае прэс-рэлізы, каб пазбегнуць абвінавачванняў у наданні свабоды чужым спецслужбам для выкрадання людзей на тэрыторыі Расеі.

Вядома, уся гэтая гісторыя - сведчанне паўраспаду. Лукашэнка сур'ёзна кажа пра склеп у Гомельскай вобласці, куды яго павінны былі разам з сынамі адправіць пасля забойства. Пуцін з Байдэнам абмяркоўваюць гэты склеп праз тэлефон. ЦРУ з ФБР хаваюць рыдлёўкі, а спецслужбы Беларусі і Расеі блытаюцца ў паказаннях. Сур'ёзна каментаваць гэта немагчыма, і хочацца ўсё спісаць на вясну з наступствамі.

Зрэшты, лёгка заўважыць, што ўжо другім разам раскрыццё змоў звязанае з прыездам у Менск расейскага прэм'ера Міхаіла Мішусціна. Калі Мішусцін прыязджаў у верасні мінулага года, Лукашэнка распавёў яму пра перахопленую размову Ніка і Майка — змоўшчыкаў з Варшавы і Берліна, з якога вынікае, што ніякага атручвання Навальнага не было, Мэркель хлусіць, а сам Лукашэнка «апынуўся моцным арэшкам». Нік і Майк імгненна сталі больш папулярнымі за Пятрова і Башырава, пра самога Мішусціна як першага адрасата гэтай сенсацыйнай інфармацыі ўсе імгненна забыліся, а дарма.

Сенсацыйнае выкрыццё гэтай змовы са склепам адбылося адразу пасля візіту Мішусціна ў Менск. Мабыць, Уладзіміру Пуціну варта было б забараніць кіраўніку расейскага ўрада ездзіць у Беларусь. Яшчэ адзін такі візіт з выкрыццём змовы - і ў спецслужбы абедзвюх краін ужо дакладна ніхто ніколі не пойдзе працаваць, каб знаёмыя не засмяялі.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках