29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WSJ апублікавала спадарожнікавыя здымкі расейскіх самалётаў і танкаў на мяжы з Украінай

24
WSJ апублікавала спадарожнікавыя здымкі расейскіх самалётаў і танкаў на мяжы з Украінай
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Расея выглядае гатовай да ваеннага наступу.

The Wall Street Journal апублікавала спадарожнікавыя здымкі, на якіх бачна ўзмацненне расейскіх вайсковых сіл у Крыме. Экспэрты папярэджваюць, што мяркуючы па колькасці тэхнікі, Расея выглядае гатовай да ваеннага наступу, паведамляе сайт тэлеканала «Дождь».

Спадарожнікавыя здымкі былі зробленыя ў перыяд з 27 сакавіка да 16 красавіка кампаніяй Maxar Technologies, якая спецыялізуецца на спадарожнікавых здымках у тым ліку для ўрадаў розных краін. Яе дырэктар Дэн Яблонскі патлумачыў WSJ, чаму пастанавіў апублікаваць фатаграфіі. «Я думаю, гэта здымае некаторыя сумневы аб тым, што напраўду адбываецца ў вельмі неспакойным рэгіёне», - сказаў ён.

На адным са здымкаў, апублікаваных The Wall Street Journal, - авіябаза ў Крыме. На бетоннай узлётнай паласе выбудаваныя ў шэраг некалькі знішчальнікаў Су-30. Гэты здымак быў зроблены 16 красавіка. Яшчэ ў сакавіку знішчальнікаў тут не было, піша WSJ.

На іншых здымках бачны лагер пад Варонежам, куды Расея з канца сакавіка сцягвае войскі. На здымках можна адрозніць гелікаптэры, выведвальныя дроны, мотастралковыя і бранетанкавыя часткі, ваенныя шпіталі, піша выданне.

Былыя і цяперашнія амерыканскія чыноўнікі ў размове з WSJ кажуць, што нарошчванне войскаў на мяжы, а таксама перадыслакацыя з іншых рэгіёнаў краіны бамбавікоў Су-34, Су-30, Су-27, Су-25 і Су-24 закліканыя ўзмацняць палітычны ўплыў Масквы на Украіну.

«Яны [Расея] развярнулі вайскова-паветраныя сілы ў аб'ёме, неабходным для перавагі ў паветры падчас бою і падтрымкі наземных войскаў», - кажа Філіп Брыдлаў, былы афіцэр ВПС ЗША, які знаходзіўся ў вярхоўным камандаванні NATO ў момант далучэння Крыма ў 2014 годзе.

На ягоную думку, фота паказваюць, што расейскія падраздзяленні не маюць намеру наносіць неадкладны ўдар, але ў Масквы ёсць некалькі варыянтаў развіцця падзей.

Дырэктар ЦРУ Уільям Бернс на мінулым тыдні ў Кангрэсе адзначаў, што Расея такім чынам запалохвае ўрад Украіны і пасылае сігнал адміністрацыі Байдэна. «Гэта разгортванне войскаў дасягнула пункта, у якім яно можа перарасці ў ваеннае ўварванне, - сказаў Бернс. - І не толькі ЗША, але і нашым хаўруснікам варта ўспрымаць гэта сур'ёзна».

Афіцыйныя асобы ЗША ацэньваюць колькасць расейскіх войскаў побач з межамі Украіны на 80 тысяч чалавек. На ацэнку прадстаўніка ЕЗ у замежных справах Жазэпа Барэля, гэтая лічба можа дасягаць 100 тысяч. І гэта больш, чым было ў Расеі ў рэгіёне ў момант далучэння Крыма.

Вайсковы чыноўнік ЗША сказаў WSJ, што цяпер расейскія сілы ўключаюць у сябе 48 батальённых тактычных груп, кожная з якіх складаецца з некалькіх сотняў жаўнераў і афіцэраў. «Аднак выведка ЗША яшчэ не выявіла лагістычных магчымасцяў і дапаможных падраздзяленняў, якія могуць быць выкарыстаныя пры сур'ёзнай наступальнай аперацыі супраць Украіны, уключаючы склады боепрыпасаў і шпіталі», - піша WSJ са спасылкай на вайсковую крыніцу.

«Гэта не дэманстрацыя. Гэта падрыхтоўка да буйнога наступу», - кажа прэзідэнт фонду «Патамак» Філіп Карбер, які часта бываў у зоне ваенных дзеянняў ва Украіне. - Я не прагназую напад, але цягам двух тыдняў гэты варыянт для Расеі магчымы».

«Мы не можам выключаць таго, што гэта нарошчванне сіл - інструмент уплыву на Украіну, каб яна адкрыла Паўночна-Крымскі канал, - кажа палітолаг Глен Ховард. - Гэта велізарны патэнцыял, і мы не ведаем, як Расея будзе яго выкарыстоўваць».

Сітуацыя з размяшчэннем вайсковай тэхнікі, аднак, увесь час мяняецца, піша WSJ. Эскадрылля штурмавікоў Су-25, якая на здымках ад сярэдзіны красавіка была заўважаная на авіябазе ў Астрахані, пазней перамясцілася на іншую базу. У нядзелю, паводле звестак ТАСС, Су-25 прыбылі ў Крым.

Адміністрацыя Байдэна рыхтуе захады падтрымкі Украіны, якія, са слоў крыніцы WSJ, знаёмай з сітуацыяй, будуць уключаць пастаўку процітанкавых, супрацькарабельных і супрацьпаветраных сістэм. Але пакуль прэзідэнту ЗША варыянты яшчэ не прадстаўленыя, піша WSJ. Таксама абмяркоўваюцца дадатковыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках