23 красавiка 2024, aўторак, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пераемнік Мэркель: хто стане канцлерам Нямеччыны

4
Пераемнік Мэркель: хто стане канцлерам Нямеччыны
АНАЛЕНА БЕРБАК
ФОТА: EPA

Пазіцыі кандыдата ад Партыі Зялёных выглядаюць даволі моцнымі.

Новым канцлерам Нямеччыны можа стаць сустаршыня «зялёных» Аналена Бербак. На выбарах у Бундэстаг яна стане кандыдатам на пасаду кіраўніка ўрада ад партыі, у якой ёсць шанец яго ўзначаліць.

Асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду канцлера Нямеччыны на гэты момант з'яўляюцца хаўруснік Ангелы Мэркель Армін Лашэт і сустаршыня папулярных «Зялёных» Аналена Бербак.

Кандыдаты, якія маюць рэальныя шанцы ўзначаліць ФРГ ужо гэтай восенню, займаюць супрацьлеглыя пазіцыі ў дачыненні да Расеі. Сайт korrespondent.net расказвае падрабязнасці.

Што чакаць ад наступнага канцлера Нямеччыны

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель пачала свой марудлівы адыход ад улады яшчэ 7 снежня 2018 года, пакінуўшы пасаду кіраўніка кіроўнай партыі Хрысціянска-дэмакратычны Саюз. Тады палітычную сілу ўзначаліла Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр, якую ў прэсе называлі «міні-Мэркель».

У многіх пытаннях, напрыклад, дзеянняў Расеі ў дачыненні да Украіны і расейскага праекта «Паўночны струмень - 2», яна займае больш кансерватыўную і жорсткую пазіцыю. Аднак Крамп-Карэнбаўэр адмовілася ўзначальваць партыю і вылучацца ў канцлеры.

У сярэдзіне студзеня 2021 на з'ездзе ХДС кіраўніком партыі выбралі Арміна Лашэта. Аб яго вылучэнні кандыдатам на пасаду канцлера Нямеччыны стала вядома ў ноч на 20 красавіка, калі больш за 77 адсоткаў чальцоў федэральнага праўлення партыі падтрымалі ягоную кандыдатуру на таемным галасаванні.

Лашэт з'яўляецца адным з нешматлікіх прадстаўнікоў палітычнай эліты Нямеччыны, хто выказваў сімпатыі на адрас расейскага кіраўніцтва.

Так, ён не сумняваецца ў неабходнасці скончыць будаўніцтва «Паўночнага струменю - 2, але ўсумніўся ў датычнасці РФ да атручвання Скрыпалёў.

Пры тым, што Лашэт падтрымлівае санкцыі, уведзеныя праз Крым і Данбас, ён выступае за іх скасаванне адразу пасля «пачатку канструктыўнага развіцця менскага працэсу».

Што да анэксіі Крыма ён адзначаў, што Расея «вядома, парушае міжнароднае права», але трэба ўмець «паглядзець на ўсё вачыма партнёра па дыялогу».

На ягоную думку, Маскву ў Нямеччыне «дэманізуюць» і заклікае шукаць шляхі нармалізацыі з ёй стасункаў, бо «Расея неабходная для развязання многіх міжнародных пытанняў».

Немцам Лашэт вядомы як адданы хаўруснік Мэркель. Ён падтрымліваў канцлерку ў крытычны 2015 год, калі на яе з усіх бакоў сыпалася крытыка праз крызіс мігрантаў. Аднак прамашкі, якія яе ўрад дапусціў падчас барацьбы з пандэміяй каранавіруса, прымусілі Лашэта дыстанцыявацца ад Мэркель.

Ён клянецца сваёй партыі, што імкнецца да мадэрнізацыі і пераменаў. І нагадвае аб свабодзе і адказнасці - як аб падмурку палітыкі хрысціянскіх дэмакратаў.

«Мы можам змяніцца, але ў апошнія гады нам стала занадта ўтульна», - заявіў ён у пачатку выбарчай кампаніі.

У сваіх прамовах, якія вельмі часта маюць поспех у аўдыторыі, Лашэт згадвае аб абароне клімату, цыфравізацыі, залішняй бюракратыі і зарэгуляванасці ў сістэме дзяржкіравання.

Лашэт даўно наладзіў інтэнсіўныя кантакты з Францыяй, а таксама імкнецца ўмацаваць і сувязі са Злучанымі Штатамі.

Як адзначаюць экспэрты, нягледзячы на ягоныя выказванні на адрас Масквы, расейска-нямецкія стасункі застануцца на цяперашнім узроўні.

«Тут многае будзе залежаць ад сістэмных фактараў, такіх як развіццё расейска-еўрапейскіх і нямецка-амерыканскіх стасункаў, камунікацыі з адміністрацыяй Байдэна, развіццё СП-2», - адзначае навуковы супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Інстытута міжнародных даследаванняў МДІМА германіст Арцём Сакалоў.

Варта адзначыць, што пасля абрання старшынём ХДС Лашэт стаў трохі больш стрыманым, напрыклад, палітык заяўляў, што Расея ў многіх дачыненнях з'яўляецца праціўнікам Захаду.

На вераснёўскіх выбарах Арміну Лашэту трэба будзе спаборнічаць з кандыдатам ад адной з самых папулярных партый Нямеччыны «Зялёныя» Аналенай Бербак. Эколагі адстаюць ад кансерватараў усяго на некалькі пунктаў, паказваюць сацыялагічныя даследаванні.

І пазіцыі кандыдата ад Партыі Зялёных выглядаюць даволі моцнымі. Апытанні кажуць, што іх падтрымліваюць амаль 20 адсоткаў немцаў, акрамя таго, высокі асабісты рэйтынг Бербак.

Наперадзе ідзе толькі ХДС з 29-31 адсоткаў галасоў, і толькі следам Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны з 14-15 адсоткаў галасоў. Далей у рэйтынгу ідуць Альтэрнатыва для Нямеччыны (11 адсоткаў), Свабодная дэмакратычная партыя (дзевяць адсоткаў) і Левыя (7-8 адсоткаў).

Мяркуючы з цяперашніх рэйтынгаў, магчымае як фармаванне ўрада з ХДС/ХСС і Зялёных (дзе яны лёгка могуць атрымаць пасаду віцэ-канцлера і міністра замежных спраў), так і Зялёных, Сацыял-дэмакратаў і «Свабодных», дзе кандыдат ад Зялёных можа атрымаць пасаду канцлера.

Аналена Бербак стала другой у гісторыі Нямеччыны жанчынай, якая наважылася балатавацца на пасаду канцлера і мае рэальныя шанцы таксама стаць другой жанчынай, якая заняла гэтую пасаду.

Бербак вядомая сваімі рэзкімі выказваннямі ў стаўленні да Расеі. «З аўтарытарнымі сіламі трэба весці выразную каштоўнасную палітыку і быць прамалінейнымі ў справах», - нагадвае словы палітыка выданне Spiegel.

У адказах у панядзелак на пытанне пра будучыню стасункаў з Масквой Бербак заклікала «быць яснымі па сутнасці, захоўваць дыялог пры адначасовай калянасці».

У пачатку года яна абуралася тым, што Лашэт, які ўзначаліў ХДС, занадта прыязна настроены да Масквы. Тады ж яна раскрытыкавала «Паўночны струмень – 2», заявіўшы, што яго будаўніцтва - «сур'ёзная атака на інтарэсы ў галіне бяспекі, у тым ліку ўсходнееўрапейскіх суседзяў Нямеччыны».

«Гэты газаправод процідзейнічае геастратэгічным інтарэсам еўрапейцаў, ён выразна накіраваны супраць Украіны, супярэчыць еўрапейскім мэтам у абароне клімату і ўсіх санкцый ЕЗ супраць Расеі, і таму гэта абсалютна фатальны праект», - сказала Бербак у лютым 2021 года ў інтэрв'ю тэлеканалу ARD.

За год да гэтага на палях Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы Бербак у інтэрв'ю DW выказалася за захаванне санкцый супраць Расеі праз Украіну. «Санкцыі могуць быць паслабленыя толькі тады, калі будуць зрухі ў мірным працэсе», - сказала тады Бербак.

У верасні Зялёныя спрабавалі правесці ў Бундэстаг рэзалюцыю супраць другой галінкі газаправода ў сувязі з атручваннем расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, але астатнія фракцыі іх не падтрымалі.

Зялёныя ўскладаюць на Маскву адказнасць за абвастрэнне міжнароднай напружанасці, наступ на свабоду слова і прававую дзяржаву і за «агрэсіўную вялікадзяржаўную палітыку».

«Мы мяркуем, што санкцыі можна аслабляць на дакладных умовах, пастаўленых Еўразвязам, і мы гатовыя рабіць больш жорсткімі іх у выпадку неабходнасці. Праект газаправода «Паўночны струмень – 2» павінен быць спынены», - гаворыцца ў кароткім раздзеле праекту перадвыбарчай праграмы Зялёных, прысвечаным Расеі.

Сацыялогія паказвае, што Аналена Бербак больш папулярная за Арміна Лашэта, аднак, на думку многіх палітычных аглядальнікаў, перашкодзіць ёй можа адсутнасць у яе досведу кіраўніцтва чым-небудзь, акрамя партыі.

«Яе галоўны недахоп: яна яшчэ ніколі не займала пасад ва ўладзе. Ёй будзе нялёгка ўгаварыць выбарцаў даверыць ёй адразу самую важную пасаду ў Нямеччыне», - мяркуе газета Frankfurter Allgemeine.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках