20 красавiка 2024, Субота, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва спрашчае пераезд супрацоўнікаў кампаній з Беларусі

Літва спрашчае пераезд супрацоўнікаў кампаній з Беларусі

Амаль 80 беларускіх кампаній ужо пачалі працэс рэлакацыі і пераносу сваёй дзейнасці ў Літву.

Урад Літвы 21 красавіка ўхваліў пакет заканадаўчых паправак, якія палягчаюць пераезд семейнікаў і супрацоўнікаў кампаній з трэціх краін, якія перамяшчаюцца ў краіну поўнасцю або часткова. Папраўкі ініцыяваныя Міністэрствам эканомікі і інавацый, паведамляецца на сайце літоўскага ўраду.

«Каб павысіць нашу канкурэнтаздольнасць, прыцягнуць яшчэ больш замежных інвестыцый і талентаў, мы павінны прапанаваць ім прывабныя ўмовы, - заявіла міністр эканомікі і інавацый Аўшрыне Армонайтэ. - Сярод іх - зручны пераезд супрацоўнікаў і іх сямейнікаў у Літву. Я спадзяюся, што нашы суседзі беларусы таксама скарыстаюцца гэтай магчымасцю, каб бяспечна працягнуць сваю дзейнасць у Літве. Цяпер больш за 100 беларускіх кампаній зацікаўлены ў інвеставанні і пераездзе ў Літву».

Папраўкі да законаў аб інвестыцыях, працаўладкаванні і прававым статусе іншаземцаў дазволяць падаваць заяву на атрыманне віду на жыхарства не толькі высокакваліфікаваным спецыялістам, але і звычайным супрацоўнікам перамешчаных кампаній. Як адзначаецца, служба занятасці «не будзе ацэньваць кваліфікацыю або досвед працы такіх супрацоўнікаў, пытанне аб іх прафпрыдатнасці будзе вырашаць сам інвестар».

Акрамя таго, не будзе ацэньвацца і тое, ці адпавядаюць сямейнікі супрацоўнікаў, што пераязджаюць, патрэбам рынку працы.

Змены датычацца кампаній з трэціх краін, якія ўзялі на сябе абавязанне інвеставаць у Літву 1,45 млн еўра і больш і стварыць не менш за 20 працоўных месцаў.

Сойм Літвы разгледзіць прапанаваныя папраўкі на вясновай сесіі. У выпадку прыняцця яны ўвойдуць у дзеянне 1 чэрвеня гэтага года.

Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага ўрада, «са жніўня мінулага года, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць аўтарытарнага рэжыму, шматлікія кампаніі, заснаваныя ў гэтай краіне ці яе грамадзянамі, пераехалі ў Літву», у тым ліку Epam Systems, Wargaming, Coherent Solutions, Godel Technologies і іншыя.

Паводле звестак агенцтва ў развіцці замежных інвестыцый Invest in Lithuania, амаль 80 беларускіх кампаній ужо пачалі працэс рэлакацыі або актыўна разглядаюць магчымасць пераносу сваёй дзейнасці ў Літву.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках