28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін здзьмуўся?

28
Пуцін здзьмуўся?

Расея адводзіць войскі ад межаў з Украінай праз шэраг аб'ектыўных прычын.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін вымушаны патроху адводзіць войскі ад межаў з Украінай праз шэраг аб'ектыўных прычын, але будзе захоўваць свой "вайсковы вагар" на Данбасе для будучых перамоў.

Крэмль асцерагаецца наступу ўкраінскага войска, таму заяўляе аб "чырвоных лініях". Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, запрашаючы Пуціна правесці перамовы ў кожным пункце Данбаса, наўрад ці разлічваў, што той прыме прапанову. Аднак афіцыйны Кіеў удала "адыграў" тэму эскалацыі з боку РФ.

Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала OBOZREVATEL выказаў прадстаўнік Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе, журналіст Сяргей Гармаш. Далей падаем ягонае выказванне.

Пуціну давядзецца адводзіць узбраенне ад межаў Украіны

Тое, што падчас паслання да Федэральнага сходу Пуцін не згадаў Данбас і нават Украіну, моцна падарве чаканні ягоных прыхільнікаў на акупаванай тэрыторыі і, магчыма, прымусіць іх быць больш згаворлівым на перамоўнай пляцоўцы. Думаю, гэта стане зразумела ўжо найбліжэйшым часам, калі будзе яшчэ адно пасяджэнне падгрупы аб бяспецы.

Але я быў перакананы, што Пуцін не згадае Украіну ў сваім пасланні. Уся энэргія пайшла на дэманстрацыю ўласнай вайсковай сілы. Калі Захад у асобе Злучаных Штатаў пазначыў жорсткую пазіцыю наконт магчымага выкарыстання гэтай вайсковай сілы, Пуцін здзьмуўся.

Цяпер яму застаецца толькі захоўваць твар, трымаць марку і патроху адводзіць ўзбраенне, пакідаючы магчымасць для правакацый на Данбасе. Бо утрымліваць такую колькасць войскаў досыць дорага.

Цалкам абвастрыць сітуацыю ён не можа да перамоў з тым жа Байдэнам. Яму патрэбны гэты вайсковы вагар. Гэта адзін з традыцыйных для расейскай дыпламатыі вагароў уздзеяння на перамовах.

Пуцін баіцца вайсковага вызвалення Данбаса

Пуцін баіцца наступу УСУ на Данбасе і папярэджвае аб "чырвоных лініях"

Кажучы пра "чырвоныя лініі", Пуцін адразу ж пазначыў, што Расея будзе разглядаць у кожным канкрэтным выпадку, што для іх "чырвоная лінія". Гэта трошкі дзіўна. Але я думаю, што ў дачыненні да Украіны гэта будзе тычыцца магчымага наступу на Данбасе. Яны баяцца, што Украіна паспрабуе вайсковым шляхам паводле прыкладу Нагорнага Карабаха вызваліць акупаваную тэрыторыю.

Але пакуль што, на жаль, я не бачу магчымасцяў для вызвалення Данбаса вайсковым шляхам, бо гэта прывядзе да вялікіх чалавечых страт, у тым ліку, магчыма, і сярод мірных жыхароў.

На мой погляд, туды ўсё адно першымі павінны ўвайсці вайскоўцы, але ўвайсці так, каб не было крыві. Для гэтага павінна быць падрыхтавана вельмі сур'ёзная дыпламатычная пляцоўка, павінны быць дамоўленасці ў тым ліку і з Расеяй - пра тое, што яна не будзе ўмешвацца і не развяжа там вайну.

Гэтаму павінна папярэднічаць сур'ёзная інфармацыйная кампанія, у тым ліку аб дэзарыентацыі тых сепаратысцкіх элементаў, якія арыентуюцца на Расею, каб яны выехалі і не супраціўляліся.

Цяпер я не бачу прыкмет падрыхтоўкі Украіны да вайсковага вызвалення гэтай тэрыторыі. Мне здаецца, яна яшчэ неактуальная. Але Пуцін гуляе ў такую гульню, у тым ліку для мабілізацыі свайго электарату напярэдадні выбараў у Дзярждуму.

Калі "Менск" ссунецца з мёртвага пункту?

Нам не трэба перапісваць "Менск". Мяне задавальняе цяперашні тэкст. Пытанне ў тым, што менскі працэс не адпавядае тэксту менскіх дакументаў. Нам трэба вярнуць працэс да тэксту.

Сёння дэ-факта мы вядзём перамовы ў большай ступені не з Расеяй, а з яе марыянеткамі з АРДЛА. Хоць у тых жа Менскіх пагадненнях выразна сказана, што мы з імі ўзгадняем пытанні ўсяго наконт дзвюх тэм: мясцовыя выбары і асаблівасці асобных раёнаў. Хоць не напісана, хто такія прадстаўнікі АРДЛА. Я таксама прадстаўнік АРДЛА.

Асаблівасці асобных раёнаў у нас ужо зацверджаныя ў верасні 2014 года, тут ужо абмяркоўваць няма чаго. Засталася адна тэма - мясцовыя выбары. Але мы з імі абмяркоўваем тэму абмену палоннымі, якую мы павінны абмяркоўваць з Расеяй, бо Расея ў нас прызнаная агрэсарам.

Мы абмяркоўваем з імі эканамічныя пытанні, пытанні бяспекі. Але нам трэба трымаць кантакт з Расеяй, бо ўсё адно яна прымае пастановы. Той бок не прымае пастаноў. Навошта нам дыялог з імі?

Нам трэба вярнуцца да тэксту Менскіх пагадненняў, прымусіць Расею паводзіць сябе не як пасярэднік, а як другі ўдзельнік канфлікту. Калі мы прымусім іх узяць на сябе адказнасць, прымаць пастановы і адказваць за іх перад міжнароднай супольнасцю, тады працэс зрушыцца з мёртвага пункту.

Менскі працэс трэба вярнуць да Менскіх дамоўленасцяў

Я думаю, што наш прэзідэнт не разлічваў, што яму ўдасца выцягнуць туды Пуціна. Гэта ў нейкай меры элемент эпатажу - і для нашай публікі, і для сусветнай супольнасці.

Шчыра кажучы, каманда прэзідэнта вельмі ўдала адыграла гэтую эскалацыю. Магчыма, мы крыху нават перабольшылі значэнне гэтай канцэнтрацыі войскаў. Не такой ужо вялікай яна была. Пасля званка Байдэна было зразумела, што Расея не пойдзе на прамое ўварванне, на прамую эскалацыю.

Аднак мы выкарыстоўвалі гэты момант. Па-першае, для актуалізацыі тэмы Украіны і Данбаса ў сусветных СМІ. Гэта вельмі важна, бо пра вайну ў Еўропе сталі забываць. Па-другое, мы паказалі ўсяму свету, што Пуцін - гэта не проста малпа з гранатай, а небяспечная малпа з гранатай. І гэта прымусіць Захад больш сур'ёзна задумацца аб уздзеянні на Пуціна, паколькі пасля гэтай сітуацыі ён небяспечны ўжо і ім. Гэта стала відавочным.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках