20 красавiка 2024, Субота, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хачу, каб ведалі ўсе: мы сынам ганарымся!»

3
«Хачу, каб ведалі ўсе: мы сынам ганарымся!»

Моцная гісторыя ад маці героя пратэстаў Віктара Акцістава.

Маці палітзняволенага Віктара Акцістава Валянціна працуе настаўніцай матэматыкі ў адной з мінскіх гімназій. Усё часцей раніцамі ёй хочацца патэлефанаваць на працу і сказаць, што выйсці на яе яна не зможа праз уласны боль, піша «Новы Час».

Як жыве маці палітзняволенага, калі некаторыя працягваюць лічыць, што яе сын — злачынца, бо знаходзіцца за кратамі?

Віктар, які сэрцам прысутны дома

У канцы снежня дваццацігадовага Віктара асудзілі на два з паловай гады пазбаўлення волі за тое, што 10 жніўня ён аказаў супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Абскарджванне выраку нічога не дало — і хлопец ужо больш за месяц знаходзіцца ў Магілёўскай калоніі. «Віця ўявіў сябе Дон Кіхотам пэўна, калі вырашыў выратаваць чалавека ад АМАПу, бо заўжды верыў у цуды і справядлівасць, — сумна кажа маці Віктара Валянціна Мікалаеўна. — Той чалавек, за якога ён заступіўся, збег, а Віктар трапіў…»

З Валянцінай Мікалаеўнай мы сустрэліся ў яе здымнай кватэры, дзе яна жыве разам з дачкой Насцяй. Валянціна адразу кажа, што ў гэтую кватэру яны пераехалі хутка і нечакана. З мінулага арэнднага жылля гаспадары папрасілі з’ехаць пасля таго, як там прайшоў ператрус. Пра тое, што іх з Насцяй высяляюць з кватэры, Валянціна даведалася на працы ў момант, калі туды прыйшлі сілавікі. Тады на яе навалілася ўсё: і арышт сына, і магчымае звальненне, і пошукі новага жылля… Яна кажа, што хоць у яе галаве тады і адбывалася нешта незразумелае, але паралельна з выкладаннем матэматыкі ў класе яна складала план дзеянняў. Літаральна за пару дзён сям’я пераехала ў новае жыллё.

Насця па адукацыі дызайнер. Пэўны яна час жыла ў інтэрнатах, таму ствараць утульнасць у памяшканні навучылася. Зрабіла ўтульнай і гэту кватэру. Сям’і хочацца, каб калі Віктар вярнуўся, то адчуў па-сапраўднаму, што ён — дома. Хоць Віктар сам фізічна ніколі не быў у кватэры, для блізкіх ён заўжды тут прысутны.

— На кухні ў нас стаіць канапа, на якой мы збіраем перадачы для Віці, — распавядае Валянціна. — Спачатку, калі перадача была гатовая, мы прыбіралі рэчы, каб на канапе можна было пасядзець. Цяпер рэчы з яе мы ўжо не прыбіраем. Падчас таго, як ходзім па краме і набываем прадукты сабе, усё адно думаем, што набыць і Віцю. Ён у нашай сям’і быў гаспадаром і адказным за бутэрброды. Так, як ён наразае хлеб, не наразае ніхто. Тонка-тонка! А цяпер Віці няма — і нажы ў нас тупыя, няма каму навастрыць…

Муж Валянціны сышоў з сям’і яшчэ ў мінулым годзе. А яшчэ адзін сын яе сын — Дзмітрый — жыве асобна.

«Пабачыла яго — і сціснулася сэрца»

Першае спатканне з Віктарам у Валянціны Мікалаеўны было 31 снежня, адразу пасля суда.

— Пасля спаткання я наогул нічога не хацела: ні бачыцца ні з кім, ні размаўляць, — узгадвае Валянціна. — Якія святы? А пасля прыехала Насця. Мы крыху выпілі шампанскага, якое ўжо даўно ў нас стаяла. Наогул, цяпер Насця мяне ратуе. Бывае, набудзем нешта смачнае, з’ямо — і настрой ужо падымаецца.

Пасля таго, як Віктар падаў заяву на абскарджванне прысуду, яго перавялі з СІЗА на Валадарскага ў Жодзіна.

— Калі яго пераводзілі з Валадарскага ў Жодзіна, я не магла спаць, — узгадвае Валянціна. — Я не ведала гэтага факту, але сэрцам адчувала, што з Віцем адбываецца нешта не тое, бо мяне пастаянна трэсла. Пасля я ўжо даведалася, што менавіта ў той дзень яго этапавалі. Я не ведаю, што Віця там адчуваў, але думаю, што пакутаваў: яго паставілі на ўлік як схільнага да захопу закладнікаў і за непадпарадкаванне адміністрацыі. На свята 23 лютага, калі ён сядзеў у Жодзіна, я перадала яму пернік, на якім было напісана: «Абаронцу Айчыны». А Віця пасля ў лісце распавёў, што калі ён атрымаў перадачу, то гэты пернік ляжаў расколаты на дробныя кавалкі.

Другі раз Валянціна пабачыла сына трэцяга сакавіка ў СІЗА ў Жодзіна. Перад самай адпраўкай у калонію.

— У Жодзінскім СІЗА ён сядзеў перада мной як пабіты сабака, — узгадвае Валянціна. — Я пабачыла яго — і сціснулася сэрца… Уявіце, сядзіць перада мной сын, сагнуты, рукі ззаду ў кайданках, прытым, адну руку прычапілі да кратаў… А перад ім сядзіць мама.

Насця, якая пабачылася з ім праз некалькі дзён пасля гэтага, дадае, што ў Віктара быў жоўты колер твару і вялікія фіялетавыя мяхі пад вачыма. Тады ж, калі Віктар быў у Жодзінскім СІЗА, ён пачаў сябе моцна дакараць. Ён вінаваціў сябе за тое, што зрабіў, і не бачыў у гэтым учынку сэнсу.

Акрамя словаў падбадзёрвання, якія блізкія пастаянна кажуць Віктару, Насця параіла яму маляваць, бо робіць гэта ён прафесійна. Насця падумала, што калі ён будзе заняты справай, у яго не будзе часу думаць пра кепскае. Маці ж у малюнках, што дасылае Віктар, бачыць большае, таму любіць іх расшыфроўваць.

— Ён у нас інтраверт: ціхі, спакойны, мала з кім наогул камунікаваў, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — Я баюся, што з такой павольнасцю яму за кратамі вельмі цяжка. Дый сам ён пра гэта піша. Але ва ўсім ёсць і плюсы: у нечым ён становіцца цяпер больш самастойным.

Лісты з калоніі

Віктар ужо адбыў каранцін у калоніі №15 агульнага рэжыму ў Магілёве. Зусім нядаўна Валянціна стала атрымліваць ад яго лісты.

— Мне стала лягчэй толькі апошнім часам, калі Віцю ўжо ў калонію перавялі. Да гэтага я жыла на аўтамаце: хадзіла, нешта рабіла, а думкі — недзе там… Калі мы атрымалі ад яго першы ліст з калоніі, адчула спакой. Адно бянтэжыць: не ведаю, што пісаць у адказ, бо да чаго не дакранешся — усё, атрымліваецца, палітыка. Пачнеш распавядаць пра працу — палітыка, пра краму — палітыка, пра бацькоў і вучняў — палітыка… Дык я яму на першы ліст напісала яго гараскоп на красавік.

Валянціна ўжо плануе першы прыезд да сына ў калонію. Яна звязалася ў тымі матулямі, дзеці якіх ужо адбываюць там тэрмін: «Нам пішуць, што трэба дачакацца яго званка. Каб сказаў, у якім ён атрадзе. Пасля мы зможам перадаць рэжымную, вітамінную перадачы, асобна можна паслаць па пошце каранцінную перадачу, у якую ўваходзіць цыбуля, часнык, лімон, апельсіны і яблыкі. Вопратку пакуль нам параілі не перадаваць, бо ім выдалі форму».

— Вельмі хачу, каб у Віці ў калоніі трапілася добрая кампанія, каб побач з ім былі тыя людзі, ад якіх ён мог нечаму навучыцца, — дадае Валянціна Мікалаеўна. — Я перакананая, што ён выйдзе адтуль раней, але разумею, што гэта адбудзецца не зараз. Таму да гэтага моманту яму там трэба пражыць так, каб гэта не было пеклам.

«Калі Віця выйдзе…»

— Увесь гэты час, калі Віця за кратамі, я жыву на аўтамаце. Часам падаецца, што няма аніякіх сілаў выходзіць на працу. Але калі прыходзіш, пачынаеш кантактаваць з дзецьмі, то забываешся пра ўсё. Раней я любіла самастойныя працы, бо на іх магла адпачыць. А цяпер не магу трываць іх, бо тады застаюся сам-насам са сваімі думкамі.

Валянціна намагаецца распавядаць пра Віктара іншым. Яна мяркуе, што яго імя мусіць быць навідавоку, каб там, за кратамі, з ім нічога не здарылася. Таксама яна кажа, што далёка не ўсе людзі, якія яе атачаюць, разумеюць, што палітычныя зняволеныя — гэта не злачынцы: «Я хачу, каб ведалі ўсе: мы Віцем ганарымся! Трэба, каб імёны палітзняволеных гучалі паўсюль, каб іх не лічылі крымінальнымі злачынцамі».

— А вы баіцеся страціць працу? — пытаю Валянціна Мікалаеўну.

— Працу настаўніцы матэматыкі? — разгубілася жанчына. — Думаю, што настаўніца матэматыкі сабе працу знойдзе.

Валянціна ўжо набыла слоік вяленых памідораў, якія вельмі любіць Віктар. Яна верыць, што хутка ўсёй сям’ёй яны яе нарэшце адкрыюць.

— Калі Віця вернецца, мы набудзем яму самай смачнай ежы, — усміхаецца матуля. — Ён у нас заўжды вельмі любіў паесці! Хоць ён і любіць самоту, але адразу ж мы навалімся і распытаем пра ўсё… Яго трэба адразу распытваць, пасля ўжо ён распавядаць не будзе, ведаю я яго. Пакажам газеты, артыкулы пра яго… Будзем слухаць яго аповеды. Пасля ён засне, а на раніцу прачнецца і пабачыць сябе ў іншым свеце…

11 траўня Віктар будзе святкаваць свой дваццаць першы дзень народзінаў. «Трымайся, Віця! — кажа маці. — Заставайся такім жа цвёрдым і прынцыповым, не здраджвай сваім перакананням і будзь шчырым перад самім сабою!»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках