19 красавiка 2024, Пятніца, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва гатова дапамагчы Паўночнай Македоніі ў дасягненні сяброўства ў ЕЗ

Літва гатова дапамагчы Паўночнай Македоніі ў дасягненні сяброўства ў ЕЗ

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс кажа, што Літва гатовая дапамагчы Паўночнай Македоніі ў дасягненні сяброўства ў Еўразвязе (ЕЗ), паведамляе delfi.lt.

З ягоных слоў, балканскай краіне, што дамагаецца сяброўства ў Звязе павінны быць карысны досвед Літвы ў справе «перамоў з больш буйнымі дзяржавамі».

«У нас былі выклікі з нашым вялікім суседам Польшчай. Мы іх пераадолелі. Па праўдзе кажучы, з гэтага мы сфармавалі стратэгічнае партнёрства, якое і нам дапамагло ўступіць у ЕЗ і NATO, і адначасова дазваляе абодвум дзяржавам быць больш абароненымі», - сказаў кіраўнік літоўскага дыпламатычнага ведамства на прэс-канферэнцыі ў пятніцу.

Ён сказаў гэта пасля сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Паўночнай Македоніі ў еўрапейскіх справах Ніколам Дзімітравым, які знаходзіўся ў Вільні.

Са слоў міністра, краіны Балтыі ўважаюць як тыя, што знаходзяцца «ў пункце перасячэння цывілізацый», таму Літва добра разумее звязаныя з гэтым «геастратэгічныя, культурныя выклікі».

«Праблемы, з якімі сутыкаецца Паўночная Македонія, нам знаёмыя», - сказаў Г. Ландсбергіс.

У канцы мінулага года Балгарыя заблакавала дыскусіі міністраў ЕЗ пра планы Паўночнай Македоніі далучыцца да Супольнасці.

«Балгарыя не падтрымлівае гэты этап праграмы падрыхтоўкі Паўночнай Македоніі да сяброўства і арганізацыю першай Міжурадавай канферэнцыі. У плане не прымаюцца пад увагу патрабаванні Балгарыі, так што ён не можа быць прыняты», - сказала тады міністарка замежных спраў Балгарыі Кацярына Захар’ева.

Балгарыя выказваецца супраць назвы «Паўночная Македонія». Летась у гэту назву было ўключанае слова «Паўночная», так як Грэцыя не пагадзілася, каб яе паўночны сусед называўся проста «Македонія», так як гэта, на думку Афін, можа абумовіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на грэцкую правінцыю з такой жа назвай.

Балгарыя таксама супраць згадкі македонскай мовы. Сафія патрабуе прызнаць яе рэгіянальным варыянтам балгарскай мовы ці яе дыялектам.

У сваю чаргу, Г. Ландсбергіс у пятніцу сказаў, што Літва цвёрда падтрымлівае «больш хуткае зацвярджэнне праграмы перамоў ЕЗ з Паўночнай Македоніяй». Ён таксама выказаў надзею, што Міжурадавая канферэнцыя з Паўночнай Македоніяй будзе праведзеная «яшчэ ў гэтым паўгоддзі».

«Я сказаў віцэ-прэм'еру, што калі ёсць магчымасць прапанаваць практычную дапамогу, то я б звярнуўся да балтыйскіх калег, з якімі мы фарміруем такое балтыйскае дыпламатычнае трыа, якое можа дапамагчы, выказаць падтрымку або шукаць нейкае пасярэдніцтва ці нейкія дыпламатычныя развязанні», - сказаў кіраўнік МЗС Літвы.

«Думаю, што Паўночная Македонія даказала, што яна - дзяржава, здольная зразумець стратэгічныя выклікі і шукаць кампрамісы, гэта паказвае развязанне пытання з назвай», - дадаў ён.

Н. Дзімітраў сказаў журналістам, што цэніць уклад Балгарыі у справу дасягнення еўрапейскай будучыні Балкан.

«Калі ты здольны бачыць будучыню ў доўгатэрміновай перспектыве і думаць пра яе стратэгічна, то не павінен дапускаць, каб годныя шкадавання адрозненні былі перашкодамі. Еўрапейскі шлях - навучыцца жыць з адрозненнямі і спраўляцца з выклікамі, якія ўзнікаюць з-за гэтага, стратэгічна і па-сяброўску», - сказаў віцэ-прэм'ер Паўночнай Македоніі.

«Некаторыя пытанні не зусім сумяшчальныя з еўрапейскімі каштоўнасцямі. Мы хочам далучыцца да ЕЗ, бо мы таксама бачым ЕЗ як супольнасць каштоўнасцяў. Калі ЕЗ - гэта сям'я, у якой моўная разнастайнасць цэніцца і падтрымліваецца, не варта ўздымаць пытанне пра нашу мову, калі краіна імкнецца да інтэграцыі ў ЕЗ», - дадаў ён.

28 сакавіка мінулага года Паўночная Македонія стала 30-м сябрам NATO.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках