19 красавiка 2024, Пятніца, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анекдатычная сітуацыя: Весткі з беларускіх прадпрыемстваў шакавалі рэжым

47
Анекдатычная сітуацыя: Весткі з беларускіх прадпрыемстваў шакавалі рэжым
Иллюстрационное фото: «Белсат»

Працоўныя выбіраюць нечаканыя для ўладаў формы супраціву.

Эканамічныя эксперты прадаўжаюць канстатаваць нарастанне негатыўных тэндэнцый у беларускай эканоміцы і ў першую чаргу звязваюць іх з палітычным крызісам, піша «Незалежная газета».

Нарастаюць трывожныя чаканні сярод насельніцтва. Калі меркаваць з вынікаў апытання, праведзенага Telegram-каналам KEF (Кастрычніцкі эканамічны форум), больш за 55% мяркуюць, што сітуацыя ў эканоміцы адначасова «дрэнная / вельмі дрэнная» і «хутка / паступова пагаршаецца». З іх 22,8% мяркуюць, што яна «вельмі дрэнная і хутка пагаршаецца». Палітычны крызіс, валютны крызіс і падаражанне імпарту – гэта тыя крызісныя праявы, якія турбуюць рэспандэнтаў. Найбольш згубна ўплываюць на развіццё бізнэсу валютны крызіс, рэпрэсіўныя эканамічныя захады і банкаўскі крызіс.

Раней эксперты канстатавалі, што тэрор – гэта вельмі дорага. Цяпер у аснове ўсіх эканамічных пастановаў ляжыць тэзіс «грошай няма». Улады спрабуюць развязаць яго метадам латання дзірак. Напрыклад, некалькі дзён таму ў Telegram-каналах пісалі, што скончыліся грошы на будаўніцтва метро і працоўным затрымліваюць заробак. У чацвер гэты факт ужо пацвердзіла пракуратура, якая прыйшла з праверкай на сігнал. Толькі пасля гэтага працоўныя атрымалі заробак, аднак, як сцвярджаюць у Telegram-каналах, у ход пайшлі крэдытныя грошы, якіх выстачыла толькі на заробак. Велізарныя пазыкі перад падраднікамі закрываць няма чым, што сведчыць пра праблемы з бюджэтам.

Паводле статыстыкі Мінфіна, дэфіцыт дзяржбюджэту паводле вынікаў двух месяцаў склаў 1,3 мільярда беларускіх рублёў, паводле вынікаў студзеня – яшчэ 500 млн. Як паведамлялася, урад павялічыў ліміт дэфіцыту на гэты год з 4 млрд (2,5% ВУП) да 5,6 млрд дал. (3,5% ВУП). Урад спадзяецца прафінансаваць яго новымі пазыкамі, аднак дзе іх можна ўзяць, незразумела: афіцыйнаму Менску «адмоўлена ад дому» ў асноўных фінансавых арганізацыях. Дарэчы, 1 красавіка стала вядома, што Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) прыпыніў фінансаванне рэканструкцыі аўтадарогі М7 Менск – Ашмяны – мяжа Літвы. Раней на хвалі паляпшэння ўзаемаадносінаў Менска і Брусэля была дамоўленасць пра вылучэнне на гэтыя мэты 110 млн еўра на 29 гадоў.

Нават калі б крэдыторы не адмаўлялі, далейшыя запазычанні становяцца цяжарам для бюджэту. Дзяржаўная пазыка Беларусі ўжо ў параўнанні з пачаткам 2021 года вырасла на 1,7 млрд беларускіх рублёў, або на 2,9%. На 1 сакавіка яна склала 59,5 млрд беларускіх рублёў (блізу 23 млрд дал.), або 38,4% да ВУП. З іх знешняя дзяржпазыка – 18,3 млрд дал. Сёлета яна ўжо не павялічвалася, бо грошай ніхто не дае.

Трывожныя паведамленні паступаюць з прадпрыемстваў. Амаль анекдатычная сітуацыя склалася на Менскім малочным заводзе. Спачатку з'явілася інфармацыя, што адтуль масава звальняюцца супрацоўнікі (блізу 100 чалавек адразу), потым у інтэрнэце з'явіўся дакумент, чаму гэта адбываецца. Ва ўмовах адсутнасці грошай кіраўніцтва пастанавіла зрабіць усіх працоўных «матэрыяльна адказнымі» і спаганяць з іх за перавыдатак сыравіны і матэрыялаў. Звальняюцца тыя, хто не захацеў падпісаць дамову аб матэрыяльнай адказнасці. Пра тое, што іх пераводзяць на чатырохдзёнку, у сацсетках пішуць працоўныя завода лядоўняў «Атлант», Менскага мясакамбіната. Паведамлялася, што ў Віцебску адзін дзень страйкавалі кіроўцы смеццявозаў праз падзенне заробку.

Міжнародныя эксперты таксама прагназуюць беларускай эканоміцы падзенне. Так, Сусветны банк чакае, што ў 2021 годзе ВУП краіны скароціцца на 2,2%. У чацвер стала вядома, што ЗША маюць намер скасаваць мараторый на ўжыванне эканамічных санкцый у дачыненні да прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім»: «Белнафтахім ЗША», «Нафтан», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белшына», «Гродна Азот», «Гроднахімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Полацак-Шкловалакно». Рэч не ў тым, што самі ЗША не будуць з імі працаваць, а ў тым, што для ўсяго свету яны таксічныя. Мараторый, які быў уведзены на этапе паляпшэння стасункаў Менска і Вашынгтона, будзе прыпынены з 27 красавіка, калі ўлады не выпусцяць палітзняволеных і не спыняць рэпрэсіі.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках