МУС пракаментавала смерць самай публічнай супрацоўніцы АМАП
- 7.04.2021, 17:00
- 116,148
Міністэрства маўчала амаль тры месяцы.
9 студзеня 2021 года стала вядома пра смерць 29-гадовай Святланы Скаражонак - супрацоўніцы жаночага ўзвода менскага АМАП, паведамляе «Еўрарадыё».
Толькі 6 красавіка намесніца начальніка аддзела ўправы прафілактыкі галоўнай управы аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Вольга Сакалоўская заявіла, што яна памерла ад хваробы.
Святлане Скаражонак (у яе навуковых працах ужывалася форма «Скаражонак») было 29 гадоў, яна родам з Нясвіжа. Бацька-памежнік у савецкія часы служыў у Афганістане і Туркменістане, маці - культработніца. Святлана была адзіным дзіцем у сям'і.
Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, а пасля прайшла падрыхтоўку ў навучальным цэнтры МУС і ў 2014 годзе стала служыць у АМАПе.
Жаночы ўзвод у менскім АМАПе быў створаны яшчэ ў 2009 годзе. Жанчыны-амапаўцы праводзяць надгляды ў судах, на канцэртах, спартовых турнірах, а таксама патрулююць вуліцы.