19 красавiка 2024, Пятніца, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Плата за выезд: навошта ў Беларусі ўвялі збор за перасячэнне дзяржмяжы

25
Плата за выезд: навошта ў Беларусі ўвялі збор за перасячэнне дзяржмяжы

Першым рэгіёнам стала Гарадзенская вобласць, якая мяжуе з Польшчай і Літвой.

Новы збор пачнуць спаганяць з 1 траўня 2021 года, а аплатнікамі стануць усе кіроўцы, якія перасякаюць мяжу Беларусі на аўтамабілі праз пункты пропуску ў Гарадзенскай вобласці. Кожны выезд за мяжу каштавацьме адну базавую адзінку, што складае 29 беларускіх рублёў (прыкладна 9 еўраў у пераліку), паведамляе dw.com.

Грошы пойдуць на барацьбу з COVID-19?

Уводзіць такі збор мясцовым уладам у Беларусі, абласным саветам дэпутатаў, дазваляе абноўлены Падатковы кодэкс, які набыў моц з 1 студзеня 2021 года. Пры гэтым сума самога збору не павінна перавышаць тры базавыя адзінкі - 87 беларускіх рублёў (амаль 28 еўраў). Плаціць давядзецца пры выездзе з Беларусі ў краіны ЕЗ і ва Украіну: на Расею такі тып падатку не распаўсюджваецца.

Ад выплаты збору вызваляюцца некалькі катэгорый асоб, сярод іх удзельнікі і інваліды вайны, інваліды I і II групы, ліквідатары наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, не будуць плаціць збор тыя, хто выязджае на пахаванне сямейнікаў і блізкіх сваякоў, а таксама на лячэнне ў санаторна-курортныя ўстановы. Усе яны павінны мець пры сабе пацвярджальныя дакументы.

Афіцыйна дэкларуецца, што сабраныя сродкі пойдуць «на папярэджанне і барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй». Менавіта так абгрунтавалі пастанову аб увядзенні мясцовага збору ў Гарадзенскім аблсавеце дэпутатаў. Ён будзе спаганяцца да 1 студзеня 2023 года. Як з іроніяй заўважаюць мясцовыя жыхары, цяпер дакладна вядома, калі ў Беларусі справяцца з каранавірусам.

У Берасці наважылі пачакаць

У яшчэ адным рэгіёне на захадзе Беларусі - у Берасцейскай вобласці - мясцовы збор пры выездзе за мяжу пакуль не ўводзілі. Як паведаміў старшыня аблсавета дэпутатаў Юрый Наркевіч, «гэтае пытанне пакуль што вывучаецца, і найбліжэйшым часам прымаць пастанову не плануем».

Берасцейскія чыноўнікі не ўтойваюць, што хацелі б спачатку ацаніць, наколькі эфектыўным выявіцца ўведзены ў Гарадзенскай вобласці збор. Ён тычыцца кіроўцаў транспартных сродкаў, максімальная вага якіх не перавышае 5 тон. Фактычна пад гэтую норму падпадаюць усе легкавыя аўтамабілі. Варта таксама сказаць, што Берасцейская вобласць мяжуе не толькі з адной з краін Еўразвязу (Польшчай), але і з Украінай.

Украінскі кірунак асабліва запатрабаваны ў летні сезон, да пандэміі адпачынак на моры ва Украіне ўважаўся для беларусаў за бюджэтны і не патрабаваў наяўнасці шэнгенскіх віз. Аднак праз эпідэміялагічную сітуацыю наўрад ці варта разлічваць, што ў 2021 годзе, як і год таму, грамадзяне Беларусі масава адправяцца на ўкраінскія курорты на ўласных аўтамабілях.

Зварот з заклікам не ўводзіць збор

Тым часам актывісты берасцейскай грамадскай арганізацыі «За свой горад» наважылі сабраць подпісы мясцовых жыхароў пад зваротам да дэпутатаў, каб тыя не ўводзілі збор пры перасячэнні мяжы на аўтамабілі.

У звароце гаворыцца, што цягам сваёй тысячагадовай гісторыі цяперашняя тэрыторыя Берасцейскай вобласці ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі, у якіх адсутнічалі межы з суседнімі рэгіёнамі сучасных Польшчы і Украіны. На думку аўтараў ініцыятывы, устанаўленне дадатковага збору будзе перашкаджаць культурнаму і эканамічнаму развіццю берасцейскага рэгіёна, а таксама абмяжоўваць жыхароў вобласці ў рэалізацыі канстытуцыйнага права - свабодна пакідаць краіну.

Як паказала кіраўніца аналітычнага цэнтра арганізацыі «За свой горад» Ганна Канюс, «Падатковы кодэкс надае дэпутатам аблсавета права ўводзіць мясцовы збор за перасячэнне мяжы, але не абавязвае іх гэта рабіць». Са слоў актывісткі, пад зваротам сабрана больш за 3 тысячы подпісаў, і ёсць надзея, што дэпутаты ўлічаць інтарэсы грамадзян і грамадскую думку жыхароў рэгіёну.

Калі мяжа ўсё адно закрытая

Пакуль жа сітуацыя на мяжы Беларусі сведчыць аб тым, што асаблівага папаўнення казны за кошт новага збору чакаць не даводзіцца. З 21 снежня 2020 года дзейнічае пастанова беларускага ўрада, згодна з якой для грамадзян краіны фактычна ўведзеная забарона на выезд праз наземныя пункты пропуску на мяжы з краінамі ЕЗ і Украінай. Афіцыйнай прычынай такіх захадаў таксама названая барацьба з распаўсюджваннем каранавіруса.

Такім чынам, цяпер пакінуць Беларусь не паветраным шляхам могуць толькі некаторыя катэгорыі яе грамадзян. Напрыклад, гэта можна тым, у каго ёсць дазвол на жыхарства ў іншай дзяржаве, хто вучыцца або працуе за мяжой, а таксама выязджае ў камандзіроўку, на лячэнне або на пахаванне блізкага сваяка. Усе гэтыя падставы трэба пацвярджаць дакументальна. Увядзенне названых абмежаванняў на выезд прыкметна скараціла колькасць міжнародных аўтобусных рэйсаў з аўтавакзалаў Берасця і Гародні ў накірунку Польшчы, Літвы і Украіны, а чыгуначныя злучэнні з гэтым краінамі былі прыпыненыя яшчэ ў сакавіку 2020 года - у першую хвалю COVID-19.

Пры гэтым пастанова ўрада Беларусі носіць бестэрміновы характар, аб тэрмінах яго дзеяння не ведаюць ні ў памежнай структуры, ні ў транспартных арганізацыях. Хоць лагічна было б выказаць здагадку, што ініцыятыва мясцовых уладаў па ўвядзенні збору за перасячэнне мяжы здольная даць эфект толькі ў выпадку зняцця ўсіх абмежаванняў на паездкі беларусаў за мяжу.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках