29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-кіраўнік Нацбанка: Лукашэнка правільна асцерагаецца перавароту з боку сілавікоў

21
Экс-кіраўнік Нацбанка: Лукашэнка правільна асцерагаецца перавароту з боку сілавікоў
СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ

Маладое пакаленне павінна сказаць сваё слова.

Пра гэта заявіў у каментары сайту belaruspartisan.by былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

– Як вы ацэньваеце гэты этап гісторыі Беларусі? Яшчэ нядаўна быў грамадскі ўздым, а цяпер разглядаюцца тысячы крымінальных справаў у дачыненні да пратэстоўцаў.

– Так, мы бачым поўны рэгрэс. Я мяркую, у Беларусі цяпер усталяваны таталітарны рэжым. Узровень рэпрэсій зашкальвае. Надзеі на хуткае аздараўленне сітуацыі ў краіне ў мяне няма.

І ўсё ж такі я захоўваю аптымізм. Мяркую, што рэжым не можа праіснаваць у цяперашнім стане доўгі час. У яго няма будучыні.

У мяне надзея на моладзь. Маладое пакаленне павінна сказаць сваё слова – у тым ліку сярод улады, МУС, КДБ і іншых сілавых структураў. Там жа працуюць не толькі тыя прахвосты, якіх нам паказваюць на тэлевізіі.

Упэўнены, што там маса нармальных, адукаваных, культурных людзей. Яны затаіліся, але з часам яны павінны праявіць сябе.

– Чаму не атрымалася змяніць уладу ў жніўні-верасні летась?

– У людзей была надзея на тое, што рэжым больш рацыянальны, чым ён ёсць. Народ думаў, што калі Лукашэнка пабачыць, што застаўся без ягонай падтрымкі, то сам сыдзе ў адстаўку.

Але калі наш народ аказаўся еўрапейскім, то ўлада азіяцкай. Таму еўрапейскі сцэнар «аксамітнай рэвалюцыі» не спрацаваў.

Калі б быў хоць невялікі націск з боку Расеі (і значна больш моцны з боку Захаду), то, думаю, улада не ўтрымалася б. Таму невялікая надзея ў гэтым плане яшчэ застаецца: што ў Расеі будзе мяняцца структура ўлады і што Байдэн у ЗША распачне больш сур'ёзныя крокі ў абарону дэмакратыі, правоў і свабодаў чалавека.

– Вы сказалі пра надзеі на маладое пакаленне ў сілавых структурах. А што думаеце пра іх кіраўнікоў?

– Яны трымаюцца за сваё месца пад сонцам. Але я не думаю, што яны думаюць таксама як Лукашэнка. Яны па-іншаму ацэньваюць сітуацыю і, напэўна, разумеюць, што Лукашэнка – гэта ўчорашні дзень.

Лукашэнка ўвесь час мяняе кіраўнікоў сілавых структураў – праз страх, што яны аб'яднаюцца і пойдуць на пераварот. І я мяркую, што ён правільна думае.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках