25 красавiка 2024, Чацвер, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цукровая галіна Беларусі стаіць перад цьмянай будучыняй

8
Цукровая галіна Беларусі стаіць перад цьмянай будучыняй

Што стала вядома з фінансавых справаздачаў галоўных заводаў?

У нашай краіне ёсць 4 валаўтваральныя арганізацыі цукровай галіны – гэта Слуцкі цукрарафінадны камбінат, Жабінкаўскі цукровы завод, Скідзельскі цукровы камбінат і Гарадзейскі цукровы камбінат. З чатырох прадпрыемстваў два размешчаныя ў Менскай вобласці (Слуцк і Гарадзея), астатнія ў Берасцейскай (Жабінка) і Гарадзенскай (Скідзель), паведамляе banki24.by.

Магутнасці ўсіх прадпрыемстваў з лішкам перакрываюць унутраны рынак Беларусі. Таму для галіны жыццёва важна забяспечваць пэўныя аб'ёмы экспарту. Так, за 2020 год экспарт цукру з РБ склаў 151,8 млн USD у эквіваленце (супраць 109,9 млн USD у 2019-м). У 2020-м было вывезена з краіны 445,2 тыс. тонаў (супраць 278,2 тыс. тонаў за 2019-ы). Пры гэтым вытворчасць цукру ў Беларусі за 2020 год склала 572,7 тыс. тонаў, што на 10,4% менш, чым у 2019-м.

У мінулыя гады праз неспрыяльную коштавую кан'юнктуру на сусветным і рэгіянальным цукровым рынку неаднаразова ўводзілася коштавае рэгуляванне. Дзяржорганы забаранялі прадаваць цукар у розніцу менш за пэўны мінімальны кошт. Чыноўнікі тлумачылі гэта падтрымкай айчыннага вытворцы.

У цукравыробных рэгіёнах Украіны і Расеі лепшыя прыродна-кліматычныя ўмовы для вырошчвання цукровых буракоў. Гэта аўтаматычна робіць іх прадукт больш канкурэнтаздольным, чым беларускі.

Коштавае рэгуляванне дазволіла павялічыць дзель айчыннай прадукцыі на паліцах крамаў. Паводле звестак статорганаў, удзельная вага цукру з Беларусі ў фізічных аб'ёмах продажаў гандлю ў 2019 годзе склала 85,4%, у 2020-м – ужо 93,2%.

Аднак фінансавыя справаздачы 3 з 4 цукровых заводаў пакуль не дэманструюць радыкальных зменаў да лепшага. Аўдытары справаздачаў за 2020-ы Жабінкаўскага цукровага завода, Скідальскага цукровага камбіната і Гарадзейскага цукровага камбіната выказаліся ідэнтычным чынам – дакументы ўтрымліваюць падраздзел «істотная нявызначанасць у дачыненні да бесперапыннасці дзейнасці».

На думку аўдытара справаздачы Гарадзейскага цукровага камбіната, прадпрыемства «мае нездавальняльную структуру бухгалтарскага балансу» і «кароткатэрміновыя абавязальніцтвы перавышаюць кароткатэрміновыя актывы».

Нездавальняльная структура бухгалтарскага балансу разам з перавышэннем кароткатэрміновых абавязальніцтваў над актывамі таксама адзначаецца пры аўдыце справаздачаў Жабінкаўскага цукровага завода і Скідзельскага цукровага камбіната. Паказнікі Скідальскага цукровага камбіната «сведчаць пра неплацежаздольнасць, якая набывае ўстойлівы характар».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках