25 красавiка 2024, Чацвер, 15:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт – аб папраўках у Крымінальны кодэкс: Яны не вартыя нават той паперы, на якой напісаныя

10
Экспэрт – аб папраўках у Крымінальны кодэкс: Яны не вартыя нават той паперы, на якой напісаныя
Фота: «Белсат»

Незалежны прафсаюзны лідар раскрытыкаваў ухваленыя «палатачнікамі» прапановы Саўміна

Прапанаваныя Саўмінам змены ў працоўным заканадаўстве былі адобраныя дэпутатамі ў першым чытанні. Спіс падстаў для звальнення работнікаў пашырыўся: скасаваць працоўную дамову наймальнік зможа, у тым ліку, за «адсутнасць на працы ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага арышту», а таксама заклікі да страйку і ўдзел у ім.

– Да чаго мы ідзем? Амаль прыйшлі да канцлагера, і толькі афармляем дакументы, - адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргей Антусевіч. – У нармальнае разуменне працоўных дачыненняў такія папраўкі не ўпісваюцца.

Мы сапраўды раней мелі ў Беларусі такую судовую практыку, што адміністрацыйны арышт не з'яўляўся прагулам, але на яго, натуральна, не налічваўся заробак, адпускныя, прэміі і гэтак далей. Я глядзеў прававую базу, там прадугледжаны нават асаблівыя адзнакі ў табелі работніка аб тым, дзе ён знаходзіўся, г.зн., што адбываў адміністрацыйны арышт.

Калі змены накіраваныя супраць людзей, якія ўдзельнічаюць у масавых пратэстах, якія трапляюць пад адміністрацыйны арышт і будуць пасля звольненыя – тут зразумелая логіка ўладаў, што яны збіраюцца такім чынам звольніць усіх нязгодных. Але ж падстаў для арышту мноства: гэта можа быць і хуліганства, і затрыманне ў п'яным выглядзе або бойка – вельмі шмат розных прычын трапіць пад арышт. З гэтым як?

Я разумею страх гэтай улады, імкненне прывесці ўсё да такіх умоў, каб усе баяліся і строем хадзілі на працу і з працы і нават не падумвалі зрабіць крок налева або направа. Але на практыцы, паўтаруся, мы сапраўды афармляем дакументы і ператвараем краіну калі не ў канцлагер, то ў працоўны лагер.

...Гледзячы на папраўкі, напрыклад, у Кодэкс аб адукацыі, я не ведаю, што наогул адбываецца ў галовах дэпутатаў, які разумовы апарат працуе. Зразумела, што там наогул няма слова «супраць», але якія думкі ўзнікаюць у людзей, якія прымаюць такія папраўкі да законаў?

- На ваш погляд, ці змогуць супрацьстаяць гэтаму незалежныя прафзвязы, юрысты, ці ўжо практычна няма рычагоў процідзеяння?

- Калі гэтыя папраўкі становяцца законам, на жаль, у нас мала механізмаў. Можам толькі канстатаваць, што гэтыя законы былі прынятыя без узгаднення з астатнімі партнёрамі. Ніхто праект змяненняў у Працоўны кодэкс нам не прадстаўляў і з намі не абмяркоўваў.

Гэта выглядае даволі дзіўна, бо такія рэчы абавязкова павінны прымацца пасля кансультацый з прафзвязамі. Магчыма, нешта можа сказаць на гэты конт ФПБ. Але нас дакладна ніхто нават не пытаўся, якім чынам выходзіць з гэтай сітуацыі, калі яна патрабуе прававога ўрэгулявання, або калі новая рэальнасць патрабуе змяненняў у Працоўным кодэксе, то што гэта павінны быць за змены.

Калі ў нас былі папярэднія вялікія спрэчкі аб Працоўным кодэксе, аб імплементацыі ў яго 29 і 5 дэкрэта, то была хоць бы бачнасць дыялогу Мінпрацы, якое ўнесла гэтыя папраўкі, урада, Федэрацыі прафсаюзаў БКДП. Мы доўга абмяркоўвалі гэтую тэму, і папраўкі ляжалі ў парламенце больш, чым два гады, іх не наважваліся разглядаць. А тут толькі ўнеслі папраўкі, і за тыдзень ужо прынялі ў першым чытанні. Відавочна, што гатовыя прыняць як мага хутчэй.

...Што тычыцца забастовак, там усё зразумела. Ну, прапісалі яшчэ раз, што нельга выстаўляць палітычныя патрабаванні пры правядзенні забастовак. Але тое, што напісана ў тэксце і тое, што ў нас было, ніяк не суадносіцца – закон, прававыкарыстальная практыка і рэальнае жыццё разыходзяцца ў нас занадта далёка.

- Звольніць чалавека змогуць не толькі за заклік або ўдзел у страйку, але і за «іншыя формы адмовы работніка ад выканання працоўных абавязкаў (поўнасцю або часткова) без уважлівых прычын». Пад такую фармулёўку, пры жаданні, можна падвесці што заўгодна.

- У прынцыпе, так. У нас ужо былі выпадкі, калі, напрыклад, на «Гродна Азоце» чалавек адмаўляўся прымаць змену праз загазаванасць на працоўным месцы, а яго палічылі «ўхілістам» і сказалі, што прыйдзе на гэтае месца іншы чалавек, для якога будзе ўсё нармальна.

Наогул, чалавек мае права адмовіцца ад працы, калі яна пагражае яго здароўю і бяспецы, калі працоўнае месца не адпавядае патрабаванням аховы працы.

Але ў такой сітуацыі, з улікам прынятых паправак, атрымліваецца як у войску: што трэба спачатку выканаць незаконны загад, а потым яго спрабаваць апратэстоўваць. Гэта выглядае, вядома, агідна.

Мы дакаціліся да такой сітуацыі, калі чакаць нейкай лібералізацыі, паслаблення ад гэтай улады наўрад ці варта. Тое, што такім чынам «закручваюць гайкі» - мы ўжо бачылі, да чаго прыводзіць такая палітыка, калі народ не гатовы і не хоча трываць гэта.

Пратэст прадаўжаецца, у тым ліку на працоўных месцах. І мы бачым толькі частку айсберга - стачкамы, а ёсць яшчэ нябачная, падводная частка - усе тыя людзі, хто нават без уступлення ў стачкамы, адмаўляюцца працаваць ва ўмовах, калі парушаюцца элементарныя правілы аховы працы. Змены накіраваныя ў тым ліку супраць іх, каб прымусіць працаваць на няспраўным ці дрэнна дзейным абсталяванні, умоўна кажучы, на машыне без тармазоў.

Адзін чалавек сказаў, што «часам не да законаў». Гэтую цытату я апошнім часам часта ўжываю, напэўна, і ў гэтым выпадку яна будзе дарэчная, бо мы ўжо практычна прыйшлі да таго пункта, калі нікому нідзе будзе не да законаў, і тое, што будзе напісана, не будзе каштаваць нават той паперы, на якой яно напісана.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках