25 красавiка 2024, Чацвер, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У Беларусі адукацыя - не развіццё чалавечага патэнцыялу, а яшчэ адна галіна народнай гаспадаркі»

14
«У Беларусі адукацыя - не развіццё чалавечага патэнцыялу, а яшчэ адна галіна народнай гаспадаркі»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Экспэрт пракаментаваў канцэпцыю развіцця адукацыі ад уладаў.

Мінадукацыі прапанавала вынесці канцэпцыю адукацыі ў Беларусі на грамадскае абмеркаванне. Дакумент аб развіцці сістэмы адукацыі да 2030 года будзе размешчаны на сайце міністэрства, і кожны ахвочы зможа выказаць свае прапановы і заўвагі, піша сайт «Салiдарнасць».

- У мяне вельмі і вельмі насцярожанае стаўленне да цяперашняга міністэрства адукацыі, - адзначыў на «Прымусе» экспэрт у маркетынгавых камунікацыях Аляксей Колб. - Яно з'явілася, калі паўстала неабходнасць і цікавасць атрымаць электронныя версіі існых падручнікаў, запампаваць іх дзіцяці ў планшэт, каб ён не цягаў з сабой 12-кілаграмовы заплечнік у школу кожны дзень.

Калі я зайшоў на сайт міністэрства, выявілася, што там ёсць гэтыя падручнікі, але спампаваць іх можна толькі пры падачы медыцынскай даведкі аб тым, што ў вашага дзіцяці ўжо ёсць парушэнні апорна-рухальнага апарата - скаліёз, лардоз, кіфоз і г.д. Але пакуль яно (дзіця) здаровае - у вольным доступе гэтых падручнікаў няма...

Праграма да 2030 года - што там можа быць напісанае? Вельмі складана прагназаваць развіццё сістэмы адукацыі цяпер, тым больш да 2030-га года. Памяняецца радыкальна ўсё.

Ужо, калі казаць аб бізнэсе, акрамя дзяржкарпарацый вельмі мала хто пытаецца ў супрацоўніка, які ў яго дыплом - усе пытаюцца пра навыкі, кампетэнцыі, кваліфікацыі. Усім нецікава, дзе ты вучыўся, цікава, што ты ўмееш рабіць і якую задачу ў маім бізнэсе ты зможаш вырашыць. Таму казаць, маўляў, мы цяпер запраектуем развіццё сістэмы адукацыі на 9 гадоў наперад - хутчэй за ўсё, гэта напісана, каб апраўдаць уласнае існаванне.

...Калі нават у Нямеччыне адукацыя ў ВНУ бясплатная, то што казаць пра Беларусь? Будзем мы тут вучыць туркменаў, узбекаў, таджыкаў, можа быць, сенегальцаў. Для Беларусі адукацыя - гэта не развіццё чалавечага патэнцыялу, а яшчэ адна галіна народнай гаспадаркі, якая павінна планава прыносіць грошы ў бюджэт.

Я з цікавасцю пазнаёмлюся з канцэпцыяй развіцця, але, думаю, там будуць гэтакія валавыя паказчыкі: адкрыць столькі ўніверсітэтаў у раённым горадзе, забяспечыць паступленне прыбытку ад платных адукацыйных паслуг у суме не меншай, чым ***, і іншыя - нават не неалагізмы, а «аблагізмы».

Нагадаем, на днях дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзелі ў першым чытанні новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, у якой таксама шмат спрэчных пунктаў.

Акрамя таго, як паведамляе тэлеграм-канал Мінадукацыі, неўзабаве будзе зацверджаная Саветам міністрам стратэгія дзяржаўнай моладзевай палітыкі да 2030 года, а проста цяпер «распрацоўваецца праект дзяржаўнай праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва, які ў наступным пройдзе шырокае грамадскае абмеркаванне».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках