24 красавiка 2024, Серада, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Некалькі простых парадаў, як захаваць добры зрок

1
Некалькі простых парадаў, як захаваць добры зрок

Адна з парадаў – насіце сонцаахоўныя акуляры.

Вашы вочы – важная частка вашага здароўя. Вы можаце зрабіць шмат рэчаў, каб захаваць іх здаровымі. Выконвайце гэтыя простыя парады для захавання здароўя вачэй у будучыні, піша сайт medicina.ua.

Паўнавартасны агляд вачэй з пашырэннем зрэнкі. Вы можаце меркаваць, што зрок у вас добры і ў вас цалкам здаровыя вочы, але толькі візіт да афтальмолага, дзе будзе праведзены комплексны агляд вачэй з пашырэннем зрэнкі – гэта адзіны спосаб пераканацца ў гэтым. Акрамя таго, шматлікія захворванні вачэй, як глаўкома, дыябетычная рэтынапатыя і ўзроставая дэгенерацыя макулы, часта не маюць папераджальных прыкметаў. Агляд вачэй з пашырэннем зрэнкі – адзіны спосаб выявіць гэтыя захворванні на ранніх стадыях.

Для таго каб пашырыць зрэнкі, спецыяліст закропвае адмысловыя кроплі і праводзіць старанны агляд сятчаткі. Пашыраная зрэнка патрэбная для праходжання большай колькасці светлавых прамянёў – гэтак сама, як адчыненыя дзверы прапускаюць больш святла ў цёмны пакой. Менавіта пры пашыранай зрэнцы кола агляду сятчаткі значна павялічваецца, што дазваляе вашаму спецыялісту добра агледзець сятчатку і выявіць прыкметы пашкоджання цi захворвання. Афтальмолаг – адзіны, хто можа вызначыць, ці здаровыя вашыя вочы і якім чынам можна палепшыць вастрыню зроку.

Даведайцеся гісторыю захворванняў вачэй сваёй сям'і. Пагутарыце з вашымі сямейнікамі пра іх гісторыі захворванняў вачэй. Важна ведаць, ці не было ў кагосьці дыягнаставана вочных захворванняў, паколькі многія з іх спадчынныя. Гэтая інфармацыя дапаможа вызначыць, ці ёсць у вас рызыкі развіцця таго ж вочнага захворвання.

Збалансаванае харчаванне дапаможа падтрымаць здароўе вачэй. Вы чулі, што морква карысная для вачэй. Але менавіта збалансаванае харчаванне, багатае на садавіну і гародніну – асабліва ліставую зеляніну, кшталту шпінату і капусты кейл, мае важную ролю для захавання здароўя вачэй. Даследаванні таксама паказалі, што ўжыванне рыбы з высокім утрыманнем тлустых кіслотаў амега-3, як ласось, тунец і палтус, прыносіць карысць для здароўя вачэй.

Падтрымлівайце здаровую вагу цела. Залішняя вага або атлусценне павялічвае рызыку развіцця дыябету і іншых сістэмных захворванняў, што можа прывесці да значнага незваротнага зніжэння зроку, напрыклад пры дыябетычнай рэтынапатыі або глаўкоме. Калі ў вас узнікаюць праблемы з лішняй вагой, пагутарыце са сваім лекарам.

Насіце ахоўныя акуляры. Надзявайце ахоўныя акуляры падчас заняткаў актыўнымі відамі спорту. Сродкі для абароны вачэй уключаюць у сябе ахоўныя акуляры, ахоўныя маскі для вачэй, ахоўныя экраны, спецыяльна распрацаваныя для абароны ад магчымых траплянняў ў вочы любых часцінак падчас дзейнасці, якой вы займаецеся. Большасць ахоўных лінзаў для акуляраў вырабляюцца з полікарбанату, які ў 10 разоў трывалейшы за іншыя пластмасы. Такія акуляры можна набыць у оптыцы, крамах спартовых тавараў і да т.п.

Кіньце паліць, а яшчэ лепш – ніколі не пачынайце. Паленне гэтак сама шкодзіць здароўю вачэй, як і астатнім органам. Даследаванні паказваюць, што паленне значна павышае рызыкі развіцця ўзроставай дэгенерацыі макулы, катаракты і пашкоджання зрокавага нерва – захворванняў, якія могуць прывесці да слепаты.

Будзьце стыльнымі і насіце сонцаахоўныя акуляры. Сонцаахоўныя акуляры – выдатны модны аксэсуар, але іх галоўная праца – абараніць вочы ад ультрафіялетавых прамянёў сонца. Набывайце толькі тыя сонцаахоўныя акуляры, якія блакуюць ад 99 да 100 працэнтаў ультрафіялетавых прамянёў абодвух спектраў: UV-A і UV-B.

Давайце вачам адпачыць. Калі вы праводзіце шмат часу за кампутарам ці засяроджваецеся на чымсьці адным, вы часам забываецеся міргаць, і вашы вочы могуць стамляцца. Паспрабуйце правіла 20–20–20: кожныя 20 хвілінаў адводзьце погляд на 20 футаў (6 метраў) перад сабой цягам 20 секундаў. Гэтае кароткае практыкаванне дапаможа паменшыць перанапружанне вачэй.

Мыйце рукі пры любых маніпуляцыях з кантактнымі лінзамі. Каб унікнуць заражэння, заўсёды старанна мыйце рукі перад надзяваннем або здыманнем кантактных лінзаў. Абавязкова дэзынфекуйце кантактныя лінзы ў адпаведнасці з інструкцыямі і своечасова змяняйце іх у адпаведнасці з тэрмінам эксплуатацыі.

Паклапаціцеся пра бяспеку вока на працоўным месцы. Працадаўцы павінны ствараць бяспечны працоўны асяродак. Калі ахоўныя акуляры патрэбныя для бяспечнай працы на працоўным месцы, стварыце сабе звычку ўвесь час іх насіць і заахвочвайце сваіх калегаў рабіць тое самае.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках