20 красавiка 2024, Субота, 3:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты Сусветнага банка расказалі, што будзе з эканомікай Беларусі

9
Экспэрты Сусветнага банка расказалі, што будзе з эканомікай Беларусі

Прагноз значна адрозніваецца ад сітуацыі ў рэгіёне.

Сусветны банк прагназуе даволі імклівае аднаўленне эканомік рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў выніку паступовага скасавання абмежаванняў, выкліканых эпідэміяй каранавіруса, і дзяржаўнай падтрымкі пацярпелых ад наступстваў пандэміі галін. Эканоміка рэгіёну, з прагнозаў эканамістаў Сусветнага банка, вырасце на 3,6% у 2021 годзе і на 3,8% у 2022м, вось толькі беларускую эканоміку ў гэтым годзе чакае спад на 2,2%, рэцэсія, а ў перспектыве, магчыма, слабае аднаўленне, піша выданне «Белорусы и рынок».

Усё большае значэнне на фоне пандэміі набывае эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, асабліва з улікам таго, што дзяржаўныя выдаткі ў краінах рэгіёну даходзяць да 40% ВУП. «Аднак па меры таго, як дырэктыўныя органы спрабуюць справіцца з кароткатэрміновымі наступствамі для здароўя, адукацыі і эканомікі, яны павінны выкарыстоўваць усе магчымасці для развязання доўгатэрміновых задач падвышэння прадукцыйнасці, стварэння больш дынамічнага прыватнага сектара, паляпшэння інстытутаў і пераходу да больш экалагічнай і нізкавугляроднай вытворчасці» , - падаецца ў аглядзе цытата з выступу віцэ-прэзідэнта Сусветнага банка Еўропы і Цэнтральнай Азіі Ганны Б’ердзе.

«Незакончаны пераход Беларусі да рынкавай эканомікі абцяжарвае яе нізкавытворчым сектарам дзяржаўных прадпрыемстваў з высокай дзеллю пазыковых сродкаў, слабым і далярызаваным банкаўскім сектарам. Існуе моцная залежнасць ад экспарту сыравінных тавараў. Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, крэдыты, узятыя буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, часам з сумнеўнай здольнасцю абслугоўвацца своечасова, за апошнія некалькі гадоў складалі ў сярэднім 14% ВУП. Улічваючы абясцэненне замежнай валюты, дзель дзяржаўнай запазычанасці ў ВУП будзе расці», - гаворыцца ў рэгіянальным аглядзе Сусветнага банка, апублікаваным 30 сакавіка.

У мінулым годзе ВУП знізіўся на 0,9%. Краіна не ўпала глыбока ў рэцэсію толькі таму, што ўвесь мінулы год дзяржава і дзяржаўны сектар імкліва нарошчвалі абавязкі. «У 2020 годзе адсутнасць абмежаванняў на мабільнасць і палёгка крэдыту для дзяржаўных прадпрыемстваў прадухіліла больш глыбокую рэцэсію, у той час як патрэба ў замежным фінансаванні была задаволеная за кошт скарачэння рэзерваў і пазыковага фінансавання», - гаворыцца ў апублікаваным аглядзе.

Імклівага аднаўлення беларускай эканомікі, у адрозненне ад астатніх эканомік рэгіёну, Сусветны банк не прагназуе: «Ва ўмовах далейшага палітычнага крызісу і абмежаванай прасторы для фіскальнай або грашова-крэдытнай экспансіі пры адсутнасці рэформаў у 2021 годзе прагназуецца паглыбленне рэцэсіі і павольнае аднаўленне пасля гэтага».

Нават да эпідэміі каранавіруса адсутнасць прагрэсу ў рэформах ужо спрыяла рэзкаму запаволенню тэмпаў росту, з 2011 года штогадовы прырост ВУП складаў у сярэднім 0,5%. Успышка COVID-19 і палітычныя ўзрушэнні пасля выбараў у жніўні 2020 года яшчэ больш пагоршылі дэпрэсію хатніх гаспадарак і настроі інвестараў, спрыялі адтоку ўкладаў насельніцтва і зніжэнню курсу нацыянальнай валюты ў дачыненні да даляра ЗША на 18% цягам 2020 года, гаворыцца ў аглядзе. Як мяркуюць аналітыкі Сусветнага банка, палітычна абумоўленая падтрымка неэфектыўных прадпрыемстваў можа прывесці да далейшай эрозіі ўжо знясіленых бюджэтных і валютных рэзерваў, і гэта падарве макрафінансавую стабільнасць. Рэлакацыя арыентаванага на экспарт сектара ІКТ можа паўплываць на экспарт паслуг. У выпадку ўвядзення новых эканамічных санкцый павялічацца выдаткі на вядзенне бізнэсу для асобных экспарцёраў.

Аналітыкі Сусветнага банка мяркуе, што ў сярэднетэрміновай перспектыве перад нашай краінай стаіць задача пераходу да эканомікі, «менш залежнай ад перапрацоўкі нафты», бо схаваныя субсідыі кошту нафты, якія праводзіліся з бюджэту Расеі, вычэрпваюцца па меры ажыццяўлення расейскага «падатковага манеўру». Таму трэба правесці «рэструктурызацыю прадпрыемстваў, рацыяналізацыю фонду заробку ў дзяржсектары і падатковых выдаткаў». У якасці амартызатара СБ прапаноўвае ўзмацніць падтрымку беспрацоўных і іншых уразлівых груп насельніцтва.

«У прагнозе - паглыбленне рэцэсіі ў 2021 годзе і слабае аднаўленне пасля гэтага, калі дапусціць існую палітычную напружанасць, негатыўны ўплыў на даходы бюджэту з боку расейскага «падатковага манеўру» і адсутнасць структурных рэформаў. Нядаўна абвешчанае падвышэнне падаткаў - для стрымлівання бюджэтнага дэфіцыту і дэфіцыту пенсійнай сістэмы - прынясе шкоду прыватнаму сектару, які і без таго адчувае цяжкасці, праз адсутнасць падтрымкі падчас шоку COVID-19».

Эканамічная сітуацыя ў 2020 годзе, будзе мець доўгатэрміновы ўплыў на прыватныя інвестыцыі, інфляцыю, здольнасць абслугоўваць крэдыты. «Павялічаныя рынкавыя адсоткавыя стаўкі і падзенне даверу інвестараў аслабяць унутраныя і замежныя інвестыцыі. Уведзены нядаўна кантроль над коштамі наўрад ці стрымае інфляцыю, але пры пэўных абставінах можа выклікаць дэфіцыт некаторых тавараў. Прагноз на 2021 і наступныя гады залежыць ад замежнага фінансавання. У 2021 годзе патрэбы ў замежным фінансаванні будуць закрытыя за кошт спалучэння ўзгодненага рэфінансавання пазыкі з Расеі і выкарыстання рэзерваў, і, такім чынам, гэтаму можна даць рады. Аднак 2022-2023 гады будуць больш праз будучыя выплаты за двухбаковыя крэдыты Расеі ў 2022 годзе, а таксама пагашэнне асноўнай сумы пазыкі за еўрааблігацыі і пазыку для АЭС у 2023 годзе», - гаворыцца ў аглядзе.

Праз скарачэнне паступленняў у бюджэт і неабходнасць абслугоўваць крэдыты ўзровень беднасці ў краіне ўзрасце, але не значна, прагназуюць аналітыкі СБ. Калі ўзяць за парогавае значэнне беднасці выжыванне на 5,5 даляра на дзень, то можна сказаць, што ўзровень беднасці ў Беларусі ўзрасце толькі на 0,1 п.п.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках