19 красавiка 2024, Пятніца, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: Пратэсты і санкцыі ўжо ўдарылі па вядучых прадпрыемствах дзяржаўнага сектара Беларусі

3
Экспэрты: Пратэсты і санкцыі ўжо ўдарылі па вядучых прадпрыемствах дзяржаўнага сектара Беларусі

Неўзабаве супраць уладаў будуць задзейнічаныя яшчэ больш магутныя вагары ціску.

Еўразвяз адначасова рыхтуе і план дапамогі для новай Беларусі, і новы пакет санкцый для дыктатарскага рэжыму. Падтрымка прызначаная для будучай дэмакратычнай улады, санкцыі - для дзейнай, піша «Независимая газета».

Пра тое, што ЕЗ заканчвае распрацоўку «ўсёабдымнага» плана дапамогі для Беларусі, паведаміла прэс-служба Святланы Ціханоўскай. Ён стаў прадметам абмеркавання падчас ейнай онлайн-сустрэчы з генеральным дырэктарам Дэпартамента палітыкі добрасуседства і перамоў аб пашырэнню Еўракамісіі (DG NEAR) Мацеем Папоўскім.

Паведамляецца, што план прадугледжвае «фінансавую макрадапамогу для эканомікі Беларусі і падтрымкі палітычных і эканамічных рэформаў, у тым ліку з удзелам Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў». Абавязковая ўмова выдача дапамогі - змена ўлады. Дапамога пачне паступаць у пераходны перыяд і пасля правядзення новых свабодных выбараў. Чакаецца, што найбліжэйшым часам праца над планам будзе закончаная і ЕЗ назаве суму падтрымкі, пра якую можа ісці гаворка.

Адначасова з гэтым ЕЗ заяўляе пра гатоўнасць у найбліжэйшыя тыдні прыняць чацвёрты пакет санкцый для цяперашніх уладаў. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у міжнародных справах Жазэп Барэль. Ён адзначыў, што да рэпрэсій у дачыненні да нязгодных дадаўся пераслед польскай нацменшасці, і ЕЗ усё гэта мае намер улічыць пры падрыхтоўцы чацвёртага пакета санкцый. Прыняцце гэтага пакета, у якім яшчэ блізу 200 прозвішчаў і некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, анансавалася ўжо не раз. Першапачаткова ішла гаворка пра красавік, затым пра 10 траўня, калі праходзіла пасяджэнне Рады міністраў замежных спраў ЕЗ, цяпер у якасці найбліжэйшай даты фігуруе чэрвень.

У той жа час экспэрты звяртаюць увагу на глыбінныя якасныя паказчыкі ў беларускай эканоміцы. Значнае зніжэнне эфектыўнасці вядучых прадпрыемстваў дзяржсектара. Напрыклад, МАЗ зарабіў прыбылі блізу 60 тысяч даляраў, «Беларуськалій» - блізу 200 тысяч даляраў, а «Гродна Азот» - наогул у стратах. Улады кажуць пра ўплыў пандэміі, экспэрты - пра ролю пратэстаў, а прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла экс-старшыня «Парку высокіх тэхналогій Беларусі» Валер Цапкала апублікаваў сваё расследаванне, у якім сцвярджае, што ўлады вывелі грошы за мяжу праз афшорныя кампаніі.

У кожным выпадку ў эканоміцы грошай няма, і гэта пагаршае такія якасныя паказчыкі эканамічнага развіцця, як дэфіцыт бюджэту, узровень дзяржаўнай запазычанасці, памер золатавалютных рэзерваў. Чакаць паляпшэння сітуацыі няма падстаў. Больш за тое, неўзабаве пачнуць адбівацца наступствы амерыканскіх санкцый супраць нафтахімічных прадпрыемстваў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках