29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»: што вядома пра гучную справу

5
Суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»: што вядома пра гучную справу

Напалоханыя ўлады зрабілі працэс закрытым.

12 траўня Магілёўскі абласны суд пачне разгляд крымінальнай справы сямі палітвязняў: Паўла Севярынца, Дзмітрыя Казлова, Ірыны Шчаснай, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча.

«Белсат» распавядае, чым вядомыя гэтыя людзі і як яны патрапілі пад пераслед.

Палітык і пісьменнік

ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ

Павел Севярынец – вядомы апазіцыйны палітык, пісьменнік. Быў адным з лідараў «Маладога фронту», уваходзіў у кіраўніцтва Партыі БНФ, з’яўляецца сузаснавальнікам партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

У канцы 2019 – пачатку 2020 года Севярынец арганізаваў серыю акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. На хвалі гэтых падзеяў палітык лічыўся фаварытам праймерыз і найбольш верагодным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

Аднак у сакавіку Севярынец спыніў удзел у праймерыз праз спрэчкі наконт уплыву ўладаў на галасаванне, а потым наагул адмовіўся ад удзелу ў выбарах. Аднак Севярынец усё роўна актыўна ўключыўся ў палітычную кампанію, выступаў на пікетах па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў: заклікаў да мірных пратэстаў, акцыяў грамадскага непадпарадкавання і нацыянальнай забастоўкі.

«Калі хтосьці можа проста прыйсці і паставіць подпіс – стаўце. Але гэтага мала. Калі хтосьці можа выказацца ў сацыяльных сетках – рабіце гэта. Але гэтага мала. Калі спатрэбіцца выходзіць на адзіны агульны пратэст, усім разам, па ўсёй Беларусі – выходзьце! Гэтага можа хапіць! Калі не – тады забастоўка і эканамічны байкот!» – казаў Севярынец на пікеце ў Віцебску 31 траўня.

7 чэрвеня пасля дазволенага выбарчага пікету ля Камароўскага рынку ў Менску Севярынца затрымалі сілавікі і пакаралі 15 соднямі арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. За кратамі Севярынцу дадавалі новыя і новыя адміністратыўныя арышты, пры гэтым палітыка трымалі на Акрэсціна ў невыносных умовах – на знак пратэсту ён быў вымушаны парэзаць сабе руку. Пасля 75 содняў адміністратыўнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на свабоду, а перавялі ў СІЗА №1 у якасці фігуранта крымінальнай справы паводле арт. 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў»).

Такім чынам, Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 11 месяцаў. Жонка зняволенага палітыка Вольга Севярынец гадуе сына Францішка і змагаецца за вызваленне мужа.

ВОЛЬГА СЕВЯРЫНЕЦ. ФОТА: ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ/BELSAT.EU

У чэрвені 2020 года, пасля таго як стала вядома пра здзекі над арыштаванымі на Акрэсціна, Вольга Севярынец звярнулася да сілавікоў з заклікам не ўдзельнічаць у катаваннях і беззаконні.

ВОЛЬГА СЕВЯРЫНЕЦ З СЫНАМ ФРАНЦІШКАМ. МЕНСК, БЕЛАРУСЬ. 30 ЧЭРВЕНЯ 2020 ГОДА. ФОТА: ТК/БЕЛCАТ

«Калі Павел у зняволенні, то мне як жонцы самае цяжкае – гэта чакаць у бяздзеянні. І я выкарыстоўваю ўсе даступныя мне сродкі, каб яму дапамагчы», – распавядала яна летась «Белсату».

Гэта не першы выпадак палітычна матываванага крымінальнага пераследу Паўла Севярынца. У 2005 годзе ён быў прысуджаны да 3 гадоў «хіміі» за арганізацыю пратэстаў супраць балатавання Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Падчас адбыцця пакарання на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна Павел напісаў кнігу «Лісты з лесу», якая, паводле апытання «Нашай Нівы», была прызнаная найлепшай беларускай кнігай 2007 года.

У 2010 годзе Севярынец быў арыштаваны пасля прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Пяць месяцаў палітык правёў у СІЗА КДБ, пасля чаго суд пакараў яго 3 гадамі «хіміі».

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі»

Актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча затрымалі значна пазней за Паўла Севярынца. Усе яны – даўнія і прынцыповыя праціўнікі рэжыму, пачыналі сваю апазіцыйную дзейнасць яшчэ ў моладзевых арганізацыях «Малады фронт» ды «Зубр» і з таго часу сябравалі. Актывісты заўсёды актыўна прымалі ўдзел у пратэстах, за што рэгулярна траплялі пад рэпрэсіі з боку спецслужбаў (арышты, штрафы, збіццё).

ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ. СКРЫНШОТ З ВІДЭА БЕЛСАТ/YOUTUBE

Афнагель пасля падзеяў 2010 года быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, пяць гадоў правёў у эміграцыі. Але ў 2015 годзе вярнуўся на радзіму, ажаніўся і працягнуў палітычную дзейнасць. Юхневіч з краіны не з’язджаў, але пасля 2010 года крыху адышоў ад палітыкі, засяродзіўся на працы і сям’і (у Паўла дзве дачкі). У 2019 годзе Юхневіч вярнуўся да актыўнай палітычнай дзейнасці і разам з шэрагам іншых прадстаўнікоў «Еўрапейскай Беларусі» балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў – праўда, яшчэ да пачатку галасавання ЦВК зняў яго з выбараў.

ПАВЕЛ ЮХНЕВІЧ. ФОТА: EU_BY / TELEGRAM

Войніч, Юхневіч і Афнагель былі затрыманыя 25 верасня 2020 года. У кватэру, дзе знаходзіліся Войніч і Юхневіч, сілавікі ў масках і са зброяй уварваліся адначасова праз вакно і дзверы. У кватэру Афнагеля такс ама выламалі дзверы. Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года Афнагелю дадатковы было выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 293 КК («навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці»).

МАКСІМ ВІНЯРСКІ. ФОТА: BELSAT.EU

39-гадовага Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года байцы ГУБАЗіКу. У прэс-рэлізе МУС сцвярджалася, што восенню актывіст нібыта заклікаў людзей выходзіць на мітынгі бел-чырвона-белай сімволікай і «аказваць супраціў міліцыі». Вінярскаму таксама выстаўлена абвінавачванне ў падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў».

Блогер і адміністратар

ВІДЭАБЛОГЕР ШЭРЫ КОТ. ФОТА: «БЕЛСАТ»

Зміцер Казлоў «трапіў у палітыку» у 2017 годзе падчас пратэстаў «недармаедаў» – тады ў Воршы ён выйшаў на свой першы мітынг. Зміцер захапіўся палітычным блогерствам, стварыў папулярны YouTube-канал «Шэры кот» (на дадзены момант на яго падпісаныя больш за 19 тысяч чалавек). Балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас кампаніі 2019 года, але яго адхілілі ад выбараў за заклікі да байкоту.

Зміцер актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй, праводзіў стрымы, заклікаў да ўдзелу ў акцыях. За гэта ён трапіў пад пераслед – агулам яго пакаралі 120-ю соднямі арышту.

БЛОГЕР ШЭРЫ КОТ. ФОТА: FACEBOOK.COM/TONBERRY2007

З пачаткам прэзідэнцкай кампаніі 2020 года 31-гадовы Зміцер Казлоў падтрымаў Сяргея Ціханоўскага, дапамагаў яму інфармацыйна. Пасля арышту Ціханоўскага «Шэры кот» заклікаў выходзіць на дазволеныя ў межах выбарчай кампаніі пікеты ў падтрымку зняволенага блогера.

10 чэрвеня Казлова затрымалі, прысудзілі да 20 содняў арышту. Пасля гэтага яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У снежні 2020 года блогера выставілі новае абвінавачванне – паводле ч. 2 арт. 293 КК.

ІРЫНА ШЧАСНАЯ. ФОТА: ІРЫНА ШЧАСНАЯ / FACEBOOK

33-гадовая Ірына Шчасная – грамадская актывістка, рэдактарка шэрагу папулярных тэлеграм-каналаў («Мая краіна Беларусь», «Беларусь 24» ды іншыя). Па Ірыну прыйшлі 18 лістапада, байцы ГУБАЗіКу былі апранутыя як работнікі ЖЭСу. Ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 2. арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых закалотах, што нібыта выражалася ў вядзенні «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў.

Муж Ірыны Аляксандр Шчасны разам з 10-гадовым Германам быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз некалькі дзён пасля затрымання жонкі. Цяпер яны жывуць у Кіеве. Яе распавядаў Аляксандр у інтэрв’ю «Белсату», Ірына піша яму ў лістах, што ён мусіць маральна рыхтаваць сына да таго, «што з мамай ён яшчэ не хутка ўбачыцца».

«Наогул апошнім часам сумныя лісты, яна вырашыла для сябе, што будзе вялікі тэрмін. Гэта невыносна чытаць», – кажа Аляксандр.

Вядома, што суд над палітвязнямі будзе адбывацца ў закрытым рэжыме – нават сваякам не дазволяць прысутнічаць на працэсе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках