28 лiпеня 2021, Серада, 16:03
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі адкрылі новы бяспечны метад лячэння атлусцення

1
Медыкі адкрылі новы бяспечны метад лячэння атлусцення

Як ён працуе?

Блакаванне рэцэптара, які дапамагае захоўваць энэргію ва ўмовах голаду, назвалі ключом да больш бяспечнай прафілактыкі і лячэння атлусцення, выкліканага няправільным ладам жыцця, піша сайт Naked science.

Атлусценне і парушэнне абмену рэчываў адбываюцца ў выніку сталага перавышэння спажывання энэргіі над яе выдаткам. Сучасныя метады лячэння, накіраваныя на змену харчовых паводзінаў, у адрозненне ад барыятрычнай хірургіі, не давялі эфектыўнасці ў зніжэнні і падтрыманні здаровай вагі. Адна з прычын у тым, што тэрапія, якая кантралюе апетыт, уплывае на паводзіны, у тым ліку ўзровень трывогі і эмацыянальнасць, а таксама на развіццё сэрцава-судзiнных захворванняў. У выніку гэта мае сур'ёзныя пабочныя эфекты.

Навукоўцы з Інстытута медыцынскіх даследаванняў Гарвана (Аўстралія) прапанавалі новы спосаб барацьбы з атлусценнем: яны паказалі, што рэцэптар Y1 можа стаць ключом да распрацоўкі больш бяспечных падыходаў. Даследаванне апублікаванае ў часопісе Nature Communications.

Адным з самых магутных рэгулятараў харчавання і метабалізму ўважаецца нейрапептыд Y (NPY), які ўтвараецца пры галаданні: ён дазваляе арганізму знізіць выдатак энэргіі, актываваць назапашванне тлушчу і тым самым падтрымлівае яго ва ўмовах выжывання. Малекула экспрэсуецца ў цэнтральнай нервовай сістэме і дзейнічае з дапамогай перадачы сігналаў праз рэцэптары Y1, Y2, Y4, Y5 і Y6. Акрамя гэтага, NPY і Y-рэцэптары прыкметна экспрэсуюцца і на перыферыі.

Пры дапамозе эксперыментальных мадэляў навукоўцы нечакана для сябе высветлілі, што блакаванне пэўнага рэцэптара нейрапептыду Y - малекулы Y1 - дазваляе паскорыць метабалізм тлушчу і прадухіліць набор вагі. Затым аўтары працы заблакавалі Y1 у мышэй з атлусценнем праз BIBO3304 - селектыўны антаганіст Y1 перыферычнага дзеяння (ён не пранікае скрозь гематаэнцэфалічны бар'ер, таму дзейнічае на перадачу сігналаў Y1 у перыферычных тканках, а не ў галаўным мозгу).

Як выявілася, жывёлы, якім уводзілі BIBO3304 і прапісалі дыету з высокім змяшчэннем тлушчаў, за сем тыдняў эксперыменту набралі прыкладна на 40% менш вагі, чым мышы, якія проста выконвалі аналагічны рацыён. Такое значнае зніжэнне дадавання ў вазе было выкліканае павелічэннем цеплавыдзялення цела і памяншэннем тлушчавай масы.

Дадатковыя выпрабаванні пацвердзілі, што выбарчае выдаленне Y1 з тлушчавых клетак засцерагае ад набору лішняй масы. Калі BIBO3304 ужылі да ўзораў, узятых у пацыентаў з атлусценнем, спрацавалі тыя ж гены, што ўдзельнічаюць у выпрацоўцы цяпла, як і ў мышэй з залішняй вагой. «Рэцэптар Y1 дзейнічае як тормаз для генерацыі цяпла ў арганізме, - распавёў Ян-Чуан Шы, кіраўнік групы. - Мы выявілі, што яго блакаванне ў тлушчавых тканках пераўтварыла тлушч, які «запасае энэргію», у тлушч, які «спальвае энэргію». Гэта ўключала выпрацоўку цяпла і зніжала дадаванне ў вазе. <...> Большасць лекаў, якія выкарыстоўваюцца сёння для лячэння атлусцення, нацэленыя на мозг і прыгнечанне апетыту, але могуць мець сур'ёзныя пабочныя эфекты, якія абмяжоўваюць іх выкарыстанне».

Несумненна, дадаюць навукоўцы, даследаванне нельга ўспрымаць як адназначны довад таго, што блакаванне рэцэптараў Y1 у перыферычных тканках без закранання цэнтральнай нервовай сістэмы эфектыўна прадухіляе атлусценне за кошт павелічэння выдаткаў энэргіі. Аднак яно дае альтэрнатыўны падыход і больш бяспечны метад прафілактыкі і лячэння, які наўпрост уздзейнічае на тлушчавую тканку.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».