24 лiпеня 2021, Субота, 14:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Расея затрымлівае пастаўкі «Спутника V» у Паўночную Македонію праз пазіцыю ўладаў што да Навальнага

1
Bloomberg: Расея затрымлівае пастаўкі «Спутника V» у Паўночную Македонію праз пазіцыю ўладаў што да Навальнага
ФОТА: REUTERS

У сакавіку македонцы выступілі ў падтрымку ўвядзення санкцый у дачыненні да расейскіх чыноўнікаў.

Расея затрымлівае пастаўкі вакцыны ад каранавіруса «Спутник V» у Паўночную Македонію паводле палітычных прычын. Пра гэта паведамляе Bloomberg (пераклад - «Настоящее время») са спасылкай на высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў.

Паводле іх звестак, затрымка паставак прэпарата звязаная з тым, што Паўночная Македонія стала адной з трох балканскіх краін, якія асудзілі пераслед расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага: у студзені ўлады Паўночнай Македоніі падпісалі дэкларацыю з асуджэннем арышту Навальнага, а ў сакавіку выступілі ў падтрымку ўвядзення санкцый у дачыненні да расейскіх чыноўнікаў за парушэнні правоў чалавека.

Адзін з чыноўнікаў урада Паўночнай Македоніі паведаміў Bloomberg, што афіцыйна Расея заявіла, што затрымкі ў пастаўках звязаныя з вытворчасцю вакцыны і высокім попытам на яе. Аднак высокапастаўлены дыпламат ЕЗ сцвярджае, што пастанова наўпрост звязаная з падтрымкай Паўночнай Македоніяй дзеянняў, якія сталі адказам на арышт Навальнага.

У Расейскім фондзе наўпроставых інвестыцый выданню заявілі, што пастаўкі ў Паўночную Македонію ідуць у адпаведнасці з кантрактам.

«Няма ніякай палітыкі, калі гаворка заходзіць аб супрацоўніцтве ў галіне вакцын. Здагадкі аб тым, што палітыка адыгрывае пэўную ролю ў пастаўках «Спутника V», зусім няслушныя і ідуць насуперак з даўнім перакананнем РФПІ ў тым, што пандэмію можна перамагчы толькі з дапамогай глабальнага партнёрства», - гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Агулам Паўночная Македонія павінна атрымаць 200 тысяч доз вакцыны «Спутник V». У краіну ўжо былі пастаўленыя тры тысячы доз у пачатку сакавіка і тры тысячы доз у канцы месяца. Акрамя расейскага прэпарата, Паўночная Македонія закупіла вакцыны ад Pfizer і кітайскай Sinopharm.

Другога лютага Сіманаўскі суд змяніў Навальнаму ўмоўны тэрмін паводле справы «Іў Рашэ» на рэальны: яму прызначылі тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Цяпер ён знаходзіцца ў папраўчай калоніі №2 у горадзе Пакрове ва Уладзімірскай вобласці ў 110 кіламетрах ад Масквы. ЕСПЧ запатрабаваў ад Расеі неадкладна вызваліць Аляксея Навальнага, бо бачыць пагрозу ягонаму жыццю і здароўю.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».