20 чэрвеня 2021, Нядзеля, 19:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША адрэзалі Лукашэнку ад галоўнай крыніцы валюты

24
ЗША адрэзалі Лукашэнку ад галоўнай крыніцы валюты

Аплата беларускіх грузаў у далярах ускладнілася.

У беларускіх уладаў пачалі ўзнікаць праблемы з продажам за мяжу нафтапрадуктаў - ключавой для эканомікі краіны крыніцы даходаў у цвёрдай замежнай валюце, піша finanz.ru.

Як паведамляе Argus са спасылкай на крыніцы на рынку, еўрапейскія банкі пачалі адмаўляць у фінансаванні ўгодаў пасля таго, як ЗША абвясцілі аб увядзенні санкцый супраць найбуйнейшага беларускага НПЗ «Нафтан».

Хаця санкцыі афіцыйна набываюць моц у чэрвені і фармальна тычацца толькі амерыканскіх юрыдычных асоб, аплата беларускіх грузаў у далярах ускладнілася і для кліентаў з іншых краін.

Нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь са зніжкай, забяспечваюць 20% экспартных даходаў беларускай эканомікі.

Нафтатрэйдары, апытаныя Argus, паведамілі, што пастаўкі скароцяцца ў траўні. Акрамя таго, удзельнікі рынка чакаюць, што Еўразвяз неўзабаве можа ўвесці аналагічныя санкцыі. Гэта зробіць немагчымым для Беларусі продаж нафтапрадуктаў і за еўры таксама.

Страта экспартных паступленняў стане балючым ударам для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у якога імкліва знікаюць валютныя рэзервы.

Агульны аб'ём ЗВР беларускага Нацбанку са студзеня 2020 года да красавіка 2021-га абрынуўся на 25%, да 6,9 млрд даляраў, пры тым што непасрэдна валюты ў выглядзе ліквідных актываў засталося ўсяго 2,8 млрд.

Наяўная ў Беларусі сума ўжо ніжэйшая за крытычны парог МВФ, які рэкамендуе трымаць у рэзервах эквівалент трох месяцаў імпарту. Вонкавая запазычанасць Беларусі перавышае рэзервы ў 6 разоў і складае 42,1 млрд даляраў (на 1 студзеня).

Лукашэнка ўсведамляе небяспеку і рыхтуецца да цяжкага валютнага крызісу ў краіне. 21 красавіка ён падпісаў указ, які дае Цэнтральнаму банку права забараняць валютныя і валютна-абменныя аперацыі, устанаўліваць гранічныя сумы і тэрміны такіх угодаў, а таксама патрабаваць атрымліваць спецыяльны дазвол на куплю і продаж замежнай валюты.

Акрамя гэтага, Нацбанк зможа дэ-факта канфіскаваць валюту з рахункаў юрыдычных асоб і прымусова канвертаваць яе ў беларускія рублі, а таксама абмяжоўваць адкрыццё і вядзенне рахункаў у замежных банках.

Указ быў падпісаны на наступны дзень пасля таго, як ЗША абвясцілі аб унясенні ў «чорны спіс» дзявяці беларускіх прадпрыемстваў.

«Праз недапушчальную пагарду правамі чалавека», «невыкананне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках міжнароднага заканадаўства» і «фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў» пад жорсткімі санкцыямі з забаронай на ўсе аперацыі і замарожваннем усіх актываў апынуліся найбуйнейшыя нафтаперапрацоўчыя канцэрны «Белнафтахім» і «Нафтан», вытворца ўгнаенняў «Гродна азот», а таксама пабудаваныя за Хрушчовым камбінаты «Гродна хімвалакно», «Лакафарба» і «Полацк шкловалакно».

Усе гэтыя кампаніі «фінансуюць і падтрымліваюць рэжым» Лукашэнкі, спрыяючы рэпрэсіям супраць беларускага народа і падрыву прынцыпу вяршэнства закона, заявіла тады Мінфінансаў ЗША.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».