19 красавiка 2024, Пятніца, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія героі ў Магілёве: што вядома пра Афнагеля, Вінярскага, Севярынца і паплечнікаў

3
Беларускія героі ў Магілёве: што вядома пра Афнагеля, Вінярскага, Севярынца і паплечнікаў

Напалоханыя улады зрабілі працэс закрытым.

12 траўня ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся працэс паб справе сустаршыні аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, грамадзянскай актывісткі Ірыны Шчаснай і актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова, Паўла Юхневіча і Андрэя Войніча.

Крымінальная справа разглядаецца ў закрытым рэжыме, у залу суда не пусцілі нават блізкіх сваякоў. «Салідарнасць» коратка распавядае пра кожнага фігуранце справы.

Павел Севярынец

Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года. Ён вяртаўся з пікета на Камароўцы, куды прыйшоў з сабранай на ўсялякі выпадак торбай.

Нарадзіўся 30 снежня 1976 года ў Воршы. У 2000-м скончыў геаграфічны факультэт БДУ.

У 1995-м уступіў у Беларускі Народны Фронт, стаяў ля вытокаў стварэння «Маладога фронту», кіраваў ім, сустаршыня аргкамітэту партыі«Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

У 90-х публікаваўся ў шэрагу незалежных выданняў, аўтар кніг «Лісты з лесу», «Беларусалім», «Ды-Джэй Адраджэння», «Брату» ды інш. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Францішка Аляхновіча і Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтра) , прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.

Павел Севярынец - адзін з самых прынцыповых і бескапрамісных апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Ён неаднаразова затрымліваўся сілавікамі. У 1998-м два месяцы правёў у СІЗА пасля арышту за зрыў праўладнага канцэрта.

У 2005-м асуджаны на тры гады паселішча за арганізацыю пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму 2004 года.

20 снежня 2010 быў затрыманы пасля масавых акцый пратэстаў супраць вынікаў чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Правёў пяць месяцаў у СІЗА КДБ і ў выніку асуджаны на тры гады абмежавання волі.

Жанаты, сыну Францішку ў сакавіку споўнілася тры гады.

Яўген Афнагель

Фото: Радыё Свабода

Яўген Афнагель быў затрыманы 25 верасня 2020 года. Пры гэтым у яго кватэры былі абрэзаныя дзверы.

Нарадзіўся 7 лютага 1979 года. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка, факультэт гісторыі. Быў ля вытокаў стварэння апазіцыйнага руху «Зубр», каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Пасля падзей 2010 года некалькі гадоў знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі. Неаднаразова затрымліваўся і адбываў адміністрацыйныя арышты.

Нядаўна ў Яўгена памёр бацька, на пахаванне палітвязня не адпусцілі.

Павел Юхневіч

Фото: Наша Ніва

Павел Юхневіч быў затрыманы 25 верасня 2020 года. Сілавікі ўварваліся ў кватэру праз акно і дзверы, яны былі ў масках і са зброяй.

Нарадзіўся 30 чэрвеня 1985 года. Вучыўся ў ЕГУ на палітолага, адукацыю не скончыў.

У палітыцы з 14 гадоў. Быў у «Маладым Фронце», «Зубр», актывіст «Еўрапейскай Беларусі». Актыўны ўдзельнік Плошчы-2006, штомесячных акцый салідарнасці 16 дня.

У 2010-м быў у штабе Уладзіміра Някляева, неаднаразова прэвентыўна затрымліваўся сілавікамі.

Пасля 2010 года адышоў ад палітыкі. У 2019-м удзельнічаў у парламенцкай кампаніі, вылучаўся ў дэпутаты.

Разведзены, бацька дзвюх дачок - 8-гадовай Евы і 5-гадовай Адэлі.

Максім Вінярскі

Фото: Новы час

Максім Вінярскі быў затрыманы 22 студзеня 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК.

Нарадзіўся 27 ліпеня 1981 года. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, быў адлічаны напярэдадні абароны дыплома з палітычных матываў.

Сябра партыі БНФ, быў у «Маладым фронце», «Зубр», актывіст «Еўрапейскай Беларусі», блізкі сябра і паплечнік Юхневіча і Афнагеля.

Вінярскага шмат разоў затрымлівалі падчас вулічных акцый, агулам арыштаў ён правёў больш за паўтара года.

Андрэй Войніч

Андрэй Войніч быў затрыманы 25 верасня 2020 года разам з Юхневічам.

Нарадзіўся 15 красавіка 1981 года. У мінулым «зубр», актывіст «Еўрапейскай Беларусі». Неаднаразова затрымліваўся сілавікамі на вулічных акцыях, на вахце ў Курапатах. У траўні 2020 года яго асудзілі на 15 дзён за ўдзел у перадвыбарчым пікеце на Камароўцы.

Дзмітрый Казлоў

Дзмітрый Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня 2020 года супрацоўнікамі АМАПа.

Нарадзіўся 26 красавіка 1988 года. Скончыў 4 курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Вядомы дзякуючы свайму каналу «Шэры кот» на YouTube.

Пачынаў са стрымаў з акцый пратэстаў недармаедаў у 2017-м. У канцы 2019 года вёў стрым з акцый у падтрымку незалежнасці, удзельнічаў у іх. Вынікам сталі 120 дзён адміністрацыйнага арышту.

Дзмітрый удзельнічаў у парламенцкай кампаніі.

Ірына Шчасная

Ірына Шчасная была затрыманая 18 лістапада 2020 года. Да яе дадому сілавікі прыйшлі ў працоўных робах ЖЭСа.

Нарадзілася 29 чэрвеня 1987 года. Скончыла Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва.

Ірына ўдзельнічала ў падзеях 2006- года, каардынавала рух «Разам». У 2020-м адміністравала шэраг пратэстных тэлеграм-каналаў.

Напярэдадні выбараў з'ехала ў Кіеў, але восенню, у разгар пратэстаў вярнулася ў Беларусь.

Замужам, сыну Герману 10 гадоў. Муж Аляксандр з сынам вымушана пакінулі краіну.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках