28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія краіны адкрытыя для беларусаў з прышчэпкай ад COVID-19

9
Якія краіны адкрытыя для беларусаў з прышчэпкай ад COVID-19

Важная інфармацыя напярэдадні сезону адпачынкаў.

Першы і відавочны плюс вакцыны ад каранавіруса - шанц не захварэць. Плюс да гэтага некаторыя краіны згодныя прымаць прышчэпленых ад ковіда без дадатковых абавязанняў у выглядзе ПЦР-тэстаў або карантыну.

Журналісты onliner.by паглядзелі, якія папулярныя ў беларускіх турыстаў краіны пускаюць да сябе тых, што атрымалі вакцыну «Спутнік V» і кітайскую ад «Сінафарм».

Кіпр

З 10 траўня Кіпр прымае турыстаў, прышчэпленых вакцынамі, якія сертыфікаваны Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў, - Pfizer/BioNTech, AstraZeneca, Moderna, Johnson&Johnson, а таксама «Спутнікам V». Кітайскай вакцыны ад «Сінафарм» у спісе няма.

У спісе краін, адкуль могуць прыляцець вакцынаваныя турысты, знаходзіцца і Беларусь. Да гэтага беларусам трэба было прайсці ПЦР-тэст да вылету, а затым і па прыбыцці ў краіну (а вынікаў чакалі на самаізаляцыі ў гатэлі).

ФОТА: ONLINER.BY

Пры гэтым трэба прайсці поўны курс вакцынацыі. Гэта значыць, што ехаць на Кіпр пасля першай дозы «Спутнік V» нельга. Трэба дачакацца другой.

Вакцынаваных турыстаў больш не будуць прасіць аб тым, каб яны сыходзілі на самаізаляцыю, заставаліся на карантыне або праходзілі б які-небудзь тэст на COVID-19, удакладніла кіпрскае Міністэрства аховы здароўя.

Пры гэтым усе турысты па-за залежнасці ад наяўнасці прышчэпкі павінны запоўніць CyprusFlightPass на працягу дня да вылету. Гэты дакумент турысты могуць выкарыстоўваць для бесперашкоднага перамяшчэння па выспе.

ФОТА: ONLINER.BY

З 17 траўня на Кіпры ўводзяцца чарговыя паслабленні:

каменданцкую гадзіну скароцяць, яна будзе дзейнічаць з 00:00 да 05:00;

для тэрас рэстаранаў і адкрытых кінатэатраў больш не патрэбны SafePass (пропуск для наведвання пэўных месцаў);

стане больш магчымасцяў для заняткаў спортам.

З 10 чэрвеня могуць адкрыць начныя забаўляльныя цэнтры.

На Кіпр з Менска можна ляцець проста зараз прамымі рэйсамі «Белавія», квіткі ў Ларнаку туды-назад - ад 218 еўраў. Пасля вяртання ў Беларусь - самаізаляцыя 10 дзён.

Грэцыя

Улады гэтай краіны абвясцілі, што будуць прымаць тых, што атрымалі вакцыну «Спутнік V» і кітайскую вакцыну. То бок, усе прышчэпкі, якія атрымліваюць цяпер беларусы, у Грэцыі будуць каціравацца.

Пры гэтым вакцынацыя не з'яўляецца абавязковай. Замест гэтага турысты могуць падаць адмоўны ПЦР-тэст (зроблены за 72 гадзіны да вылету) або даведку аб наяўнасці антыцелаў.

У менскіх турфірмах распавялі Onliner, што старт чартэрнай праграмы папярэдне запланаваны на 2 чэрвеня. Чакаюць, што цэны ў гэтым сезоне падрастуць.

- Тыдзень на дваіх у пачатку чэрвеня ў нядрэнным гатэлі з «усё ўключана» абыдзецца ў 1250-1450 еўраў. Традыцыйна ў пачатку сезона цэны ніжэйшыя, далей могуць падрасці, - распавялі ў туркампаніі «Музенідзіс Трэвал».

Важны нюанс - 10-дзённая самаізаляцыя па прылёту ў Беларусь абавязковая.

Грузія

Беларусы могуць ляцець у Грузію з дакументам, які пацвярджае праходжанне поўнага курса вакцынацыі ад COVID-19. Пры гэтым усё роўна, якой менавіта вакцынай прышчапіліся - падыходзіць і «Спутнік V», і кітайская.

Тыя, хто не вакцынаваны, пры ўездзе ў краіну павінны падаць адмоўны ПЦР-тэст, зроблены не раней чым за 72 гадзіны да паездкі. На трэці дзень знаходжання яны абавязаны прайсці ПЦР-абследаванне за свой кошт.

Дарэчы, беларусам трапіць у Грузію можна толькі на самалёце, наземныя і марскія межы для замежнікаў па-ранейшаму закрытыя, улады пакуль не рызыкуюць іх адчыняць.

З Менска ёсць рэйсы «Белавія» ў Тбілісі і Батумі. Квіткі ў пачатку чэрвеня, калі традыцыйна пачынаецца турыстычны сезон, абыдуцца ў 807 рублёў з багажом у Тбілісі, 833 рублі - у Батумі.

Азмрочыць адпачынак можа хіба што неабходнасць самаізаляцыі па вяртанні ў Беларусь.

Балгарыя

З 1 траўня ўлады Балгарыі адважыліся адкрыць межы. Але турыст павінен падаць даведку, што ён:

атрымаў вакцыну ад COVID-19 (праз 14 дзён пасля ўвядзення другой дозы вакцыны), у спісе адобраных вакцын і «Спутнік V»;

перахварэў на каранавірус;

атрымаў адмоўны вынік ПЦР-тэсту (яго трэба зрабіць не раней чым за 72 гадзіны да прыбыцця);

атрымаў станоўчы вынік тэсту на антыцелы (які зроблены не раней за 48 гадзін да прыбыцця).

Беларускія турфірмы плануюць адправіць першых турыстаў у Балгарыю на пачатку чэрвеня. Чакаецца, што чартары паляцяць у Бургас. Але трэба мець на ўвазе, што мора ў пачатку лета будзе яшчэ не такім цёплым.

Тур на дваіх на курорце Сонечны бераг стартуе ад 541 еўра. Сюды ўваходзіць пералёт, трансфер, пражыванне ў гатэлі са сняданкамі, медстрахоўка.

Па прылёце ў Беларусь - самаізаляцыя, без яе ніяк.

А калі няма прышчэпкі?

Многія краіны прымаюць турыстаў, у тым ліку беларусаў, без прышчэпак. Самыя папулярныя ў беларускіх падарожнікаў Турцыя і Егіпет прымаюць з ПЦР-тэстам. Такая ж ўмова дзейнічае ў Тунісе і ААЭ. Гэтыя краіны цяпер адкрыты для беларускіх турыстаў.

А вось Чарнагорыя і Албанія наважылі адмяніць ПЦР-тэсты. Прышчэпку таксама не патрабуюць.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках