25 красавiка 2024, Чацвер, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы - «Фінішная прамая»

У Польшчы - «Фінішная прамая»

Краіна паступова аднаўляе звыклы лад жыцця.

У суботу палякам дазволілі ўрэшце зняць маскі, ужо не трэба закрываць вуснаў і носа на свежым паветры. Маску трэба мець толькі ў грамадскім транспарце ці ў зачыненых памяшканнях (крамах і шпіталях), піша для «Белсату» журналіст Руслан Шошын.

Пад адкрытым небам пачалі працаваць кавярні, рэстараны, амфітэатры ды вулічнае кіно. Заўзятары вернуцца на стадыёны, што праўда – колькасць месцаў моцна абмяжуюць. Вучні 1-8 класаў вяртаюцца ў школы, але вучыцца пакуль будуць паводле гэтак званай гібрыднай сістэмы: каб усе ў адным часе не перасякаліся міжсобку, частка школьнікаў будзе вучыцца дыстанцыйна.

Але гэта толькі пачатак нармалізацыі грамадскага жыцця ў Польшчы. Ужо 21 траўня ў гарады вяртаецца культура, адчыняюцца тэатры, філармоніі, оперы і цырк. Пасля доўгага перапынку, артысты нарэшце вернуцца на сцэну. Ужо сёння акторы і спартоўцы далучаюцца да ўрадавай рэкламнай кампаніі «Фінішная простая» («Ostatnia prosta») і заклікаюць суайчыннікаў актыўна прышчапляцца.

У Польшчы сёння можна прышчапіцца прэпаратамі «Pfizer», «Moderna», «AstraZeneca» і «Johnson & Johnson». Кожны мае права выбару. Працуюць адмысловая онлайн-старонка і гарачая лінія, праз якую адбываецца рэгістрацыя. Паводле апошніх звестак міністэрства аховы здароўя, ва ўсёй краіне вакцынаваныя ўжо больш за 15 мільёнаў чалавек, з якіх больш за 4 мільёны атрымалі дзве дозы прышчэпкі. Дарэчы, у другой палове траўня вакцынацыя павінна распачацца ў аптэках. Паскорыць працэс маюць таксама вялікія карпарацыі: яны рыхтуюць адмысловыя пакоі, дзе змогуць прышчапляць працаўнікоў.

У пятніцу з’явіліся звесткі пра 3,2 тыс. новых захворванняў, памерлі 289 чалавек. З пачатку пандэміі – сакавіка 2020 года – у Польшчы праз каронавірус памерла больш за 71 тыс. асобаў, гэта адзін сярэднестатыстычны горад. Эпідэміёлагі лічаць, што ахвяраў было б значна больш, каб урад не ўводзіў локдаўнаў, праз якія польская эканоміка з пачатку пандэміі страціла каля 200 млрд злотых (53 млрд долараў).

Польшча ўжо рыхтуецца да лета. Еўракамісія тэстуе сістэму агульнаеўрапейскіх «кавідных пашпартоў», дзякуючы якім вакцынаваныя грамадзяне ЕЗ змогуць свабодна падарожнічаць. Сістэма мае запрацаваць ужо 21 чэрвеня. Чакаюць, што гэта ажывіць турыстычны бізнес.

Але ўсцяж не вядома, як у ЕЗ будуць падарожнічаць грамадзяне трэціх краінаў, у тым ліку і беларусы. Еўрапейскае лекавае агенцтва (EMA) пакуль не дапусціла на свой рынак расейскіх і кітайскіх вакцынаў. Калі хуткім часам гэта не зменіцца, асобы, прышчэпленыя вакцынаю «Спутник V», будуць вымушаныя праходзіць каранцін. Тут ён трывае 10 дзён і вызваляюць ад яго толькі тых асобаў, якія маюць адмоўны вынік тэсту, выкананага ў Польшчы. Але сертыфікацыя расейскае вакцыны – гэта не галоўная праблема. Больш непакоіць тое, што працэс вакцынацыі за ўсходняю мяжою ЕЗ выглядае вельмі кепска.

Калі верыць старонцы Оксфардскага ўніверсітэту, што збірае звесткі пра вакцынацыю з увагі на афіцыйныя статыстыкі краінаў, тэмпы вакцынацыі ў Беларусі крыху лепшыя, чым у Іраку ці Лівіі, але горшыя, чым у Зімбабвэ, – Беларусь на ўзроўні Руанды або Ганы. Падобная сітуацыя з прышчэпкамі ва Украіне, Арменіі, Грузіі. Паўсюль свае прычыны такой сітуацыі. Недахоп прышчэпак, недавер да вакцынацыі. Аднак, як паказвае досвед Індыі ці Бразіліі, дзе былі вялікія праблемы з захаваннем санітарных нормаў, некантраляваны вірус параджае небяспечныя мутацыі, пра гэта кажуць усе эпідэміёлагі. Таму сёння ў Польшчы вакцынацыя – гэта прыярытэт, галоўная тэма, якой жыве грамадства, светлы праменьчык, што дае надзею на нармальнае, не пандэмічнае жыццё. А якія прыярытэты ўладаў у Менску? Ці вядуць яны перамовы з ЕЗ датычна «кавідных пашпартоў»? Ці спрабуюць здабыць прышчэпкі заходніх вытворцаў, каб даць беларусам магчымасць выбіраць?

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках