18 красавiка 2024, Чацвер, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бюджэтная заслона

1
Бюджэтная заслона

У Расеі больш не будзе замежных інвестыцый, затое «прагны бізнэс» заплаціць двойчы.

У аўторак, 11 траўня, Дзярждума РФ прагаласавала за скасаванне дамовы аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання з Нідэрландамі. Гэта значыць, што буйному расейскаму бізнэсу, зарэгістраванаму ў гэтай краіне («Яндэкс», X5 Retail Group, «Связной»), давядзецца альбо змяніць юрысдыкцыю, альбо пачаць плаціць падаткі ў падвойным аб'ёме. А ўжо на наступны дзень у Дзярждуму прыйшоў прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін, які паабяцаў караць «прагны» бізнэс за «агрэсіўную дзейнасць па вываду ў тым ліку дывідэндаў, адсоткаў, раялці з Расеі», піша для «Новой газеты» Сяргей Хэстана.

Узаемнае прызнанне падатковых плацяжоў, як і адмова ад іх, вельмі выразна і даволі адназначна сведчыць пра чаканні росту або падзення інвестыцыйнай актыўнасці замежнікаў у дачыненні да Расеі. Пакуль гэтыя чаканні раслі і заставаліся высокімі (да 2014 года), рознага роду льготы для замежных інвестыцый у Расею захоўваліся. А калі надзеі адносна прытоку прамых замежных інвестыцый абрынуліся, амаль усе пагадненні аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання былі хутка і рашуча дэнансаваныя на ініцыятыву Расейскай Федэрацыі.

Характэрна, што і многія расейскія бізнэсы аддавалі перавагу фармальна быць «замежнымі інвестыцыямі» - даволі часта матчыная кампанія холдынгу знаходзілася за мяжой. Да 2008 года асноўным меркаваннем для гэтага былі падатковыя льготы. Але потым пачаўся моцны ціск развітых краін на класічныя афшоры, і іх выкарыстанне радыкальна скарацілася.

Цяпер асноўным довадам выкарыстання замежных юрысдыкцый (асабліва калі казаць пра Нідэрланды) з'яўляецца абарона інвестыцый: у Расеі з пятроўскіх часоў замежны капітал быў абаронены трохі лепш, чым айчынны.

Замежнаму бізнэсу таксама зусім не гарантаваная абарона ад пераследу ў Расеі, але верагоднасць такога зыходу шмат меншая, чым для айчыннага.

Яшчэ адзін важны аргумент за выкарыстанне замежнай кампаніі для вядзення бізнэсу ў Расеі - прыцягненне капітал. Прыцягнуць капітал (у выглядзе выпуску акцый альбо аблігацый) для кампаніі з развітой краіны значна танней.

Разрыў падатковых пагадненняў створыць немалыя цяжкасці і прыкметна павялічыць выдаткі бізнэсу, які выкарыстоўвае замежныя юрысдыкцыі. Неадкладнага эфекту гэта не выкліча: для сур'ёзных кіраўнічых рашэнняў трэба час.

Менавіта адсутнасць неадкладнага негатыўнага эфекту пасля дэнансацыі першых пагадненняў, хутчэй за ўсё, і паслужыла аргументам для далейшага шэрагу скасаванняў пагадненняў.

Але з часам пачнуць праяўляцца доўгатэрміновыя эфекты, галоўным з якіх будзе зніжэнне інвестыцыйнай прывабнасці Расеі.

Вынікам гэтага стане не толькі падзенне прытоку замежных інвестыцый, але і ўзмацненне адтоку капіталу.

Адзіным станоўчым эфектам ад адмены падатковых пагадненняў будзе збор дадатковых падаткаў. Але падатковая нагрузка на бізнэс у Расеі традыцыйна вялікая (мы ўжо блізкія да вяршыні крывой Лафера, і дадатковы рост падаткаў, хутчэй за ўсё, выкліча зніжэнне бізнэс-актыўнасці. Што, у сваю чаргу, можа паменшыць падатковыя паступленні. Таму і для папаўнення бюджэту ідэя масавага разрыву падатковых пагадненняў не выглядае вельмі ўжо добрай.

Але ёсць сцэнар, у рамках якога дэнансацыя падатковых пагадненняў можа выглядаць цалкам рацыянальна. Гэты сцэнар - прыкметнае ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць Расеі. У гэтым выпадку аб прытоку замежных інвестыцый можна будзе забыцца надоўга. І на першае месца выйдуць праблемы напаўнення бюджэту. Усё астатняе стане менш важным.

Цікава, што пакуль дэнансаваныя або зменены са значным ростам падатковай нагрузкі не ўсе пагадненні, а толькі іх частка. Цяпер перагледжаныя пагадненні ахопліваюць блізу 70% выплат у замежныя юрысдыкцыі. Відаць, няпоўны ахоп выкліканы жаданнем паназіраць за рэакцыяй закранутых зменамі эканамічных суб'ектаў. Калі не адбудзецца прыкметнага зніжэння эканамічнай актыўнасці, то рух у бок далейшага перагляду працягнецца.

Яшчэ адзін магчымы сцэнар - барацьба з адтокам капіталу, якая вядзецца ў Расеі даўно і не асоба паспяхова. І амністыю прапаноўвалі, і льготныя зоны ў Калінінградзе і на Далёкім Усходзе, і абмен звесткамі з іншымі краінамі ўзмацнялі - усё без толку. Цяпер вось вырашылі падатковыя пагаднення пераглядаць. Хутчэй за ўсё, і гэтая мера эфектыўнай не будзе.

І для першага, і для другога сцэнарыя агульным з'яўляецца адно: яны абодва не прадугледжваюць прыкметнага эканамічнага росту. 2021 год, хутчэй за ўсё, пакажа рост блізу 4% за кошт эфекту базы і аднаўлення пасля эпідэміі. А далей - нізкія тэмпы эканамічнага росту (1-2% у год), у народзе званыя застоем.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках