15 чэрвеня 2021, aўторак, 16:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пераходзіў мяжу ўначы з цеплавізарам»

28
«Пераходзіў мяжу ўначы з цеплавізарам»

Гісторыя студэнта-палітвязня Арцёма Вінакурава.

Асуджаны на тры гады «хіміі» палітвязень Арцём Вінакураў збег у Еўразвяз. Студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі асудзілі за тое, што падчас лекцыі 26 кастрычніка ён заклікаў студэнтаў далучыцца да агульнанацыянальнага страйку, паведамляе «Радыё Свабода».

Крымінальную справу распачалі пасля звароту рэктара ўніверсітэта. Паводле абвінавачання, Вінакураў дзейнічаў у «групе асоб», аднак гэтыя асобы «не былі ўсталяваныя ў ходзе следства».

«Хіміяй» па савецкай традыцыі ў Беларусі называюць абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Да адпраўлення адбываць меру стрымання Арцём знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Таму ён уцякаў з Беларусі ў абыход легальных памежных пераходаў.

Арцём Вінакураў распавёў, як уначы нелегальна перайшоў беларуска-літоўскую мяжу і што з ім адбылося потым.

«Была апраметная цемра. Гэта мне дапамагло»

«Я пераходзіў мяжу дзесьці апоўначы. Была апраметная цемра. Гэта мне спрыяла, таму што як я нічога не бачу, так і, магчыма, беларускія памежнікі не змогуць мяне заўважыць. Гэта давала больш шанцаў перайсці мяжу ці хаця б уцячы ад пагоні ці пераследу».

Да памежнай вёскі Арцём Вінакураў дабіраўся паўдня на аўтобусе, каб не выклікаць падазрэння. Ужо адтуль пешшу пайшоў у бок мяжы.

«Я пераканаўся, што ўсё спакойна. З сабой у мяне быў цеплавізар, які вельмі дапамог. Было вельмі цёмна, а ўключаць ліхтарык нельга, за тры-чатыры кіламетры яго могуць убачыць. Цеплавізар дапамог мне вызначыць, ці ёсць на гэтым адрэзку мяжы нарад, таму што яны [памежнікі] чакаюць у нізіне. Калі я пераканаўся, што няма перашкод, то пайшоў».

«Святло магутныя пражэктары. Гэта было самае нервовае месца пераходу»

Адрэзак, які збіраўся пераходзіць Арцём, быў каля двух кіламетраў. На тое, каб прайсці яго, сышоў гадзіну. Прыйшлося ісці па полі і па густому лесу.

«Лес ішоў па мяжы. Заставаліся апошнія 500 метраў. Гэта было вельмі складана і трывожна. Дзесьці за кіламетр ад мяне я бачыў праз цеплавізар сілуэты людзей. Думаю, што гэта былі беларускія памежнікі, але дакладна не скажу, яны гналі мяне ці проста патрулявалі. У вёсцы, якая была за пару сотняў метраў ад мяжы, свяцілі магутныя пражэктары. Гэта было самае нервовае месца пераходу. Я там быў як на далоні ў полі. Але змог прадрацца, пералезці праз плот і апынуўся на літоўскім баку».

«Яны з гэтай працэдурай знаёмыя, я не першы і не апошні»

Паўгадзіны Арцём Вінакураў чакаў каля мяжы на літоўскім баку. Пазней прыехалі літоўскія памежнікі. Арцём заявіў, што просіць у Літве міжнародную абарону.

«Яны з гэтай працэдурай знаёмыя, таму што я не першы і не апошні. Яны адвезлі мяне на памежную заставу, там апыталі, далі торбу з ежай і сказалі адпачываць. На наступны дзень мяне адвезлі на ковід-тэст і пасля негатыўнага выніку даставілі на іншую заставу, дзе мяне ўжо апыталі іншыя службы, памежнікі і Дэпартамент міграцыі.

Аднак у выніку Вінакураў трапіў у Польшчу - у яго была польская нацыянальная віза. Цяпер Арцём ва Уроцлаве, дзе падаў заяву на палітычны прытулак. Ён збіраецца працягнуць адукацыю і падаць заяўку на стыпендыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага.

Арцём кажа, што будзе працягваць сваю дзейнасць у страйкоме БДУІР. Задачы яго і яго сяброў застаюцца нязменнымі, кажа Вінакураў: вызваленне палітвязняў, новыя, справядлівыя выбары і адстаўка Лукашэнкі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».