29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа студэнтаў»: Следчыя зляпілі больш за 30 тамоў з «матэрыялаў»

13
«Справа студэнтаў»: Следчыя зляпілі больш за 30 тамоў з «матэрыялаў»

Як 12 беларусаў судзяць за пратэсты, якія пасля выбараў праходзілі ва ўніверсітэтах.

У Менску працягваецца працэс паводле «справы студэнтаў». 12 беларусаў судзяць за «арганізацыю пратэстаў», якія пасля выбараў праходзілі ва ўніверсітэтах. Пракуроры паказваюць, што акцыі праводзіліся «з мэтай перагляду вынікаў выбараў, каб іх не прызналі краіны Еўразвязу і ЗША і ўвялі санкцыі для ціску на афіцыйную ўладу». Абвінавачаныя, са слоў пракурораў, выкарыстоўвалі «канспірацыю» - у чатах у іх былі псеўданімы, піша tut.by.

Фармальна адкрыты працэс паводле «справы студэнтаў» праходзіць з абмежаваннямі: у залю паседжання не пусцілі незалежную прэсу, дыпламатаў і частку сваякоў і сяброў абвінавачаных. Дзяржабвінавачанне зачытваюць два пракуроры, чутнасць у зале такая, што прысутныя раз-пораз просяць гаварыць гучней, наяўныя ў Доме правасуддзя мікрафоны на гэтым працэсе вырашана не выкарыстоўваць.

Як зачыталі ў судзе дзяржабвінаваўцы, пратэсты ва ўніверсітэтах праходзілі з мэтай «перагляду вынікаў выбараў прэзідэнта, каб ініцыяваць такім чынам непрызнанне выбараў з боку ЕЗ і ЗША, а таксама ўвядзенне з іх боку сацыяльна-эканамічных і палітычных санкцый як спосаб ціску на афіцыйную ўладу». Акрамя таго, мэтай было «прымусіць уладу пайсці на перамовы» і «зацвердзіць Святлану Ціханоўскую ў якасці суб'екта палітычнага жыцця».

Абвінавачаныя, паводле версіі следства, «распрацавалі план па прыцягненню ў пратэстную актыўнасць студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ». Некаторыя з іх былі ўдзельнікамі, а некаторыя - адміністратарамі чатаў у мэсэнджарах, дзе абмяркоўвалася месца і час правядзення акцый. Пракуроры зачыталі і пра самі акцыі, якія восенню прайшлі ў вядучых універсітэтах Менска.

Такія дзеянні, адзначаныя ў абвінавачванні, прывялі да парушэння «нармальнай работы ўстаноў адукацыі». Удзельнікі пратэсту, заявілі пракуроры, аказвалі «відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, то бок супрацоўнікам міліцыі, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і пры выкананні службовых абавязкаў, а таксама адміністрацыі ВНУ у асобе наступных кіраўнікоў»:

Паводле версіі следства, падчас пратэстаў была «парушаная нармалёвая праца ВНУ»: удзельнікі блакавалі ўваход, калідоры, памяшканні будынкаў, перашкаджалі адукацыйнаму працэсу.

Акрамя таго, на вуліцы Ленінградскай (побач знаходзяцца навучальныя карпусы БДУ) тралейбус і аўтобус вымушана здзейснілі прыпынак - колькі ён доўжыўся і якія страты гэта прынесла прадпрыемству, у абвінавачванні не гучыць. Не агучваюць і тое, якія менавіта заняткі былі сарваныя, на які час і якая шкода ў сувязі з гэтым была нанесеная ВНУ.

Дзяржабвінаваўцы паказваюць, што фігуранты крымінальнай справы праводзілі анлайн канферэнцыі, на якіх абмяркоўвалі правядзенне масавых мерапрыемстваў ва ўніверсітэтах і побач з імі, а таксама выкарыстоўвалі «канспірацыю» - падпісваліся псеўданімамі ў чатах. У залежнасці ад месца вучобы або працы абвінавачаных называюць каардынатарамі пратэстаў у ВНУ, дзе яны праходзілі.

Таксама абвінавачаныя, са слоў пракурораў, праводзілі «асабістыя гутаркі апазіцыйнага характару» сярод студэнтаў і выкладчыкаў, рабілі допісы, фота і відэа з анонсамі акцый пратэстаў.

«Справа студэнтаў»

Нагадаем, восенню 2020-га года студэнты многіх беларускіх ВНУ выказалі нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і пратэст супраць гвалту. Яны выходзілі на маштабныя маршы і лакальныя акцыі салідарнасці, збіраліся на перапынках ва ўнутраных дворыках і рэкрэацыях карпусоў, спявалі песні ці проста стаялі з плакатамі. Іх затрымлівалі проста ў будынку ВНУ, як гэта здарылася ў МДЛУ, на тэрыторыі ўніверсітэта (так было ў БНТУ) і каля навучальных карпусоў (БДУІР і БДЭУ), па дарозе дадому.

Пасля некаторых студэнтаў судзілі паводле адміністратыўных артыкулаў, яны плацілі штрафы, атрымлівалі і адседжвалі «содні».

Некалькі дзясяткаў студэнтаў - з БНТУ, БДУКМ, БДУ і іншых - адлічылі «за парушэнне правілаў унутранага распарадку», калі яны збіраліся ў ВНУ 26 кастрычніка 2020 года - на той дзень Святлана Ціханоўская аб'яўляла «ўсеагульны страйк».

12 лістапада 2020 года да дзевяці студэнтаў прыйшлі з КДБ: Марыя Каленік (вучылася ў БДАМ), Ксенія Сырамалот (БДУ), Кася Будзько (БДПУ), Яна Арабейка (БДПУ), Ягор Канецкі (БДУ), Глеб Фіцнер (МДЛУ), Ілля Трахтэнберг (БДУ), Вікторыя Гранкоўская (БНТУ), Анастасія Булыбенка (БНТУ). У той жа дзень была затрыманая выкладчык БДУІР Вольга Філатчанкова і выпускніца БДМУ Алана Гебрэмарыям. Праз два тыдні затрымалі студэнтку БДУ Таццяну Якельчык. Усім ім выстаўленае абвінавачанне ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, учынены групай асоб на папярэднюю змову» (ч. 2 арт. 17 ч. 1 арт. 342 КК, караецца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін).

Следчыя сабралі больш за 30 тамоў з матэрыяламі паводле «справы студэнтаў». Так што судовы разбор можа працягнуцца некалькі тыдняў. Сёння, 15 траўня, на працэсе стала дрэнна Яне Арабейцы, у суд прыехала хуткая дапамога. Аднак меру стрымання дзяўчыне, як і астатнім фігурантам, не змянілі - ужо паўгода іх утрымліваюць у СІЗА.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках