25 красавiка 2024, Чацвер, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра што сакрэтнічаюць Лукашэнка і Пуцін?

17
Пра што сакрэтнічаюць Лукашэнка і Пуцін?

Таракана пасадзілі на галаднаваты паёк

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прызначылі ўжо трэцюю сёлета сустрэчу. Акрамя таго, яны раз за разам вядуць гутаркі праз тэлефон. Але пра сутнасць і вынікі гэтых перамоваў шырокай публіцы амаль нічога не паведамляюць – прэс-службы абыходзяцца банальнымі фразамі, піша на сайце naviny.online палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Што ж можа хавацца за кулісамі?

Паводле звестак крыніцаў «Коммерсанта», чарговая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбудзецца, хутчэй за ўсё, да канца траўня ў Маскве ці іншым расейскім горадзе. Прычым галоўная ўвага будзе аддадзеная таму, што раней называлі дарожнымі картамі паглыблення інтэграцыі, а цяпер называюць саюзнымі праграмамі.

Прадаўжаецца звыклы гандаль

Як паведаміў суразмоўца выдання, з 28 праграмаў 26 у поўнай гатоўнасці і нават парафіяваныя профільнымі міністрамі, «праца прадаўжаецца над дзвюма самымі складанымі саюзнымі праграмамі – падаткова-мытнай і нафтагазавай».

Сутнасць супярэчнасцяў, паведамляе «Камерсант», у тым, што Менск хоча атрымліваць газ за сто даляраў за тысячу кубоў замест цяперашніх 128,5 даляра ўжо з 2022 года, а «пазіцыя расейскага боку заключаецца ў тым, каб чарговасць была іншай – спачатку ўніфікацыя, а потым зніжка». Маецца на ўвазе ўніфікацыя падатковых і мытных сістэмаў, запланаваная на 2024 год.

Іншымі словамі, паміж заклятымі хаўруснікамі прадаўжаецца традыцыйны гандаль у духу Астапа Бэндэра і манцёра Мечнікава з «Дванаццаці крэслаў»: раніцай грошы – увечары крэслы ці ж наадварот. Менску хочацца як найхутчэй атрымаць танныя энэргарэсурсы, Масква ж, ведаючы, як лёгка партнёр можа саскочыць з абяцанняў, спрабуе спачатку дамагчыся рэальнага паглыблення інтэграцыі. А калі казаць больш шчыра – мацней прывязаць да сябе Беларусь інстытуцыйна.

Беларускага партнёра пасадзілі на галаднаваты паёк

Пры гэтым Расея так і не дала пакуль другі транш 500 млн даляраў з крэдыту, абяцанага Пуціным у верасні летась. Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў заявіў у красавіку, што краіна спадзяецца атрымаць гэтыя грошы да канца чэрвеня.

Але гэтай сумы мала, каб зрабіць усе актуальныя выплаты ў вонкавай пазыцы. Селіверстаў жа на пытанне датычна перамоваў пра новыя расейскія крэдыты адказаў унікліва: «Я б не агучваў». Гэта значыць, падобна, што вялікіх спадзяванняў няма.

Магчыма, і з гэтым звязаная пастанова беларускіх уладаў размясціць у Расеі аблігацыі на 100 млрд расейскіх рублёў (больш за 1,35 млрд даляраў). Указ Лукашэнкі на гэты конт апублікаваны 15 траўня. Наколькі дарагімі будуць гэтыя грошы?

«Гаворка ідзе пра размяшчэнне на рынку, якое заўсёды ідзе паводле рынкавых ставак. Загадзя іх прадказваць бескарысна – яны ўвесь час вагаюцца. У гэтым жа выпадку, напэўна, будзе не адно размяшчэнне, а некалькі – часткамі», – растлумачыў старэйшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Паводле ягоных словаў, на рост рынкавай прыбытковасці аблігацый «будзе негатыўна ўплываць гісторыя з санкцыямі» (маюцца на ўвазе заходнія санкцыі супраць Беларусі). Стаўкі ў міждзяржаўных крэдытах Расеі звычайна ніжэйшыя за рынкавыя, паколькі абумоўленыя палітычна. Пазыкі МВФ яшчэ таннейшыя, але «зразумела, што гэта цяпер зусім не актуальна», адзначыў эксперт.

Увогуле, відавочна, што расейскае кіраўніцтва не спяшаецца абсыпаць хаўрусніка шчадротамі. Трымаючы яго на паўгалодным пайку, Крэмль, трэба думаць, хоча дамагчыся большай згаворлівасці ў частцы хаўрусніцкіх праграмаў. Абвешчанае расейскім бокам скарачэнне паставак нафты на наваполацкі «Нафтан» у траўні таксама можа быць, на думку шэрагу аналітыкаў, элементам ціску на Менск.

Так, але навошта Пуціну займацца такімі рэчамі, як падаткі, мытня, кошты газу? Нібыта не царская гэта справа. Ёсць прэм'ер Міхаіл Мішусцін, ёсць галіновыя ўстановы – вось няхай бы яны і працавалі. І ўвогуле – чым перашкаджае Маскве цяперашняя беларуская падатковая сістэма?

Адказы на гэтыя пытанні трэба шукаць не столькі ў эканамічнай, колькі ў палітычнай і нават геапалітычнай плоскасці. Праз хаўрусніцкія праграмы Масква мае намер не кіем, дык палкай «даціснуць партнёра», мацней прывязаць да сябе Беларусь, што стварае рэальныя пагрозы яе суверэнітэту, мяркуе менскі аналітык-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках