16 красавiка 2024, aўторак, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі выявілі ў COVID-19 рэдкае, але вельмі сур'ёзнае ўскладненне

Медыкі выявілі ў COVID-19 рэдкае, але вельмі сур'ёзнае ўскладненне

Яго не заўважылі ў першыя дні эпідэміі.

"(...) Нядаўна індыйскія лекары выпусцілі папярэджанне, што некаторыя пацыенты, інфекаваныя SARS-CoV-2, церпяць ад больш высокай рызыкі заражэння часцяком смяротным грыбковым захворваннем пад назвай мукармікоз. Гэтая інфекцыя, пры якой патрабуецца сячэнне пашкоджанай тканкі, звычайна сустракаецца вельмі рэдка. Аднак у апошнія тыдні ў індыйскіх шпіталях рэзка вырасла колькасць тых, хто захварэў. Гэтае новае ўскладненне Covid-19 не было апісанае ў першыя дні эпідэміі. Такая з'ява, відаць, галоўным чынам закранае Індыю: тры чвэрці выпадкаў, апісаных у навуковай літаратуры, паходзяць з гэтай краіны", – піша журналістка Le Figaro.

"Апытаныя карэспандэнтам BBC у Індыі доктар Акшай Наір, вочны хірург, які працуе ў трох шпіталях Бамбея, сказаў, што толькі ў красавіку ён сустрэў 40 пацыентаў з мукармікозам. З іх 11 чалавек праз гэты грыбок зазналі пашкоджанне вачэй. Іншая лякарня Бамбея паведаміла пра 24 выпадкі захворвання за апошнія два месяцы ў параўнанні са звычайнымі 6 выпадкамі за год, як паведамляюць брытанскія СМІ", – гаворыцца ў артыкуле.

"(...) Доктар Рагура Хэдж, афтальмолаг з Бангалора, за апошнія два тыдні абследаваў 19 выпадкаў. Некаторыя людзі былі настолькі хворыя, што мы нават не змаглі іх праапераваць", – сказаў ён BBC.

"(...) Гэтае захворванне існавала яшчэ да Covid-19, але ў Францыі сустракалася вельмі рэдка, парадку 1 выпадку на 1 мільён жыхароў ці ад 50 да 100 выпадкаў за год па ўсёй краіне, – нагадвае прафесар Гіём Дэзубо, кіраўнік службы медыцынскай мікалогіі пры Універсітэцкай клініцы Тура, якая звычайна прымае ад двух да трох пацыентаў за год. – Але калі гэта ўзнікае, хвароба робіцца небяспечнай: лятальнасць вагаецца ад 30 да 100% у залежнасці ад пашкоджаных органаў. Гэта вельмі сур'ёзна".

"У пераважнай большасці выпадкаў грыбы сямейства мукоравых (Mucorales), што выклікаюць гэтую інфекцыю, не ўяўляюць праблемы. Яны сустракаюцца паўсюль, па ўсім свеце. Мы ўсе сутыкаемся з імі штодня, мы ўдыхаем іх усюды", – тлумачыць прафесар Дэзубо.

"З іншага боку, уразлівыя для мукоравых грыбоў слабыя пацыенты, якія пакутуюць на іншыя захворванні. У асноўным гэта пацыенты, якія перанеслі гематалогіі, хіміятэрапію або трансплантаты касцявога мозгу, а таксама пацыенты з дыябетам, – удакладняе прафесарка Лантэрнье, лекарка, якая спецыялізуецца на грыбковых інфекцыях у дзіцячай лякарні Некер (Necker-Enfants Malades), і даследчыца Нацыянальнага даведачнага цэнтра інвазіўнага мікозу пры Інстытуце Пастэра. – Той, у каго няма чыннікаў рызыкі, не хварэе на мукармікоз, калі толькі ён не патрапіў у аварыю, якая выклікала глыбокую рану".

"(...) Мы называем гэта чорным грыбком, таму што інфекаваныя тканкі становяцца чорнымі, гэта вельмі ўражліва", – паказвае прафесар Дэзубо.

"(...) У нас ёсць тры прэпараты, але яны выклікаюць мноства пабочных эфектаў, якія часам падахвочваюць нас спыніць лячэнне, – прадаўжае лекар. – Ва ўсіх выпадках спатрэбіцца хірургічнае ўмяшанне, каб выдаліць пашкоджаны кавалак і паспрабаваць стрымаць інфекцыю".

"(...) Covid мае прамое дачыненне да рэзкага росту захворвання на мукармікоз у Індыі, – гаворыцца ў публікацыі. Вядома, што рэспіраторныя вірусныя інфекцыі могуць служыць зручным асяродкам для грыбковай інфекцыі, напрыклад, гэта было добра прадэманстравана пры грыпе", – паказвае прафесарка Лантэрнье. (...) "Дыябет выклікае гіперглікемію і закісляе кроў, што спрыяе росту мукоравых грыбоў", – тлумачыць спецыялістка. Акрамя таго, "Covid-19 выклікае імунны разлад, які ў спалучэнні з лячэннем картыкоідамі значна парушае імунітэт, – дадае прафесар Дэзубо. – Усе гэтыя параметры могуць закласці аснову для грыбковай інфекцыі, трэба выяўляць пільнасць".

"У Францыі гэтае ўскладненне застаецца надзвычай рэдкім. Нам пашанцавала, што ў нас ёсць лякарні, якія вельмі добра абсталяваныя для кантролю якасці паветра ў палатах пацыентаў", – падкрэслівае Гіём Дэзубо. Нават па-за эпідэміяй Covid Індыя з'яўляецца краінай з самым высокім узроўнем захворвання на мукармікоз у свеце – 140 выпадкаў на мільён жыхароў. "Магчыма, таму, што ў навакольным асяроддзі больш Mucorales, а кліматычныя ўмовы больш спрыяюць іх развіццю", – мяркуе прафесарка Фані Лантэрнье. "у Індыі ў адным бальнічным цэнтры рэгіструецца 50 выпадкаў за год. Гэта столькі, колькі ў нас ва ўсіх лякарнях Францыі", – прадаўжае лекарка.

"(...) Аднак урад Індыі даў зразумець, што вялікай эпідэміі мукармікозу не існуе і што гэтая з'ява знаходзіцца пад пільным наглядам. На сёння не вызначана ніякай сувязі з варыянтамі SARS-CoV-2, выяўленымі ў Індыі. Лекары таксама заклікаюць да большай пільнасці ў дачыненні да дозаў картыкоідаў, якія ўводзяцца пацыентам з дыябетам і Covid", – рэзюмуе Сесіль Тыбер.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках