20 красавiка 2024, Субота, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўрапарламенце падрыхтавалі рэкамендацыі ў дачыненнях з РФ

5
У Еўрапарламенце падрыхтавалі рэкамендацыі ў дачыненнях з РФ

Дакумент змяшчае пяць прынцыпаў.

Камітэт Еўрапарламента ў міжнародных справах падрыхтаваў праект рэкамендацый для выбудоўвання доўгатэрміновай стратэгіі ЕЗ у дачыненнях з Расеяй. Дакумент апублікаваны на сайце камітэта. Ён змяшчае 5 асноўных рэкамендацый, якія тычацца як процідзеяння палітыцы расейскіх уладаў, якую аўтары дакумента ўважаюць за агрэсіўную, так і падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Расеі, паведамляе svoboda.org.

Першым прынцыпам з'яўляецца «стрымліванне расейскай пагрозы» - як гаворыцца ў дакуменце, ЕЗ разам з NATO і іншымі партнёрамі павінны процідзейнічаць агрэсіўнай палітыцы Расеі і ціснуць на яе з мэтай «вярнуць акупаваныя тэрыторыі» ўсходнім суседзям ЕЗ. У дакуменце змяшчаюцца і іншыя прапановы на выпадак прадаўжэння агрэсіўных дзеянняў Масквы - гаворка ідзе пра заклікі адключыць Расею ад сістэмы SWIFT, ужываць захады для зніжэння залежнасці ад расейскіх нафты і газу, «ва ўсякім разе, пакуль прэзідэнт Пуцін ва ўладзе».

Другім прынцыпам з'яўляецца барацьба з расейскім уплывам і «гібрыднымі пагрозамі» з боку Расеі ў ЕЗ і суседніх краінах.

Трэці прынцып - «дзеянні ў абарону дэмакратыі», якія рэкамендуецца ўзгадняць з ЗША. Гаворка ідзе аб супольных санкцыйных спісах, адзінай палітыцы барацьбы з адмываннем грошай, міжнародных расследаваннях, падтрымцы праваабаронцаў. Пры гэтым асноватворным прынцыпам павінна стаць «Галоўнае – дэмакратыя»: перспектывы стасункаў з Расеяй павінны залежаць ад гатоўнасці расейскіх уладаў выконваць правы чалавека і забяспечваць свабодныя выбары. Прапануецца наладзіць супрацоўніцтва з няўрадавымі арганізацыямі, такімі як Bellingcat, пры правядзенні расследаванняў. На думку аўтараў дакумента, ЕЗ павінен ініцыяваць міжнародныя расследаванні «злачынстваў, учыненых рэжымам Пуціна супраць народа Расеі», гэтак жа як і аналагічныя расследаванні ў дачыненні да беларускага рэжыму.

Чацвёрты прынцып - гэта «дзеянні ў падтрымку дэмакратыі». Прапануецца, напрыклад, стварыць «Вольную расейскую тэлевізію» з 24-гадзінным вяшчаннем для процідзеяння «прапагандзе пуцінскага рэжыму». ЕЗ, як гаворыцца ў дакуменце, павінен таксама быць гатовым да таго, каб не прызнаваць вынікі выбараў у Дзярждуму Расеі ў 2021 годзе, калі яны не пройдуць сумленна. Еўразвяз, як гаворыцца ў дакуменце, павінен таксама падрыхтаваць «стратэгічнае бачанне будучых дачыненяў з дэмакратычнай Расеяй», якое павінна ўтрымліваць шэраг стымулаў для дэмакратызацыі Расеі, уключаючы лібералізацыю візавага рэжыму, праграмы мадэрнізацыі і стратэгічнае партнёрства.

Пятым прынцыпам названая падтрымка дэмакратыі ў краінах - суседзях Расеі, гаворка ідзе аб умацаванні супрацоўніцтва з краінамі Усходняга партнёрства «з тым, каб яны служылі добрым прыкладам, які стымуляваў бы народ Расеі падтрымаць дэмакратыю».

Дакументы Еўрапарламента носяць рэкамендацыйны характар. Дэпутаты раней адобрылі шэраг рэзалюцый з заклікам да вельмі жорсткай палітыкі ў стасунках з Масквой, аднак Еўракамісія і краіны - чальцы ЕЗ скарысталіся далёка не ўсімі гэтымі рэкамендацыямі. Пры гэтым у Еўракамісіі заяўляюць пра тое, што Расея ўзяла курс на канфрантацыю з ЕЗ, і кажуць пра неабходнасць распрацаваць новую стратэгію дачыненяў з Масквой.

Расея нядаўна абвясціла аб санкцыях у дачыненні да старшыні Еўрапарламента Давіда Сасалі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках