10 знакамітых беларусаў, якія сталі героямі ў раннім узросце
1- 16.05.2021, 21:26
- 4,572
Стаць героем ніколі не рана.
«Жыццё доўжыцца толькі імгненне, – гаварыў Жан-Жак Русо. - Само па сабе яно - нішто, і каштоўнасць яго залежыць ад зробленага». Артыкул planetabelarus.by - толькі пошук довадаў таго, што стаць героем ніколі не рана.
Князь Ізяслаў (блізу 979 – 1001)
Пражыў 22 гады.
Сын полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра, Ізяслаў узышоў на пасад Полацка яшчэ хлопчыкам, у 988 годзе. Летапісцы характарызавалі яго як разумнага і адукаванага чалавека, кніжніка. Больш таго, мяркуецца, што навучанне грамаце першым з усходнеславянскіх кіраўнікоў увёў у сваім княстве менавіта Ізяслаў.
Уладзімір хоча пакараць Рагнеду, але за яе заступаецца княжыч Ізяслаў. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст..jpg
Цікава, што ў горадзе, названым у гонар князя - Заслаўі, - яму ўсталяваныя цэлыя тры помнікі (!): Ізяслаў у дзяцінстве, юнацтве і...сталым веку, да якога князь-родапачынальнік дынастыі Рагвалодавічаў так і не дажыў.
Каралевіч Казімір (3.10.1458 – 4.03.1484)
Пражыў 25 гадоў.
Унук караля Ягайлы і Соф'і Гальшанскай, сам Казімір выхоўваўся як будучы вугорскі манарх, але калі палітычны расклад змяніўся, засяродзіўся на справах Польшчы і ВКЛ. У канцы 1483 года разам з бацькам, каралём Казімірам IV, ён адправіўся на з'езд шляхты ў Люблін, але праз дрэннае самаадчуванне спыніўся ў Гародні, у Старым замку, у якім неўзабаве і памёр - як мяркуюць гісторыкі, ад сухотаў.
Прах Каралевіча перавезлі ў Вільню, дзе пахавалі ў капліцы катэдры Святога Станіслава. А праз сто з невялікім гадоў труна Казіміра была ўскрытая, і ягоныя парэшткі выявіліся некранутымі тленам. У 1604 годзе ў тым жа храме адбылася цырымонія кананізацыі каралевіча Казіміра - такое Вялікае княства Літоўскае атрымала першага нябеснага заступніка-літвіна, у гонар якога з пачатку XVII стагоддзя ў Вільні праходзіць штогадовы кірмаш рамёстваў Казюкі (Казюкас). Дарэчы, Святы Казімір уважаецца за патрона і Гарадзенскай каталіцкай епархіі.
Барбара Радзівіл (6.12.1520-8.05.1551)
Пражыла 30 гадоў.
Выкладаць, нават коратка, гісторыю жыцця Джульеты беларускага Сярэднявечча няма сэнсу. Пра яе хоць аднойчы чулі ўсе. І якімі толькі эпітэтамі ні ўзнагароджвалі першую прыгажуню ВКЛ - ад «вялікай блудніцы» да святой (многія даследчыкі мяркуюць, што цудатворны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, Віленская Мадонна, быў напісаны менавіта з яго). Адно відавочна: яна была, мабыць, першай у нашых краях каралевай, якая выйшла замуж не па дамоўленасці, а па каханні. Зрэшты, трон прынёс ёй толькі пакуты, якія не спыніліся і пасля смерці, калі па неасцярожнасці каханага Барбара ператварылася ў прывід Чорнай Панны.
Сярод знакамітых Радзівілаў не адна яна не перажыла 30-гадовую мяжу. Успомнім хаця б Людвіку Караліну Радзівіл( 1667-1695), якая пасля шлюбу з сынам брандэнбургскага курфюрста пераехала ў Берлін і адтуль спансавала будаўніцтва кальвінскіх збораў на тэрыторыі Беларусі, падтрымлівала Слуцкую друкарню. Або князя Дамініка Радзівіла (1786-1813) – апошняга прадстаўніка Нясвіжскай галіны слаўнага роду, удзельніка паходу Напалеона на Маскву, а таксама апошняга, хто бачыў легендарных 12 залатых апосталаў.
Сафія Слуцкая (1.05.1585-19.03.1612)
Пражыла 26 гадоў.
Ці думала ў юнацтве гэтая рана асірацелая ўладальніца Слуцкага і Капыльскага княстваў, спадчынніца каласальных багаццяў роду Алелькавічаў і самая зайздросная нявеста ва ўсёй Рэчы Паспалітай, што стане беларускай праваслаўнай святой? Наўрад. Якая выйшла замуж, у адрозненне ад Барбары Радзівіл, не па каханні, а паводле дамоўленасці яе апекуноў Хадкевічаў з тымі ж Радзівіламі, Сафія памерла ад родаў мёртванароджанай дачкі. Пахавалі княгіню ў Замкавай царкве Слуцка, побач з бацькам, але парэшткі выявіліся нятленнымі, на грабніцы сталі адбывацца цуды, а аднойчы хросны ход з яе мошчамі нават выратаваў горад ад халеры.
Афіцыйна Праваслаўнай царквой Сафія Слуцкая была кананізаваная ў 1984 годзе. Дарэчы, шмат у чым дзякуючы менавіта княгіні яе родны Слуцк у свой час застаўся адзіным праваслаўным буйным горадам ВКЛ. Мошчы святой цяпер захоўваюцца ў менскай катэдры Святога Духа, а на радзіме ў Слуцку ёй усталяваны помнік.
Эмілія Плятэр (13.11.1806-23.12.1831)
Пражыла 25 гадоў.
Калі б не нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830-1831 гадоў, Эмілія напэўна набыла б гучную славу як фалькларыстка, а можа, і паэтка. З дзяцінства дзяўчынка, якая нарадзілася ў Вільні ў графскай сям'і герба Плятэр, а ў дзевяць гадоў пераехала на Віцебшчыну, збірала беларускія песні, захаплялася харэаграфіяй, пісала вершы, стылізаваныя пад народныя плачы-галашэнні…
Калі ў 1830 годзе ў Варшаве ўспыхнула Лістападаўскае паўстанне, Эмілія арганізавала ў мястэчку Дусяты партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коннікаў ды некалькіх соцень касінераў. За смеласць і рашучасць у баях камандаванне паўстанцкімі сіламі прысвоіла дзяўчыне званне капітана. А пасля трагічнай смерці беларускай Жаны Д'арк, якая захварэла падчас аднаго з зімовых пераходаў, Адам Міцкевіч, які асабіста ведаў Эмілію, напісаў у яе гонар пранізлівы верш «Смерць палкоўніка».
Кастусь Каліноўскі (21.01.1838-10.03.1864)
Пражыў 26 гадоў.
Іншы знакаміты удзельнік вызвольнага паўстання, але ўжо наступнага (1863-1864), яго кіраўнік на тэрыторыі Беларусі, Каліноўскі не мае патрэбу ў дадатковых прадстаўленнях. «Наша ўсё» для многіх сучасных патрыётаў, Кастусь вядомы яшчэ і як публіцыст, які пакінуў нам актуальныя і сёння «Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя за некалькі гадзін да публічнага пакарання на Лукішскай плошчы Вільні.
Каліноўскі і Плятэр - толькі самыя вядомыя з маладых герояў паўстанняў супраць Расейскай імперыі. А колькі іх было ўсяго, патрыётаў сваёй зямлі, якія трапілі ў расейскія жорны і загінулі, не дасягнуўшы ўзросту Хрыста!.. Нельга не ўспомніць Якуба Ясінскага (1761-1794), каменданта Вільні падчас паўстання пад правадырствам Тадэвуша Касцюшкі. Ён быў адкліканы з ВКЛ і загінуў пры абароне Варшавы, калі яму ледзь споўнілася 33 гады.
Ігнат Грынявіцкі (17.06.1856 – 1.03.1881)
Пражыў 24 гады.
Гэты сціплы ўраджэнец Бабруйскага павета кінуў бомбу, ад якой загінуў расейскі імператар Аляксандр II, і сам памёр ад атрыманых у выніку выбуху раненняў праз некалькі гадзін пасля сваёй венцаноснай ахвяры.
У Грынявіцкага было нямала паслядоўнікаў – рэвалюцыянераў-народавольцаў, эсэраў, якія таксама добраахвотна развіталіся з жыццём у маладым узросце. Напрыклад, мянчук Іван Пуліхаў (1879-1906), які рабіў замах на губернатара Курлова, каб адпомсціць за расстрэл мітынгу гараджан. За гэта 26-гадовы эсэр быў павешаны на турэмнай браме, і ягонае цела не здымалі некалькі дзён.
Максім Багдановіч (27.11.1891 – 12.05.1917)
Пражыў 25 гадоў.
Бліскучы паэт, публіцыст, перакладчык і літаратуразнаўца, Багдановіч, нягледзячы на свой юны ўзрост, уважаецца за аднаго са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай беларускай мовы. Застаецца толькі ўявіць і шкадаваць аб тым, колькі яшчэ мог бы стварыць малады класік, калі б не захварэў ён на сухоты. Гэта адбылося ў 1909 годзе. А ў самым пачатку 1917-га сябры паэта сабралі грошы, каб адправіць яго ў Крым на лячэнне. Але Максіму гэта ўжо не дапамагло.
У Ялцінскім доме, дзе памёр Багдановіч, на крэсле каля самага ложка, быў знойдзены яго перадсмяротны верш, у якім ён успамінаў свой адзіны выдадзены пры жыцці зборнік вершаў:
У краіне светлай, дзе я паміраю
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Алесь Дудар (24.12.1904-29.10.1937)
Пражыў 32 гады.
Яшчэ адзін таленавіты літаратар-паэт, раманіст, крытык, адзін з арганізатараў вядомага ў 1920-х аб'яднання творчай моладзі «Маладняк» - падзяліў трагічны лёс большасці яго ўдзельнікаў. У 1929 годзе за публікацыю верша «Пасеклі Край наш папалам...» Дудар быў упершыню арыштаваны, у наступным годзе ён ужо фігураваў у сфабрыкаванай АГПУ справе аб нацыяналістычнай контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», а ў 1937-м прысуджаны тройкай да расстрэлу паводле абвінавачвання ў «антысавецкай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай дзейнасці».
Алеся Дудара расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях менскай турмы НКУС - ён быў адным са ста дзеячаў беларускай культуры: паэтаў, навукоўцаў, журналістаў, знішчаных у тую страшную ноч, якая ўвайшла ў гісторыю як «крыштальная ноч».
Марат Казей (29.10.1929 – 11.05.1944)
Пражыў 14 гадоў.
Самы юны і адзін з самых шанаваных у савецкія гады беларусаў, 14-гадовы партызан-выведнік Марат Казей, які падарваў гранатай сябе і гітлераўцаў, якія яго атачылі. Памяць пра піянера-героя была ўвекавечаная ў многіх кутках СССР, у тым ліку экспрэсіўным манументам у цэнтры Менска.