19 красавiка 2024, Пятніца, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія следчыя апублікавалі запіс размоў Медведчука з расейцамі і баевікамі

2
Украінскія следчыя апублікавалі запіс размоў Медведчука з расейцамі і баевікамі
ВІКТАР МЕДВЯДЧУК У ПЯЧЭРСКІМ РАЁННЫМ СУДЗЕ КІЕВА. 13 ТРАЎНЯ 2021
ФОТА: ВІКТОРЫЯ РОШЧЫНА/HROMADSKE

Запісы тэлефонных размоў прарасейскага палітыка СБУ мела яшчэ з 2014 года.

Журналісты-следчыя ўкраінскага праекта Bihus.Info заявілі, што атрымалі доступ да дзясяткаў гадзін запісаў гутарак кіраўніка палітрады «Апазіцыйнай платформы - За жыццё» і кума Пуціна Віктара Медведчука, якія сведчаць пра яго сувязі з расейскімі чыноўнікамі і баевікамі, паведамляе hromadske.ua.

Са слоў журналістаў, запісы тэлефонных размоў Медведчука Служба бяспекі Украіны мела яшчэ з 2014 года. У той жа час свае крыніцы атрымання запісаў у Bihus.Info не раскрываюць. Зараз журналісты апублікавалі першую частку запісаў - пра сувязі Медведчука з Пятром Парашэнкам, баевікамі і расейскімі чыноўнікамі.

Пра перамовы з баевікамі і Парашэнкам

З запісаў вынікае, што ўжо з чэрвеня 2014 года Медведчук «прапісаўся» ў адміністрацыі тагачаснага прэзідэнта і вёў ад яго імя перамовы з баевікамі. У размове з адным з верхаводаў «ЛНР» Аляксеем Каракіным Медвядчук тады казаў: «Я гэта ўсё раблю на просьбу Пуціна і на просьбу Парашэнкі, але да Парашэнкі і афіцыйных дзеянняў я ніякага дачынення не маю».

Пры гэтым уплываць на баевікоў Медвядчук пачаў яшчэ ў траўні 2014-га, калі здзейсніў першы візіт у «ДНР». Пазней у размове з «Дзімам» (Bihus.Info сцвярджае, што гаворка ідзе пра куратара яго ГА «Украінскі выбар» Дзмітрыя Дарашэнкі) Медвядчук загадвае яму празандаваць глебу на прадмет усталявання кантактаў.

З прааналізаваных размоў у Bihus.Info робяць выснову, што роля перагаворшчыка з «ДНР» і «ЛНР» Медведчуку вызначылі ў Крамлі. Пры гэтым украінскія ўлады прынамсі не пярэчылі супраць гэтага, а з Парашэнкам, са слоў кума Пуціна, яны сустракаліся часам і ўвечары, і ўночы.

У той жа час Медвядчук у размовах сцвярджаў, што здольны ўплываць на прэзідэнта Украіны. Так, у размове ў чэрвені 2014 года згаданы Каракін пагражае знішчыць калону ўкраінскай бронятэхнікі, калі яе прасоўванне не спыняць. Медвядчук заяўляе, што перадасць гэта Парашэнку. Пры гэтым патрабаванняў з украінскага боку ён не перадаваў.

У Bihus.Info таксама сцвярджаюць, што нягледзячы на нібы блізкасць Медведчука да Пуціна і прызначэнне яго перагаворшчыкам з «ДНР» і «ЛНР», кіраўнік палітрады ОПЗЖ камунікуе пераважна з чыноўнікамі з адміністрацыі расейскага прэзідэнта. Сустрэчы з Пуціным Медвядчук дамагаўся некалькі тыдняў.

Такім чынам, Медвядчук стварыў уражанне, нібыта ён здольны ўплываць на нешта ў Крамлі і асабіста на Пуціна, тады як напраўду ягоны ўплыў быў даволі абмежаваным. Ён нават у размовах з баевікамі «ДНР» і «ЛНР» абмяркоўваў пункты так званага мірнага плана, якія ўкраінскі бок падаў у чэрвені 2014 года.

Украінскія войскі для Медведчука - «не нашы»

Для таго каб «узаконіць» ўваходжанне Медведчука у перамовы аб Данбасе, на сайце Крамля з'яўляецца тэрміновае паведамленне, у якім Уладзімір Пуцін вітае ўдзел у іх свайго кума. І 23 чэрвеня Медвядчук з'яўляецца на перамовах, заяўлены як прадстаўнік сваёй грамадскай арганізацыі «Украінскі выбар».

Пры гэтым не было зразумела, які менавіта бок ён прадстаўляе: Украіну афіцыйна прадстаўляў Леанід Кучма, Расея і баевікі таксама адхрысціліся ад Медведчука. Але на наступны дзень, 24 чэрвеня, Медвядчук у гутарцы з Каракіным (верхавод «ЛНР») называе ўкраінскія войскі «не нашымі».

Яшчэ адзін эпізод, які падаюць журналісты Bihus.Info, тычыцца падзей ліпеня 2014 года, калі баевікі збілі два ўкраінскія вайсковыя самалёты. 17 ліпеня Медвядчук тэлефануе аднаму з верхаводаў «ДНР» Аляксандру Барадаю і скардзіцца на тое, што «50 чалавек атакуюць дом» Рыната Ахметава.

Праз некалькі гадзін пасля гэтай размовы на акупаваным Данбасе будзе збіты малайзійскі Boeing, усе 298 пасажыраў і чальцоў экіпажа якога загінуць.

У кастрычніку 2014 года Медвядчук абмяркоўвае з расейскім бокам вынікі парламенцкіх выбараў ва Украіне. У размове з кіраўніком пратаколу Пуціна Уладзімірам Астравенкам ён кажа, што паміж Парашэнкам і Яцэнюком «будзе працягвацца вайна» праз невялікі разрыў у выніках.

У лістападзе 2014 года Медвядчук абмяркоўваў з расейскімі чыноўнікамі, напрыклад тагачасным памочнікам Пуціна Уладзіславам Сурковым і расейскім паслом Міхаілам Зурабавым, праекты законаў аб Данбасе, аб статусе свабоднай эканамічнай зоны для «ДНР» і «ЛНР».

У Bihus.Info мяркуюць, што Медвядчук мог такім чынам уплываць на прыняцце многіх выгадных РФ законаў. Журналісты анансавалі публікацыю яшчэ шэрагу запісаў тэлефонных размоў кума Пуціна - аб бізнэсе на акупаваных тэрыторыях, удзеле ў абмене палонных і захопе нафтаправода на Прыкарпацці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках