20 красавiка 2024, Субота, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Дні Лукашэнкі злічаныя

47
Гары Паганяйла: Дні Лукашэнкі злічаныя
ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА

Мы бачым ягоную агонію.

У ААН прызначылі трох экспэртаў, якія будуць фіксаваць довады парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, каб прыцягнуць да адказнасці памагатых рэжыму Лукашэнкі. Сайт Charter97.org папрасіў старшыню юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» Гары Паганяйлу даць ацэнку такім мерам:

- Я ацэньваю вельмі станоўча усю дзейнасць міжнароднай супольнасці, якая спрабуе змяніць сітуацыю ў Беларусі. Гэта надае нашым людзям пэўны аптымізм. Асобныя інстытуты сусветнай супольнасці, асабліва ААН, ЕЗ, ЗША і шэраг іншых заходніх краін, пільна адсочваюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і рэагуюць на грубыя парушэнні. Цяпер яны спрабуюць выпрацаваць нейкія стратэгічныя кірункі, каб дапамагчы беларускаму народу вырвацца з гэтай сітуацыі тэрору, якая арганізавана акупантамі.

Хунта Лукашэнка спрабуе ўтрымацца пры ўладзе з дапамогаю гвалту, катаванняў, яны спрабуюць прымусіць людзей падпарадкоўвацца аднадумству, але гэтага ўжо ніколі не будзе. Нікому не дадзена вярнуць сітуацыю ў мінулае. Я думаю, што дні Лукашэнкі злічаныя, ягоны рэжым даўным-даўно стаў раскідацца, а цяпер мы бачым яго агонію.

-Наколькі гэта важны сігнал для асяроддзя дыктатара?

- Не ўсе яны разумеюць сваю прафесійную і грамадзянска-прававую адказнасць, да чаго яны прыклалі руку. Многія думаюць, што рэжым утрымаецца і трэба яго кансалідавана падтрымліваць. Аднак хачу заўважыць, што ёсць частка сілавікоў, вышэйшага і сярэдняга звяна чыноўнікаў, у якіх ёсць аб'ектыўнае разуменне ўсёй сітуацыі. У краіне адбываюцца вельмі негатыўныя для грамадства і дзяржавы падзеі, якія наўпрост уплываюць і не могуць садзейнічаць умацаванню дзяржавы, эканамічнай моцы і росквіту людзей.

Я ўжо не кажу пра ніжэйшы ўзровень чыноўнікаў, напрыклад, раённых ці сельскіх. Яны бачаць, што адбываецца, жывуць мясцовымі праблемамі. Ёсць людзі, якія не з рэжымам, але вымушаныя яму падпарадкоўвацца. У большасці такія людзі - баязліўцы, яны трымаюцца за свае месцы і крэслы, якія даюць ім магчымасць нябедна існаваць, таму яны глядзяць з-за рога і чакаюць, чым гэта ўсё скончыцца.

З іншага боку, тым хто ўчыніў цяжкія злачынствы, фактычна адступаць няма куды. Яны прыбітыя да сцяны абставінамі. Яны разумеюць, што ў іх рукі па локаць у крыві, ім ніколі не адмыцца і наперадзе іх чакае суд. Гэта не расправа, а суд, справядлівы і законны.

Сёння яны баязліва хаваюць галаву ў пясок у надзеі, што нейкім чынам улагодзяць паўсталы народ, маўляў, усё можна павярнуць назад, так бы мовіць, у ранейшыя дзесяцігоддзі спакойнага жыцця. Я яшчэ раз паўтаруся - гэтага ўжо ніколі ў Беларусі не будзе. Людзі будуць змагацца ўсімі магчымымі формамі, метадамі, будуць гадзіць гэтаму рэжыму на кожным кроку, усім, чым змогуць, пакуль ён не будзе скінуты.

- Ці можна стварэнне экспэртнай камісіі пры ААН назваць пачаткам трыбуналу над рэжымам у Беларусі?

- Усе дзеянні праваабарончых арганізацый, у тым ліку структур ААН, накіраваныя перш за ўсё на прынцыпы нармальнага мірнага чалавечага жыцця, якія трэба падтрымліваць у кожным пункце зямнога шара, дзе б што ні адбывалася. Вядома, звонку ўплываць на сітуацыю вельмі цяжка, але, тым не менш, у міжнароднай супольнасці, яе інстытутаў, ёсць дастаткова ўплывовыя і эфектыўныя сродкі для таго, каб ўздзейнічаць на злачынныя ўрады.

Рэжым адчувае гэта ціск і дзейнічае ўсведамляючы, што ён будзе толькі ўзмацняцца, пакуль не прывядзе да станоўчага выніку. Усё, што робяць міжнародныя грамадскія інстытуты, праваабарончыя арганізацыі, урады заходніх краін, - гэта ў выніку спрыяльна адаб'ецца на выпраўленні сітуацыі ў краіне. Беларускі народ чакае прымянення дадатковых мер, якія дазволяць, як той казаў, разам не проста пабіць Лукашэнку, а пасадзіць яго на лаву падсудных, каб ён адказаў за зробленае.

Універсальная крымінальная юрысдыкцыя - гэта адзін з інструментаў, які можа быць выкарыстаны пры тых ці іншых абставінах. Гэта нюансы, але дарога абраная правільна. Як юрыст, я ўспрымаю сітуацыю станоўча.

- Акрамя ААН, для прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці пачалі дзейнічаць і іншыя механізмы. Днямі стала вядома, што супраць Лукашэнкі падаюць пазоў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе паводле артыкула «злачынствы супраць чалавечнасці». Як вы пракаментуеце гэтую ініцыятыву?

- Гэтая ініцыятыва таксама ў правільным кірунку, хоць Беларусь не падпісала Рымскі статут, гэта значыць юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда не распаўсюджваецца на грамадзян Беларусі. Варта заўважыць, што нават у выпадку нераспаўсюджвання юрысдыкцыі ёсць умовы і магчымасці, каб ініцыяваць працэс прыцягнення да адказнасці. Напрыклад, калі Генеральны пракурор МУС палічыць доказы злачынстваў дастатковымі для пачатку справы. Такая працэдура прапісаная, бо адказнасць за барацьбу з міжнароднымі злачынствамі ўскладаецца на ўсе краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, іх урады маюць адпаведныя абавязанні перад сваімі грамадзянамі і структурамі ААН.

У многіх краінах у нацыянальным заканадаўстве ёсць адпаведныя крымінальныя механізмы для прыцягнення да адказнасці за міжнародныя злачынствы. Гэта і ўніверсальная юрысдыкцыя, і МУС, і Гаажскі Крымінальны Суд, створаны з мандатам ААН. Але названы мною трэці варыянт - вельмі складаны механізм, бо яго стварэнне звязана з пастановай Рады бяспекі ААН з канкрэтнымі краінамі ці іншымі надзвычайнымі абставінамі.

Трэба, каб за стварэнне такога суда прагаласавалі ўсе краіны, якія ўваходзяць у яго склад. Сёння там знаходзіцца Расейская Федэрацыя і Кітай, якія, хутчэй за ўсё, накладуць вета на такую пастанову, таму я не ўпэўнены, што такі суд можа быць у перспектыве ўтвораны спецыяльна аб падзеях у Беларусі.

Магчыма, у будучыні гэта адбудзецца, але пакуль сам цяжар злачынстваў, небяспека для сусветнай супольнасці не настолькі сур'ёзная, каб звярнуцца да такога сродку як спецыяльны суд ААН у Гаазе.

Значна больш надзей варта ўскладаць на ўніверсальную крымінальную юрысдыкцыю, якую маюць заходнія краіны. Працэс ужо ідзе ў Літве, а таксама на стале ляжаць справы у пракурораў у Польшчы, Латвіі, Чэхіі, Нямеччыне, у шэрагу іншых краін.

Іншая магчымасць - праз суд Міжнароднага крымінальнага суда, калі генеральны пракурор знойдзе неабходнасць і магчымасць для стварэння працэдуры распачынання крымінальнай суда супраць Лукашэнкі і яго клікі.

- Некалькі раней з'явілася заява ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны аб злачынствах Лукашэнкі і неабходнасці выкарыстаць супраць яго прынцып універсальнай юрысдыкцыі. Аўтары ініцыятывы заявілі, што іх мэта - прызнанне рэжыму тэрарыстычным. Якія гэта можа мець наступствы для Лукашэнкі і ягонай ўлады?

- Для Лукашэнкі самыя трывожныя абставіны ў тым, што ён не прызнаны легітымным. Такім чынам, на яго не распаўсюджваецца Венская канвенцыя, якая дае магчымасць сысці ад крымінальнай адказнасці за цяжкія злачынствы, бо дзейнічае так званы імунітэт пераследу кіраўнікоў дзяржаў. Вядома, гэты імунітэт можна пераадолець пры пэўных умовах, але сёння ідзе гаворка пра тое, што выкарыстоўваюць універсальную юрысдыкцыю краіны, дзе распачатыя справы, якія не прызналі легітымнасць Лукашэнкі.

Для іх ён з'яўляецца шараговым бандытам, які чыніць крымінальныя карныя дзеянні, прапісаныя ў міжнародных дагаворах як злачынствы супраць чалавечнасці. Ён захапіў дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам і спрабуе яе ўтрымаць з дапамогай цяжкіх злачынстваў, якія ўжо прывялі да гібелі людзей, цяжкіх цялесных пашкоджанняў у дачыненні да грамадзян.

Рэжым прадэманстраваў катаванні, незаконныя затрыманні, пазбаўленне волі. Суцэльны кашмар, які мы сёння назіраем, калі без належных доказаў людзей асуджаюць на працяглыя тэрміны. Гэта ўсё шэраг злачынстваў, у якіх удзельнічае не толькі Лукашэнка, але і супрацоўнікі сілавых органаў, следчыя, пракуроры, суддзі, якія дзейнічаюць у афіцыйнай якасці, якія выдатна разумеюць, што яны робяць зло, дзейнічаюць не паводле закону.

Калі працэдуры аб узбуджэнні спраў дойдуць да пастаноў аб выдачы ордэраў на арышт, то за гэта можа ўзяцца міжнародная арганізацыя Інтэрпол. Яна будзе шукаць і супрацоўнічаць з краінамі, дзе ёсць яе аддзяленні, супольна з імі будуць праводзіць арышты адшукваюць абвінавачаных і перадаваць іх у рукі правасуддзя.

Гэта тычыцца і самога Лукашэнкі.

Мы памятаем справу чылійскага дыктатара, генерала Аўгуста Піначэта, які быў арыштаваны і перададзены, калі яго самалёт прызямліўся ў Англіі ў аэрапорце паблізу Лондана. Гэта здарылася паводле ордэру, выдадзенага гішпанскім суддзёй Бальтасарам Гарсонам. Там дзейнічалі роўна паводле таго ж прынцыпу ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, бо на тэрыторыі Гішпаніі былі ахвяры чылійскага рэжыму, вайсковай хунты. Пацярпелыя запатрабавалі распачынання крымінальнай справы супраць дыктатара, яго генералаў і атачэння, што чыніла злачынствы, пачынаючы яшчэ з 1973 года. Трэба разумець, што такія справы не маюць тэрмінаў даўніны, яны могуць быць распачатыя праз 20, 30 і 40 гадоў. Калі ёсць дастатковыя і дакладныя довады, што чалавек учыніў злачынства супраць чалавечнасці, то правасуддзе дагоніць кожнага.

- Пытанне, якое сёння хвалюе шмат каго: як, на вашу думку, будзе выглядаць працэс над Лукашэнкам і ягонымі памагатымі? Паводле якіх артыкулаў ён можа быць асуджаны, і якія санкцыі гэтыя артыкулы прадугледжваюць?

- У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць артыкул 128, які практычна ахоплівае ўсе пункты злачынстваў гэтай хунты. Перш за ўсё - гэта пазасудовыя пакаранні смерцю. Давайце ўспомнім, што менавіта так ацэньваюцца дзеянні рэжыму Лукашэнкі, звязаныя са знішчэннем сваіх палітычных апанентаў: Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрый Завадскага. Былі забітыя і некалькі чалавек падчас поствыбарчых выступаў грамадзян на мірных пратэстах.

Ёсць шматлікія факты гвалту, катаванняў, толькі ў беларускія праваахоўныя органы звярнуліся блізу дзвюх тысяч чалавек. Аналагічныя пункты злачынстваў замацаваны ў абсалютнай большасці краін свету. Сёння больш за 300 грамадзян, якія знаходзяцца ў краінах Заходняй Еўропы, гатовыя патрабаваць прыцягнення да адказнасці людзей за ўчыненыя катаванні. Я называў некаторыя краіны, дзе ўжо назапашаныя дасье, гэтыя матэрыялы знаходзяцца на сталах пракуратуры і следства. Больш за 30 спраў ужо знаходзяцца ў вытворчасці кампетэнтных органаў, а гэта значыць, што існуе рэальная магчымасць давесці іх да стадыі выдачы арыштных ордэраў і затрыманне абвінавачаных.

Сітуацыя развіваецца сама па сабе, гэта не замарожаныя справы, следства будзе весціся, і вінаватыя будуць выяўляцца. Доказы збіраюцца не толькі пацярпелымі ад гвалту, але і праваабарончымі арганізацыямі, шэрагам іншых інстытутаў, якія ўжо ўцягнутыя ў збор звестак. Сёння дзейнічае некалькі паважаных арганізацый, якія прафесійна ўзяліся за справу. Яна зрушаная з мёртвай кропкі. Як кажуць у народзе, працэс пайшоў.

Асабіста ў мяне вялікія надзеі на канкрэтныя справы ва ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, якія могуць закончыцца судовымі разглядамі ці за мяжой, ці ў нас у краіне. Адзін з самых галоўных прынцыпаў універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі - гэта абавязацельства краін, што злачынец павінен быць асуджаным альбо ў краіне, дзе ўчыніў злачынства, або выдадзены для правасуддзя ў краіну, якая вядзе працэс.

Напрыклад, Нямеччына можа патрабаваць выдачы Лукашэнкі, каб пачаць працэс яго крымінальнай адказнасці, а можа гэта зрабіць і Беларусь. У кожным выпадку, суд вызначыць і вінаватых пакараюць, а невінаватыя будуць апраўданыя. Як гаворыцца,

справядлівы суд разбярэцца і кожны атрымае сваё. Вось чаго мы чакаем, і гэта адбудзецца.

Пасля падзення рэжыму новае правасуддзе будзе аб'ектыўным і законным, яно дабярэцца да ўсіх, хто чыніў злачынствы супраць беларускага народа. Ніхто не зможа схавацца, бо ў іншых краінах іх будуць шукаць таксама. Я ўжо не кажу пра прыклад Ізраіля, які насуперак міжнародным працэдурам або выманьваў, або таемна выкрадаў сваіх ворагаў, у тым ліку тых, якія чынілі вайсковыя злачынствы ў перыяд Галакоста. Яны паўсталі перад судом Ізраіля. Гісторыя ведае шэраг такіх прыкладаў, зло павінна быць пакаранае.

 

 

 

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках