20 красавiка 2024, Субота, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрадэпутатка Карын Карлсбро: Лукашэнка ўчыніў напад на Еўрапейскі Звяз, адказ мае быць вельмі цвёрдым

11
Еўрадэпутатка Карын Карлсбро: Лукашэнка ўчыніў напад на Еўрапейскі Звяз, адказ мае быць вельмі цвёрдым
КАРЫН КАРЛСБРО

Захад падышоў да моманту, калі трэба прымаць эканамічныя санкцыі.

Лукашэнка выкарыстаў вайсковую авіяцыю для прымусу самалёта авіякампаніі Ryanair да пасадкі ў менскім аэрапорце. Таксама беларускія дыспетчары паведамілі, што на борце самалёта нібыта знаходзіцца бомба.

Пасля пасадкі быў затрыманы журналіст Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына, якія рухаліся з Атэнаў у Вільню.

Міжнародная супольнасць назвала дзеянні рэжыму Лукашэнкі «актам дзяржаўнага тэрарызму». Краіны Захаду патрабуюць увесці санкцыі супраць беларускіх уладаў.

Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць сітуацыю з захопам самалёта дэпутатку Еўрапейскага парламента ад Швэцыі Карын Карлсбро.

- Я ўважаю, што выкарыстанне баявога самалёта для перахопу цывільнага рэйса Ryanair з'яўляецца актам пірацтва, на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» я заявіла, што гэта дзяржаўны тэрарызм.

- Рэйс ляцеў з адной краіны ЕЗ ў іншую, на борце знаходзіліся грамадзяне як мінімум 12 краін Еўразвязу. Лукашэнка загадаў вайсковаму самалёту МіГ-29 ісці за самалётам, што паставіла пад пагрозу жыццё пасажыраў. Раней мы гаварылі пра Лукашэнку як небяспеку для ўласных грамадзян, цяпер ён паказаў, што можа пайсці далей. Ці можна зараз кваліфікаваць дзеянні рэжыму па-іншаму?

- Пэўна, ён узняўся на яшчэ вышэйшы ўзровень. Здарэнне проста недапушчальнае. Яго дзеянні павінны быць асуджаныя самым цвёрдым чынам не толькі з боку Еўрапейскай Уніі, але і з боку ўсіх дзяржаў-сябраў і міжнароднай супольнасці.

Лукашэнка паставіў пад пагрозу звычайных падарожнікаў, якія ляцелі гэтым рэйсам. Учыненне такіх дзеянняў у дачыненні да людзей, свайго народу, нельга назваць інакш як тэрарызмам. Ён хацеў напасці на журналіста ў самалёце, ягоныя метады пераходзяць на іншы ўзровень, што цалкам непрымальна. Гэта дзяржаўны тэрарызм.

- Яшчэ свежыя ўспаміны пра катастрофу рэйса MH17. Тады ў небе над Данбасам загінулі ўсе 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажа. Бо сітуацыя ў Беларусі абвастраецца і цяпер наўпрост пагражае жыццю еўрапейскіх грамадзян. Ці варта забараніць самалётам ЕЗ лётаць над паветранай прасторай Беларусі?

- Спачатку гэта трэба расследаваць, аднак учорашні інцыдэнт паказаў, што падарожнічаць праз Беларусь небяспечна. Мы маем разумець, што гэта можа паўтарыцца зноў. Я думаю, што важна забараніць палёты над Беларуссю. Гэта адзін з інструментаў, які трэба выкарыстоўваць сёння.

- Ці падтрымліваеце вы ідэю адхілення Лукашэнкі ад выкарыстання Інтэрпола ды іншых міжнародных арганізацый у сваіх мэтах?

- Так, зусім недапушчальна, каб дыктатар выкарыстаў такія арганізацыі. Мы маем падтрымліваць адзін аднаго ў барацьбе са злачыннасцю і спрыяць больш бяспечнаму свету. Лукашэнка выкарыстоўвае гэтыя арганізацыі для нападу на дэмакратыю, бяспеку і людзей. Ён не можа быць чальцом такіх арганізацый. Гэта было б зусім наіўна, так што гэта адно з мноства пытанняў, якія трэба абмеркаваць цяпер.

- Bloomberg заявіў, што «патэнцыйныя захады падчас сустрэчы лідэраў ЕЗ могуць уключаць прыпыненне усяго транзіту, у тым ліку наземныя перавозкі, паміж Беларуссю і ЕЗ». Як вы думаеце, гэта можа здарыцца?

- Я думаю, што нам трэба абмеркаваць усе інструменты ціску. Мы чакалі і выявілі трыванне ў дачыненні да Лукашэнкі, вельмі шмат разоў міжнародная супольнасць, а таксама Еўрапейскі Звяз казалі, што «нам трэба ўзняць санкцыі на больш строгі ўзровень». Адказ Еўразвязу мае быць вельмі цвёрдым. Вельмі важна, каб Еўрапейскі Звяз адказаў цвёрда і хутка з гэтай нагоды.

- Што мае адбыцца, каб ЕЗ увёў шырокія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі?

- Я думаю, мы падышлі да моманту, калі мы маем абмеркаваць гэта, бо, як я ўжо сказала, учорашняе здарэнне з'яўляецца экстраардынарным. Мы даўно назіраем напады на грамадзян Беларусі, а ўчора гэта быў напад на Еўрапейскі Звяз ды ідэю вольнага і бяспечнага руху па ўсім свеце.

Гэта быў напад на свабоду, цывільныя жыхары трапілі ў небяспеку. Ён без ваганняў зрабіў гэта. Я думаю, што гэта было узроўнем, які ставіць нас у сітуацыю, калі мы можам зазірнуць пад кожны камень і шукаць пастановы, каб выказаць наш самы цвёрды пункт гледжання. Мы маем асудзіць тое, што здарылася ўчора.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках