25 красавiка 2024, Чацвер, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Эканамічныя санкцыі задушаць рэжым Лукашэнкі за кароткія тэрміны»

12
«Эканамічныя санкцыі задушаць рэжым Лукашэнкі за кароткія тэрміны»

Дзейнічаць трэба імгненна і смела.

Пад будынкам Еўракамісіі ў Варшаве пачалася акцыя беларускіх актывістак. Унучка першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча Станіслава Гліннік і Бажэна Шамовіч абвясцілі бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем увесці жорсткія эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама беларускі патрабуюць, каб Еўропа прызнала рэжым у Менску тэрарыстычным.

Актывісткі беларускай дыяспары паставілі намёты, каб 24 гадзіны знаходзіцца пад будынкам установы, збіраюць подпісы пад зваротам да еўрапейскіх палітыкаў, імкнуцца максімальна звярнуць увагу жыхароў польскай сталіцы да таго, што адбываецца на іх радзіме.

Журналіст сайта Charter97.org наведаў акцыю ў Варшаве і пагаварыў са смелымі беларускамі.

Журналіст Charter97.org: Раскажыце, чаму вы наважыліся на такі даволі радыкальны крок. Што стала астатняй кропляй?

Станіслава Гліннік: Мы разумеем, што санкцыі павінны былі быць уведзеныя ў поўным аб'ёме яшчэ пасля жорсткіх падзей у жніўні. Для нас абсалютна невытлумачальна, чаму пасля такой колькасці рэпрэсій, паламаных чалавечых лёсаў, хвалі міграцыі, Еўразвяз працягвае весці бізнэс з Беларуссю і знаходзіцца на другім месцы сярод партнэраў рэжыму пасля Расеі.

Чаму ў той жа Польшчы прадаюцца калійныя ўгнаенні, вырабленыя на «Гродна Азоце» і «Беларуськаліі»? Чаму «Orlen» плануе падпісаць кантракт з «Беларускай нафтавай кампаніяй».

Прыкладаў сціжма, гэта ўсё можна было спыніць на дзяржаўным узроўні, увёўшы імгненныя і смелыя санкцыі.

Цяпер эканоміка Беларусі коціцца на дно, сёння Еўропа можа ўвесці імгненныя санкцыі, якія проста задушаць рэжым за кароткія тэрміны, а мы пачнём аднаўляць нашу краіну.

Бажэна Шамовіч: Калі казаць пра тое, чаму наважыліся менавіта на галадоўку, то мы ў нядзелю са Стасяй прынялі пастанову пасля таго, як быў затрыманы Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына.

Станіслава Гліннік: Захопленыя.

Бажэна Шамовіч: Захопленыя, менавіта так. Мы былі ў такім шоку. Гэта была нейкая астатняя кропля роспачы. За апошні тыдзень была «студэнцкая справа», блакаванне tut.by.

Станіслава Гліннік: Смерць Вітольда Ашурка.

Бажэна Шамовіч: Так, смерць. Мы зразумелі, што гэта адбылося ўсяго толькі за адзін тыдзень. Як быццам увесь свет пра нас забыў і не хоча пра гэта казаць, ніхто не чуе крыку Беларусі. Мы разважылі, што патрэбны больш жорсткія метады і абвясцілі галадоўку. Думаю, што гэта спрацавала, бо прыехала вельмі шмат польскіх СМІ.

Станіслава Гліннік: І не толькі польскіх.

Бажэна Шамовіч: Мы стараемся рабіць усё, каб тэма Беларусі была актуальнай, каб людзі памяталі, што дагэтуль у Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя. Толькі афіцыйна іх больш за 400 чалавек. Толькі афіцыйна! Больш за 10 чалавек загінулі. І гэта толькі афіцыйна! Мы не ведаем дакладных лічбаў ахвяр. Мы тут, каб звярнуць на гэта ўвагу, каб зрабіць тэму Беларусі актуальнай.

Журналіст Charter97.org: У многіх краінах дыяспара выбірае месцам для пікету пасольства Беларусі. Чаму вы абралі менавіта будынак Еўракамісіі?

Станіслава Гліннік: Ад пасольства Беларусі мы патрабуем толькі аднаго: каб яны пакінулі займаны будынак. Мы разумеем, што ў Еўропе працуюць еўрапейскія механізмы, дэпутаты і парламентарыі слухаюць людзей. Таму мы звяртаемся да іх, ведаем, што яны нас пачуюць. У Польшчы нармальнае дэмакратычнае грамадства, тут палітыкі для таго, каб дапамагаць людзям. Таму мы звяртаемся да еўрапарламентарыяў і абралі форму галадоўкі, бо яна звяртае ўвагу, гэта вельмі радыкальная форма. Хочам, каб тэма Беларусі не сыходзіла з СМІ.

Журналіст Charter97.org: Раскажыце, як рэагуюць жыхары Варшавы на ваш крок? Падыходзяць, цікавяцца? Ці выказваюць падтрымку?

Станіслава Гліннік: Вельмі шмат слоў падтрымкі. Зразумела, што ёсць і нейкія людзі, якія не разумеюць, што мы тут робім, але іх, трэба прызнаць, даволі мала.

Кажуць, што Польшча падзеленая паводле палітычных поглядаў: ёсць левыя, ёсць правыя, але ў пытанні Беларусі ўсё сыходзяцца ў тым, што гэтаму рэжыму пара сыходзіць.

Бажэна Шамовіч: Некаторыя людзі прыходзяць ужо вельмі падрыхтаванымі.

Станіслава Гліннік: Убачылі на тэлевізіі і прыходзяць.

Бажэна Шамовіч: Абвяшчэнне галадоўкі спрацавала, СМІ зацікавіліся тэмай Беларусі і Варшава таксама. Таму прыходзяць, абдымаюць, дораць кнігі, крычаць з акцэнтам па беларуску: «Жыве Беларусь!» І гэта выдатна, гэта нас бадзёрыць і дае веру ў тое, што мы пераможам.

Станіслава Гліннік: Да нас выйшаў прадстаўнік Еўракамісіі. Ён сказаў, што ён інфармаваны пра тое, што тут адбываецца, таксама ведае пра сітуацыю ў Беларусі, будзе старацца зрабіць усё, каб нам дапамагчы.

Журналіст Charter97.org: Вы прадстаўляеце «Беларускi Моладзевы Хаб» - арганізацыю, якая збірае подпісы за ўвядзенне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, заклікае беларусаў у Польшчы ўдзельнічаць у гэтым. Як рэальныя эканамічныя санкцыі могуць паўплываць на рэжым?

Станіслава Гліннік: Мы заклікаем да таго, каб, па-першае, былі накладзеныя санкцыі на дзяржаўныя прадпрыемствы. Гэта нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы - «Белнафтахім», «Нафтан», «Беларуская нафтавая кампанія». Таксама ўгнаенні - «Беларуськалій», «Гродна Азот». Таксама дрэваапрацоўчая прамысловасць - мы ўнеслі ў наш спіс «Пінскдрэў». Наколькі мы ведаем, IKEA ці то плануе, ці то ўжо вырабляе сваю прадукцыю з беларускага дрэва. Іх заводы знаходзяцца ў Беластоку. Самы час гэта трошкі прыпыніць.

Журналіст Charter97.org: Адно з вашых патрабаванняў - прызнанне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным. Чаму вы ўважаеце Лукашэнку за тэрарыста?

Станіслава Гліннік: Тое, што ён зрабіў у нядзелю, - гэта акт міжнароднага тэрарызму. Ён захапіў борт, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Па сутнасці восем гадзін трымаў закладнікаў, не грамадзян Беларусі. Ён выйшаў на міжнародны ўзровень. Мы не проста просім прызнаць яго тэрарыстам, а просім прызнаць Лукашэнку міжнародным тэрарыстам.

А як яшчэ гэта назваць? Ён трымае ўладу, у яго ёсць банда, яны страляюць.

Бажэна Шамовіч: Захопліваюць міжнародныя самалёты.

Журналіст Charter97.org: Многія адзначаюць, што дыяспара за мяжой за апошні час стала вельмі сур'ёзнай сілай. Што сёння могуць зрабіць беларусы, якія знаходзяцца па-за межамі краіны?

Бажэна Шамовіч: У першую чаргу - гаварыць пра Беларусь. Мы часта сутыкаемся з тым, што калі людзі з'язджаюць, то спрабуюць забыцца пра тое, што адбываецца, спрабуюць уцячы ад тых праблем, якія былі дома. Гэта зразумела, гэта ахоўная рэакцыя. Аднак важна гаварыць і нагадваць, што адбываецца ў тваёй краіне. Вельмі важна аб'ядноўвацца. Таму што, на жаль, ёсць вельмі вялікая разрозненасць сярод беларусаў за мяжой, нават перацягванне коўдры. Каб мы былі агульнай сілай, якая абараняе людзей, якія знаходзяцца ў нашай краіне, мы павінны быць іх голасам, змагацца за іх.

Станіслава Гліннік: Беларуская дыяспара сёння здабыла нябачаную сілу. Мала таго ў нас IT-краіна, пісьменныя і адукаваныя людзі, якім ніяк не замінае пратэставаць тое, што яны знаходзяцца за мяжой.

За мяжой знаходзяцца многія каардынатары пратэстных чатаў, за мяжой знаходзяцца аўтары праектаў дапамогі як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Тут мы можам скончыць тое, што пачалі рабіць беларусы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках