12 траўня 2021, Серада, 15:15
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі старажытнае жытло чалавека

2
Навукоўцы знайшлі старажытнае жытло чалавека

Адкрыццё зробленае ў паўднёваафрыканскай пячоры.

Археолагі даўно вывучаюць пячору Вандэрверк (Wonderwerk Cave) у ПАР: тут былі знойдзеныя каменныя прылады і іншыя сведчанні, якія дэманструюць гісторыю чалавецтва і навакольнага асяроддзя ад ранняга каменнага стагоддзя да нашых дзён. У 2008 годзе археолагі з Універсітэта Таронта паведамілі, што найстаражытнейшы каменны артэфакт мае ўзрост блізу двух мільёнаў гадоў, але многія іх калегі ўсумніліся ў гэтых высновах, паведамляе National Geographic.

Цяпер навуковы інструментарый стаў больш дакладным, і датаванне было праведзенае нанова. Спецыялісты прааналізавалі амаль дзве сотні ўзораў, ужыўшы некалькі розных метадаў. Новыя звесткі пацвердзілі ранейшыя вынікі: самыя старыя прылады з пячоры Вандэрверк былі вырабленыя 1,77-1,93 мільёна гадоў таму.

Артэфакты належаць да алдувайскай культуры: першай прымітыўнай культуры апрацоўкі каменя, дзе для атрымання вострага краю той проста расколваўся напалову, без дадатковай дапрацоўкі. Ва Усходняй Афрыцы былі выяўленыя такія прылады ўзростам амаль 2,6 млн гадоў назад, але знаходка ў Вандэрверку стаіць асобна. Гэта не стаянка пад адкрытым небам, а практычна паўнавартаснае жыллё, і чалавек працаваў над сваімі інструментамі менавіта ў гэтых сценах.

У той час гэтая частка Афрыкі была заселеная як мінімум трыма відамі гамінінаў, сярод якіх чалавек умелы (Homo habilis) быў самым развітым. Разам з тым, чалавечых парэшткаў у пячоры знойдзена не было. У навукоўцаў ёсць два тлумачэнні гэтаму: косткі маглі расцягнуць сцярвятнікі, ці ж людзі не хацелі хаваць сваіх памерлых там, дзе елі і спалі.

Першыя насельнікі пячоры нават вучыліся выкарыстоўваць агонь: сляды паказваюць, што яны прыносілі з лесу фрагменты дрэва, якія загарэліся ад маланкі, каб гатаваць з іх дапамогай ежу. Усе ранейшыя сведчанні аб выкарыстанні гамінінамі агню належаць да адкрытых дзялянак, і тыя асяродкі маглі быць выпадковымі ўзгараннямі.

Датаванне дагістарычнай дзейнасці чалавека ў пячоры Вандэрверк мае важнае навуковае значэнне. Прафесар Майкл Чазан з Універсітэта Таронта, які браў удзел у абодвух даследаваннях, тлумачыць, што гэтыя адкрыцці з'яўляюцца важным крокам на шляху да разумення эвалюцыі чалавека на афрыканскім кантыненце. На аснове часовай шкалы з пячоры Вандэрверк даследчыкі прадоўжаць вывучаць сувязі паміж эвалюцыяй чалавека, зменай яго ладу жыцця і змяненнем клімату.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».