18 красавiка 2024, Чацвер, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што будзе з коштамі і стаўкай рэфінансавання ў Беларусі?

2
Што будзе з коштамі і стаўкай рэфінансавання ў Беларусі?
ФОТА: TUT.BY

Меркаванне экспэрта.

Якога росту спажывецкіх коштаў можна чакаць у Беларусі найбліжэйшым часам і за год? Ці будзе мяняцца стаўка рэфінансавання і калі так, то ў які бок?

Сваё меркаванне пра гэта ў каментары Myfin.by выказаў фінансавы кансультант Міхаіл Грачоў. Нагадаем, што стаўка рэфінансавання была падвышаная 21 красавіка да 8,5%. У сакавіку 2021 года гадавы прырост спажывецкіх коштаў склаў 8,5%.

Аб росце коштаў

- У першым квартале інфляцыя вырасла істотна ў параўнанні з мінулым годам і тым узроўнем, які быў вызначаны ўрадам у прагнозных паказчыках. Як паказваў Нацбанк Беларусі ў каментарах да статыстычных звестак па сакавіку і першаму кварталу, тут адбіўся ўплыў як вонкавых, так і ўнутраных фактараў. Сярод вонкавых фактараў можна адзначыць рост коштаў прадуктаў харчавання ва ўсім свеце, а ўнутраных - рост адміністрацыйна рэгуляваных коштаў і тарыфаў.

У другім квартале рост коштаў прадуктаў харчавання можа быць крыху паніжаны. Надыходзіць вясенне-летні перыяд, выходзяць на прылаўкі сезонныя тавары, і гэта ў нейкай ступені да зніжэння кошту харчовага кошыка. Так што фактар сезоннасці крыху паўплывае на інфляцыйныя паказчыкі - у бок патаннення харчовага кошыка.

Але ёсць жа і іншыя тавары. Так, мы бачым, напрыклад, што раздробныя кошты аўтамабільнага паліва растуць. Чарговае падвышэнне цаны на 1 капейку адбылося 4 траўня, і гэта ўжо 13-е падаражанне ў 2021 годзе. Так, капеечка да капеечкі, і кошт бензіну вырас адчувальна. І цяжка зразумець, калі «Белнафтахім» возьме гэтыя падвышэнні «на капейчыну» на паўзу. Таму што ў сувязі з санкцыйнымі чаканнямі ёсць імавернасць таго, што пастаўкі сырой нафты на нашы НПЗ могуць быць абмежаваныя ў траўні. Акрамя таго, з чэрвеня планава падвышаюцца некаторыя тарыфы на паслугі ЖКГ, напрыклад, субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады, тарыф на газ.

Сукупнасць гэтых фактараў у другім квартале можа падтрымаць інфляцыю на тым узроўні, які склаўся на сёння - 8,5% у гадавым вылічэнні. Можа, у траўні інфляцыя трошкі знізіцца - да 8,2-8,3%. Але малаімаверна, што яна будзе ніжэйшай за 8% у траўні і наогул за другі квартал.

У далейшым Нацбанк разлічвае, што названыя фактары будуць зніжаць свой уплыў на інфляцыю. Але рэгулятар далёкі ад таго, каб да канца года чакаць інфляцыю, меншую за 7%. Гэта значыць, прагнозны паказчык 5,5% адкладзены ў далёкую скрыню.

Ці зменіцца стаўка рэфінансавання?

- Апошняе падвышэнне стаўкі рэфінансавання 21 красавіка да 8,5% прывяло фінансавую сістэму да нейтральнага стану. Гэта значыць, цяпер стаўка рэфінансавання з'яўляецца нейтральнай. У тых варунках, якія складаюцца ў інфляцыйных паказчыках, пакуль няма ніякіх падставаў для паніжэння або падвышэння дзейнай стаўкі Нацбанкам.

Так што з вялікай доляй імавернасці ў найбліжэйшыя паўгода і, магчыма, да канца года стаўка рэфінансавання застанецца на тым жа ўзроўні. Калі змяненне і адбудзецца, то ў межах мінімальных значэнняў - можа быць, на 0,25%, прычым гэта дапушчальна як у адзін, так і другі бок, пры пагаршэнні сітуацыі. Таму што нейтральны кошт грошай - гэта ідэальнае развязанне. Фактычна ўнутры краіны назіраецца дэфіцыт ліквіднасці. Гэта бачна са звестак статыстычнага бюлетэня ад 30 красавіка, апублікаванага Нацбанкам. Напрыклад, паказчык шырокай грашовай масы сведчыць, што колькасць грошай у эканоміцы памяншаецца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках