29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Змена ўлады - галоўная ўмова выратавання Беларусі

24
Змена ўлады - галоўная ўмова выратавання Беларусі
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Збліжэнне з Еўропай дазволіць абараніць нашу незалежнасць і забяспечыць годнае жыццё народу.

Беларусь мае патрэбу ў тэрміновым рэфармаванні не толькі палітычнай сістэмы, але і эканомікі.

Шматгадовае дыктатарскае праўленне здольнае прадукаваць толькі праблемы, як унутры краіны, так і ў міжнародных дачыненнях. Мы павінны як мага хутчэй расстацца з гэтай гнілой сістэмай, каб паспець зберагчы краіну ад краху, каб прадухіліць ператварэнне грамадзян Беларусі ў рабоў. Толькі свабодныя грамадзяне могуць стаць прафесіяналамі, здольнымі працаваць на карысць сваёй краіны і бараніць свае правы і інтарэсы.

Сёння ў турмы кінутыя не проста адважныя людзі, патрыёты, героі, за кратамі апынуліся тыя, хто здольны і павінен кіраваць дзяржавай, рэфармаваць эканоміку краіны, забяспечваць годнае паступальнае развіццё Беларусі.

Сярод іх - лідары і актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Мінулы год, 2020-ы, стаў годам абрынання рэжыму Лукашэнкі. На жаль, занадта доўга прадаўжалася праўленне гэтай калгаснай зграі, але летась яно прыйшло да свайго лагічнага канца.

Лукашэнка яшчэ чапляецца за ўладу, але ўжо не кіруе дзяржавай у тым сэнсе, што ягоны рэжым ніяк не здольны развязваць элементарныя эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя праблемы.

Хутчэйшы сыход Лукашэнкі - гэта ўжо не проста патрабаванне пераважнай большасці беларусаў, гэта галоўны фактар захавання незалежнасці Беларусі і выратавання нашай эканомікі.

Ужо сёння бачна, што пераход ад дыктатуры да дэмакратыі (а толькі такая форма дзяржаўнага ладу дазволіць правесці неабходныя рэформы), запатрабуе напружанай і самаадданай працы, якой выстарчыць на ўсіх. На ўсе палітычныя і грамадскія сілы Беларусі.

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», безумоўна, будзе браць самы актыўны ўдзел у аднаўленні нармальнага жыцця ў краіне, якое пачнецца з правядзення свабодных выбараў.

На наш погляд, спачатку мэтазгодна правесці парламенцкія выбары на аснове Канстытуцыі 1994 года. Гэта падрыхтуе ўмовы для стваральнай сінергіі і дазволіць адначасова займацца і законатворчасцю, і практычнымі бакамі жыццядзейнасці дзяржавы.

Пачынаць перабудову палітычнай сістэмы з прэзідэнцкіх выбараў небяспечна, бо залішняя ўлада можа апынуцца ў руках адной групы, згубныя наступствы чаго мы і назіраем сёння.

Наш удзел у сумленных выбарах будзе грунтавацца на двух асноўных прынцыпах: незалежнасць Беларусі і інтэграцыя з Еўропай.

Логіка тут простая: у Еўропе дзейнічаюць законы, абароненыя правы чалавека і маецца багаты станоўчы досвед палітычных і эканамічных пераўтварэнняў. Нашы ўсходнія суседзі, на жаль, пайшлі шляхам лукашэнкаўскага рэжыму і не толькі не з'яўляюцца для Беларусі крыніцай станоўчага досведу трансфармацый, але і пагражаюць нашай незалежнасці, а таксама ўтрымліваюць дыктатуру ў Беларусі.

«Еўрапейская Беларусь», заснаваная ў 2008 годзе, з самага пачатку сваёй дзейнасці бараніла еўрапейскі вектар развіцця нашай краіны пры безумоўным захаванні і ўмацаванні нашай незалежнасці. Гэта былі асноўныя прынцыпы нашага ўдзелу ў палітычных кампаніях, у тым ліку ў кампаніі 2010 года, звязанай з «прэзідэнцкімі выбарамі». Нашы сустрэчы з выбарцамі праходзілі ў фармаце сур'ёзнага і зацікаўленага абмеркавання шляхоў развіцця Беларусі, і мы ўбачылі, што нашы падыходы падзяляюць мільёны жыхароў нашай краіны.

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» уважае за безумоўную каштоўнасць адноўленую незалежнасць Беларусі. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» сваёй самаадданасцю і прынцыповасцю шмат зрабілі для захавання нашай незалежнасці, нягледзячы на пераслед і рэпрэсіі з боку дыктатарскага рэжыму, якія прадаўжаюцца па гэты дзень.

Пытанне змены ўлады ў Беларусі - гэта пытанне выжывання краіны і заваёвы свабоды для ўсіх і для кожнага.

Змена ўлады дазволіць рэалізавацца вялізнаму стваральнаму і творчаму патэнцыялу, які так яскрава выяўляецца падчас нашай рэвалюцыі.

Збліжэнне з Еўропай дазволіць абараніць нашу незалежнасць і забяспечыць годнае жыццё народа.

Жыве вольная еўрапейская Беларусь!

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», europeanbelarus.org

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках