18 чэрвеня 2021, Пятніца, 12:46
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Цапкала расказаў, як Лукашэнка крадзе грошы ў беларусаў

44
Валерый Цапкала расказаў, як Лукашэнка крадзе грошы ў беларусаў
ФОТА: GETTY IMAGES

Шэрыя схемы беларускага рэжыму.

5 траўня на ютуб-канале Валерый Цапкала выклаў 20-хвіліннае відэа з назвай «Лукашэнка крадзе грошы ў беларусаў», у якім экс-прэтэндэнт у прэзідэнты распавядае пра «шэрыя схемы», звязаныя з беларускім прадпрыемствам «beCloud», якія надае паслугі дата-цэнтра, паведамляе «Еўрарадыё».

Валерый Цапкала сцвярджае, што СТАА «Беларускія хмарныя тэхналогіі» - «beCloud» - мае «манапольнае права на размяшчэнне рэсурсаў усіх дзяржаўных арганізацый і ўстаноў». Гэта нібыта дазваляе кампаніі назапашваць вялікія грашовыя сродкі і выводзіць іх на рахунак прыватных асоб.

«СТАА «Беларускія хмарныя тэхналогіі» падпарадкаваныя наўпрост ААЦ [Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Лукашэнку. - заўв.], які курыруецца адным з яго [Лукашэнкі. - заўв.] дзетак», - кажа Цапкала.

Палітык прыводзіць у прыклад КДБ і МПЗ, якія маглі б скарыстацца паслугамі прыватнага дата-цэнтра ці пабудаваць сваё сховішча баз звестак, але нібыта зрабіць гэтага не могуць. Маўляў, структуры абавязаныя выкарыстоўваць толькі рэсурс beCloud, нават калі кошт яго выкарыстання будзе перавышаць рынкавы ў некалькі разоў.

- У Беларусі створаная кампанія [beCloud], дзе 50 адсоткаў акцый належыць дзяржаве, а астатняе - кіпрскай афшорнай кампаніі «SABSICCA HOLDINGS», - распавядае Валерый Цапкала. - Для таго каб заблытаць тых, хто будзе праяўляць цікавасць да таго, хто з'яўляецца канчатковым бенефіцыярам, кампаніі-заснавальнікі «SABSICCA HOLDINGS» зарэгістраваныя на Сейшэльскіх астравах. Зроблена ўсё гэта для таго, каб схаваць канчатковага спажыўца бюджэтных грошай, якія выводзяцца за межы Беларусі.

Іншая частка відэа прысвечаная манапалізаванаму, на думку Валерыя Цапкалы, праву на выкарыстанне частотнага рэсурсу.

- Ва ўсіх краінах свету дзяржавы прадаюць ліцэнзію на частотны рэсурс. Частотны рэсурс - частка нацыянальнага здабытку краіны, - распавядае Цапкала. - Ён каштуе вялікіх грошай. Напрыклад, бюджэт Чэшскай Рэспублікі зарабіў на продажы ліцэнзій 4G тром аператарам 450 мільёнаў даляраў. У бюджэт Вугоршчыны паступіла 520 мільёнаў даляраў. Гэта краіны былога сацлагеру, супастаўныя з нашай краінай у колькасці насельніцтва. Як вы думаеце, колькі атрымаў за гэты частотны рэсурс бюджэт Рэспублікі Беларусь? Правільна, нуль рублёў, нуль капеек. Таму як адзіная эксклюзіўная і да таго ж бясплатная ліцэнзія была прадстаўленая кампаніі beCloud. Такім чынам, бюджэт Рэспублiкi Беларусь недаатрымаў блізу 500 мільёнаў даляраў.

Сканчаецца відэа зваротам палітыка да беларускіх сілавікоў, у якім ён заклікае іх правесці расследаванне:

«Цяпер, пасля публікацыі ўсіх гэтых дакументаў, я перакананы, што і пракуратура Рэспублікі Беларусь, і КДБ, і іншыя праваахоўныя органы запытаюць у афшорнай кіпрскай кампаніі вынікі гаспадарчай дзейнасці, а таксама пацікавяцца ў дачыненні да канчатковых бенефіцыяраў гэтых кампаній», - заклікае да сілавікоў палітык у сваім звароце. З аналагічнай просьбай Валерый Цапкала звяртаецца да ГУБАЗіК і Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК.

На выпадак, калі якая-небудзь сілавая структура сапраўды адгукнецца на просьбу Валерыя Цапкалы і пачне расследаванне, журналісты падказваюць правільную назву кампаніі, згаданай ў відэа, - «SABSCISSA HOLDING LTD».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».