19 красавiка 2024, Пятніца, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: У змове супраць Лукашэнкі ўдзельнічае кожная беларуская сям'я

21
Зміцер Бандарэнка: У змове супраць Лукашэнкі ўдзельнічае кожная беларуская сям'я
Фота: AP

Перамен у краіне хочуць абсалютна ўсе.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Бесперапынныя пратэсты ў Беларусі доўжацца ўжо 271 дзень. Давайце зафіксуем, чаго за гэты час удалося дамагчыся, у якім пункце рэвалюцыі мы знаходзімся?

- Дамагчыся ўдалося шмат чаго. Напрыклад, зусім нядаўна быў агучаны дакумент удзельнікаў пасяджэння міністраў замежных спраў «вялікай сямёркі», дзе гаворыцца пра неабходнасць правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і вызвалення ўсіх арыштаваных паводле палітычных спраў.

Гэта акурат кажа пра тое, што беларускае пытанне абмяркоўваецца на самым высокім сусветным узроўні, гэта прызнанне таго, што сапраўды беларускі народ выказаў сваю волю да перамен і падчас выбараў, і падчас шматмесячных пратэстаў супраць іх фальсіфікацыі. Такога ніколі не было, каб пра Беларусь казалі на такім высокім узроўні.

У рэвалюцыі існуе час наступу і час абароны - цяпер мы знаходзімся ў абароне, якая таксама з'яўляецца неад'емнай часткай рэвалюцыйнага працэсу.

Бываюць такія падзеі, калі ўсё адбываецца за некалькі дзён, але паколькі ў нас сапраўды таталітарны рэжым, наша барацьба працягваецца.

Выкажу сваё меркаванне: мы маем справу не толькі з беларускай рэвалюцыяй, мы маем справу з рэгіянальнай рэвалюцыяй, якая пачалася ва Украіне, дзе ўкраінскі народ выступіў супраць спроб устанаўлення дыктатуры. Беларусы цяпер хочуць змен да лепшага, хочуць, каб краіна стала падобнай да еўрапейскай краіны. Рэвалюцыйныя працэсы, на мой погляд, мы бачым і ў Расеі, дзе пуцінскі рэжым выглядае адсталым і архаічным на фоне развіцця новых тэхналогій, на фоне таго, што маладое пакаленне расейцаў імкнецца жыць у цывілізаванай краіне.

- Калі казаць пра становішча рэжыму, то адным з маркераў з'яўляецца гісторыя з так званай змовай супраць Лукашэнкі. Якія наступствы яна мае?

- Я б сказаў некалькі слоў пра прычыны гэтай падзеі. На мой погляд, вось гэтая прапагандысцкая кампанія «Змова» была інсцэнавана расейскім бокам. Мы ведаем, што прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава ў самым пачатку ўсёй гэтай гісторыі выступіла з публічнай заявай, што высылка 18 расейскіх шпіёнаў-дыпламатаў з Чэхіі і іншых краін звязана з тым, каб перакрыць «найважнейшая падзеі - змову супраць Лукашэнкі». Тут сама Захарава паспрабавала выступіць у ролі спін-доктара, чалавека, які спрабуе змяніць неспрыяльнае асвятленне нейкай падзеі СМІ, але выступіла ў ролі класічнага злодзея, які крычаў «трымаеце злодзея» пра іншых. Гэта проста анекдатычна.

Калі змова супраць Лукашэнкі была, то чаму менавіта Чэхія надумала выслаць 18 расейскіх дыпламатаў, каб змяніць тэму, інфармацыйны парадак дня?

Сітуацыя выглядае так, што расейцы ведалі, што гэтая высылка адбудзецца, скандал будзе вялікі, а за ўсім гэтым будуць санкцыі, бо фактычна было даказана вядзенне баявых дзеянняў, аперацый на тэрыторыі краіны NATO.

Доказы датычнасці Расеі да гэтых выбухаў, якія прывялі да ахвяр, сталі моцным ударам ва ўсіх кірунках па Маскве - і ў палітычным, і інфармацыйным плане. Крамлю трэба было перавесці стрэлкі, паспрабаваць змяніць тэму. Тут і папрасілі Лукашэнку: «Саша, дапамажы, пакажы змову». Ён яе і паказаў так, як мог ён і яго спецслужбы-дэградаты.

Абсалютна зразумела, чаму гэта выклікала смех у Беларусі. На ролю галоўных змоўшчыкаў былі прызначаныя Фядута і Кастусёў. Натуральна, гэта фігуры, якія ніяк не цягнуць на арганізатараў змоў, але для расейскай аўдыторыі паспрабавалі прадаць вось гэтую, скажам, імправізацыю. Не атрымалася ні там, ні там, а што рабіць з гэтай змовай - ніхто не ведае.

Мы можам толькі ў гэтай сітуацыі пасмяяцца і паспачуваць тым людзям, якія былі прызначаны на ролю «ахвярных казлоў». Бо напраўду ў змове супраць Лукашэнкі ўдзельнічае кожная беларуская сям'я. На кожнай кухні сёння абмяркоўваюць, што рабіць з Лукашэнкам: павесіць, расстраляць ці чвартаваць.

- Часта даводзілася чуць пра тое, што вызначальнай для перамогі падзеяй у жніўні стаў бы пераход сілавікоў на бок народа. За апошнія час з'явілася інфармацыя аб забароне выезду супрацоўнікаў МУС і КДБ з Беларусі, аб пазбаўленні рангаў 87 афіцэраў, масавай «аптымізацыі» у розных органах. Ці могуць такія дзеянні паўплываць на пераход сілавікоў на бок народа ў будучыні?

- Калі казаць пра жнівень 2020 года - тады сітуацыя была вельмі далікатная для рэжыму. Тут трэба разумець, што Лукашэнка як баязлівец адмовіўся ад таго, каб удзельнічаць у выбарах на роўных з такімі людзьмі, як Статкевіч, Бабарыка і Ціханоўскі. Ён іх проста адправіў у турму, а прызначыў сваім апанентам хатнюю гаспадыню Святлану Ціханоўскую. Лукашэнка з трэскам саступіў ёй выбары, але разумеў, што жанчына без усялякага досведу не стане той асобай, якой прысягнуць сілавікі Беларусі.

Калі б на выбарах перамог (а кожны з іх бы перамог) Статкевіч, Бабарыка або Ціханоўскі, то, ясная рэч, што ў жніўні б адбыўся пераход большасці кіраўнікоў сілавых ведамстваў на бок пераможцы. Прысягаць спалоханай Ціханоўскай для сілавікоў было складана.

Далейшыя падзеі паказалі, што войска не хацела выконваць злачынныя загады Лукашэнкі, кіраўнікі войска ўсяляк імкнуліся ўхіляцца ад выкананняў гэтых загадаў. Мы памятаем, калі Лукашэнка бегаў з аўтаматам, нават выдаў баявую зброю свайму непаўналетняму сыну, абы заручыцца падтрымкай АМАПу, які яго абараняў. Усё гэта сведчыла аб тым, што ягоная ўлада сапраўды вісіць на валаску.

З іншага боку, можна сказаць, што сярод афіцэраў, сяржанцкага, шараговага складу і войска, і міліцыі, і ўнутраных войскаў было дастаткова шмат сапраўдных герояў, людзей, якія разумеюць прысягу як абарону грамадзян, а не як выкананне злачынных загадаў звар’яцелага дыктатара.

Не толькі 87 чалавек, але сотні і тысячы людзей звольніліся ў гэты час, сабатуючы загады Лукашэнкі. Натуральна, шматгадовая селекцыя сілавых структур, калі кадры набіраліся не паводле прафесійных якасцяў, а паводле гатоўнасці выканаць кожны загад ці, магчыма, прымаліся людзі з нездаровай псіхікай, адбілася. На жаль, у той момант шматлікія супрацоўнікі сілавых структур сталі злачынцамі, выкарыстаўшы сілу супраць свайго народа, а таксама катаванні і здзекі супраць незаконна затрыманых мірных грамадзян.

Зараз адбываецца працверажэнне, бо яны таксама чытаюць інфармацыю пра тое, што ў розных краінах на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі распачынаюцца справы супраць беларускіх злачынцаў у форме. Ужо створаная міжнародная платформа, якая рыхтуе дакументы ў ААН і для падрыхтоўкі Гаажскага суда для верхаводаў беларускага рэжыму. Ідзе назапашванне фактаў паводле тысяч выпадкаў незаконных дзеянняў сілавых структур.

Шмат у чым развязання пытання аб тым, на чыім баку апынуцца прадстаўнікі сілавых структур, будзе залежаць і ад разумных дзеянняў лідараў беларускага пратэсту.

Безумоўна, з сілавікамі, няхай і ўчынілі злачынствы, трэба працаваць і тлумачыць ім, якая цяпер сітуацыя ў краіне, што можа чакаць злачынцаў далей. Бо наша перамога ў рэвалюцыі непазбежная, я думаю, што значная частка беларускіх вайскоўцаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў іншых сілавых ведамстваў нарэшце пяройдзе на бок народа.

- Калі казаць пра геапалітыку, апошнім часам Лукашэнка пачаў казаць пра перакрыццё транзіту праз Беларусь. У глабальным сэнсе, такія дзеянні могуць наблізіць ўсведамленне таго, што і Захаду, і Усходу патрэбны стабільны і дамоваздольны кіраўнік Беларусі?

- Несумненна, бо Лукашэнка ж не перакрые пастаўку толькі заходніх тавараў у Расею і Кітай, як ён кажа. Ён перакрые агульны транзіт, а бакамі, якія панясуць значныя страты, будуць як Еўразвяз, гэтак і Расея, Кітай ды іншыя краіны. Гэтая заява гаворыць пра яго псіхічную неадэкватнасць і вы маеце рацыю, што выпрацоўка супольнай пастановы ключавых сусветных гульцоў і краін, якія з'яўляюцца суседзямі Беларусі, аб развязанні пытання Лукашэнкі паскорыцца. Магу сказаць, што пастанова будзе не на ягоную карысць.

- Да жнівеньскіх падзей мэйнстрымам сярод беларускіх аналітыкаў і палітолагаў было тое, што «выбары пройдуць паводле сцэнару 2015 года, рэжым маналітны, а апазіцыя слабая». Вы, іншыя прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі», казалі пра тое, што сітуацыя ў Беларусі рэвалюцыйная. На якія чыннікі вы абапіраліся ў сваім прагнозе?

- Пратэсты абураных беларусаў, маршы «недармаедаў» у 2017 годзе, сведчылі пра тое, што беларускі народ трываць такое становішча ўжо не хоча.

Адначасова гэтыя падзеі сталі сігналам зваротнай сувязі для ўсіх беларусаў: тое, пра што казалі простыя жанчыны, мужчыны, моладзь, напрыклад, у Пінску, было вельмі сугучна з тым, што адчувалі людзі ў Віцебску. На пратэстах у Берасці казалі зразумелыя для жыхароў Гомеля рэчы. Тады геаграфічны ахоп і масавасць акцый сведчылі, што жыццё простых людзей у Беларусі вельмі цяжкае.

Другі чыннік кажа пра тое, што Лукашэнку пара мяняць, ён перастаў выказваць інтарэсы вялікай групы кіроўнага класа: і чыноўнікаў, і абсалютна большасці сілавікоў, і дырэктарату, бо гэтыя людзі хацелі б нармальнага жыцця.

Шмат у каго ёсць камяніцы, уласнасць, «заводзікі», якія яшчэ дзяржаўныя, але напраўду пад іх кантролем, у многіх ёсць рахункі за мяжой. Многія з іх хацелі б легальна і законна займацца бізнэсам і спакойна падарожнічаць па свеце.

Паводзіны дыктатара падчас каранавіруса, які прывяло да смерцям дзясяткаў тысяч беларусаў, у тым ліку, чыноўнікаў, і сілавікоў, родных і блізкіх дзяржаўных службоўцаў, паказала, што Лукашэнка проста неадэкватны, ён небяспечны для ўсіх. Калі людзей з сістэмы - Бабарыку або Цапкалу - падтрымала столькі дзяржаўных службоўцаў, калі ўлада прызнае, што вельмі многія сілавікі падпісваліся за вылучэнне іх у кандыдаты ў прэзідэнты, стала зразумела, што час калгаснага дыктатара канчаткова мінуў.

Таксама ўлада давяла эканоміку краіны да абуха і абсалютная большасць грамадзян жыве вельмі дрэнна, Беларусь ужо займае практычна апошняе месца паводле заробку ў Еўропе.

Няздольнасць уладаў кіраваць эканомікай кажа пра тое, што наша рэвалюцыя непазбежна скончыцца перамогай, бо немагчыма жыць толькі ў пазыку.

Мы бачым, якімі тэмпамі ідзе нарошчванне дзяржаўнай запазычанасці, сумарнай валавой, уключаючы і банкаўскі сектар, і буйныя прадпрыемствы, і акцыянерныя таварыствы. Справа рухаецца да развязкі, але, напэўна, змена ўлады не адбудзецца самі, а толькі пры актыўным нашым удзел.

- Як можна наблізіць развязку?

- Не спадзявацца на тое, што хтосьці зможа развязаць нашы пытанні. Пры ўсёй увазе ў свеце да беларускай сітуацыі, гэта не пазбаўляе беларусаў ад канкрэтных дзеянняў для змены ўлады ў краіне. Мы, кіраўнікі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», многія іншыя палітыкі, казалі, што існуе шэраг дзеянняў, якія наблізяць нас да вызвалення краіны. Гэта міжнародныя санкцыі, страйкі і вулічныя пратэсты.

Мы бачым, што ўжо працуюць санкцыі, мы бачым, што беларуская дыяспара ў многіх краінах праводзіць акцыі менавіта з патрабаваннямі ўвядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Мы бачым, што пратэсты пакуль праходзяць у форме партызанскіх акцый, што характэрна для беларусаў, але, як кажуць многія людзі, з якімі я камунікую ў Беларусі, нянавісць да рэжыму толькі ўзмацняецца. Я думаю, што на працягу некалькіх месяцаў адбудзецца вызначальная бітва дабра і зла ў Беларусі, а Лукашэнка і ягоныя памагатыя будуць адпраўленыя на сметнік.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках