24 красавiка 2024, Серада, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хлопцы, у чым выгада?

12
Хлопцы, у чым выгада?
ІРЫНА ХАЛІП

Вызваліце Паліну. І ўсіх астатніх, зразумела.

Паліна Шарэнда-Панасюк зноў у карцары. Цяпер - на 20 дзён. Раней яе ўжо змяшчалі ў карцар двойчы, ставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму, адзначалі шконку адмысловай жоўтай таблічкай, адвозілі на псіхіятрычную экспертызу ў «Навінкі», ды так, што паміж выездам з берасцейскага СІЗА і прыбыццём у Менск на экспэртызу Паліна на тыдзень «згубілася» на этапе. Потым, праўда, знайшлася ў СІЗА на Валадарскага. Навошта яе туды завозілі - незразумела. Зрэшты, кожны вязень - былы, цяперашні або будучы - ведае, што чым даўжэйшы этап, тым ён больш пакутлівы.

Кожны раз, калі я чую навіны пра Паліну Шарэнду-Панасюк, я спрабую адказаць на пытанне: хлопцы, а ў чым выгада? Які таемны прыбытак вы спадзеяцеся атрымаць, здзекуючыся з Паліны?

І няма адказу. Таму што няма ніякай выгады. Прымусіць чалавецтва крычаць «спадары, вы звяры!» - дык яна ўжо голас сарвала ад крыку. Прымусіць усіх астатніх баяцца паводле прынцыпу «глядзіце, што мы вырабляем з маці дваіх маленькіх дзяцей - уяўляеце, што зробім з вамі?» - таксама не атрымліваецца, пасля 9-11 жніўня тыя, хто выжыў, ужо не ў стане баяцца: Занадта дарагім коштам, але яны перамаглі страх. Зламаць Паліну? Гэта нейкая зусiм вар'яцкая фантазія: нават у карцары яна не адказвае «паводле формы», калі да яе заходзяць вертухаі. Яна гучна і выразна кажа: «Я - Паліна Шарэнда-Панасюк, палітзняволеная». Будзьце ўпэўненыя, пазбегнуць карцара, «Навінак», жоўтай таблічкі на нарах яна магла. Але не захацела.

Увогуле, нічога не вымалёўваецца. Няма прыбытку. І сэнсу няма.

Няма сэнсу ў тым, каб марнаваць на Паліну велізарныя дзяржаўныя грошы, выплачваючы заробкі і забяспечваючы працай шматлікіх вертухаяў, следчых, аператыўнікаў, кіроўцаў аўтазакаў, канвой.

Няма сэнсу ў тым, каб цягнуць у СІЗА КДБ маці чатырох дзяцей, лекарку-стаматолага Наталлю Любецкую, пагражаючы ёй пятнаццаццю гадамі за здраду радзіме, а потым, пасля ейных уцёкаў разам з дзецьмі з-пад падпіскі аб нявыездзе, саджаць паводле крымінальнай справы ейнага мужа, таленавітага хірурга Андрэя Любецкага.

Няма сэнсу ў тым, каб катаваць у турме маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар. Няма сэнсу ў тым, каб адбіраць дачку ў пінчанкі Алены Маўшук. Няма сэнсу ў тым, каб арыштоўваць маці дваіх дзяцей Антаніну Канавалаву разам з мужам і змушаць дзяцей уцякаць праз мяжу з бабуляй.

Досвед не ідзе на карысць. За столькі гадоў яны так і не зразумелі простых рэчаў. Я цяпер нават не кажу пра тое, што здзекі з Паліны, Вольгі, Наталлі ды іншых беларусак наўпрост звязаныя з бізнэсам. Калі яны так і не дадумаліся, ці трэба тлумачыць, што кожны чалавек з грашыма, які падумвае пра інвестыцыі, на ўсе салодкія прапановы паглядзіць на фотаздымак сваёй сям'і побач з кампутарам і скажа: а, гэта там, дзе маці з дзецьмі разлучаюць, а потым катуюць у турмах? Хай іх чэрці круцяць з усімі макеямі!

Калісьці даўно я прапаноўвала ўвесці ў зварот адзінку санкцый - «адзін Казулін», - таму што ў 2006 годзе ЗША адправілі пад санкцыі беларускую нафтавую галіну ў адказ на ягоны арышт. У сённяшняй сітуацыі адзінкай вымярэння ўзроўню бізнэс-прывабнасці краіны можа стаць адна беларуска. Працуе вельмі проста: калі хоць адна беларуска знаходзіцца ў турме паводле палітычнай справы, калі хоць адно дзіця плача з-за таго, што ў дом уварваліся шэрыя ваўкі, збілі і пацягнулі маму, - усё, пайшлі адмоўныя лікі, інвестыцыі развярнуліся на мяжы, коўдра ўцякла.

Але нават не гэта галоўнае. Страляць у нагу, секчы сук, бамбіць Бабруйск - у гэтай справе яны мастакі. Але яны не зразумелі, што стварылі са свядомасцю беларусаў. Можна пайсці на кампраміс з уласным сумленнем. Можна прамаўчаць. Можна зрабіць выгляд, што ты жывеш у дэмакратычнай краіне. Можна пераканаць сябе і нават амаль паверыць у тое, што тут можна займацца многімі выдатнымі справамі цалкам свабодна. Але калі гаворка заходзіць пра дзяцей - гэта ўжо не пытанне сумлення, ці страху, або маралі. Тут у справу ўступаюць інстынкты. Абарона свайго патомства асобінай кожнага біялагічнага віду - гэта інстынкт, не гераізм. І калі герой можа спыніцца, улічваючы небяспеку, сысці ў падполле, пачаць манеўраваць, то матулі і таты, якія абараняюць сваіх дзяцей, не спыняцца і перад цэлым войскам. Іх можна ціснуць танкамі - яны не заўважыць. Іх можна паліваць агнём – пройдуць скрозь яго. І такія звышчалавекі ў Беларусі кожны дзень з'яўляюцца сотнямі. Кожны месяц - тысячамі. Калі дойдзе да мільёна, што зможа іх спыніць?

Правільна: нішто. Ну і чаго вы гэтым дамагліся, дурні вы нашы дзяржаўныя? Вызваляйце Паліну, пакуль не позна. І ўсіх астатніх, зразумела.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках