25 красавiка 2024, Чацвер, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кангрэсмэн Крыстафэр Сміт: Лукашэнка пацярпеў паразу

7
Кангрэсмэн Крыстафэр Сміт: Лукашэнка пацярпеў паразу

Што сказаў на слуханнях у Кангрэсе ЗША аўтар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі».

6 траўня ў камісіі правоў чалавека Кангрэсу ЗША адбыліся слуханні, прысвечаныя дэмакратыі і правам чалавека ў Беларусі. Слуханні праходзілі ў онлайн-фармаце, іх вялі амерыканскія кангрэсмэны, якія актыўна падтрымліваюць дэмакратычны рух беларусаў: Джэймс Макговэрн і аўтар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» Крыстафэр Сміт.

«Радыё Свабода» апублікавала ўступнае слова кангрэсмэна Сміта на слуханнях:

– Дзевяць месяцаў таму свет быў сведкам таго, як дзясяткі тысячаў беларускіх дэманстрантаў – у некаторых выпадках больш за сто тысячаў – выйшлі на вуліцы Менска ды іншых гарадоў на знак пратэсту супраць надзвычай несумленных выбараў.

Гэтыя мірныя дэманстранты былі – і прадаўжаюць быць – разумнымі, вынаходлівымі, мэтанакіраванымі і надзвычай гераічнымі.

Паводле адной з адзнак, трыццаць тры тысячы жанчынаў і мужчынаў былі часова затрыманыя ці змешчаныя ў месцах, дзе многія з іх зазналі надзвычайную жорсткасць, катаванні ды іншыя формы гвалту.

Грамілы Аляксандра Лукашэнкі б'юць і пераследуюць мірных дэманстрантаў і журналістаў. На вуліцах беларускія жанчыны ў белым моцна кантрастуюць з галаварэзамі Лукашэнкі.

Людзі рознага ўзросту і паходжання хочуць, каб Лукашэнка сышоў. Яны хочуць надзейнай дэмакратыі. Яны хочуць свабоды і агульнапрызнаных правоў чалавека. І яны хочуць, каб рэпрэсіі скончыліся і каб вызвалілі палітвязняў.

Некалькі дзён таму агенцтва Associated Press паведамляла, што «срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў, які з'яўляецца адным з самых знакамітых спартоўцаў Беларусі, заяўляе, што трымае 10-дзённую галадоўку ў падтрымку ахвяраў палітычных рэпрэсій у краіне».

«Андрэй Краўчанка, які заваяваў медаль у дзесяцібор'і на Алімпійскіх гульнях у Пекіне ў 2008 годзе, сказаў у пятніцу, што ён таксама прадае залаты медаль з чэмпіянату Еўропы 2011 года ў дзесяцібор'і, каб дапамагчы сем'ям палітычных зняволеных».

На сённяшніх слуханнях будуць разгледжаныя сістэматычныя парушэнні Лукашэнкам правоў чалавека са жніўня мінулага года, а на самай справе – за ўвесь час кіравання апошняга дыктатара Еўропы з ліпеня 1994 года.

На жнівеньскіх выбарах Лукашэнка саступіў Святлане Ціханоўскай.

Лукашэнка пацярпеў паразу на выбарах, але ўсё яшчэ застаецца пры ўладзе.

Паводле ацэнак АБСЕ, выбары не былі празрыстымі, свабоднымі і сумленнымі.

Нелегітымнае кіраванне Лукашэнкі, падтрыманага ягонымі сіламі бяспекі і Расеяй, прадаўжае несці жудасныя наступствы для беларускага народа.

26 красавіка – літаральна на мінулым тыдні – лукашысты разагналі шэсце з нагоды 35-й гадавіны Чарнобыля, велізарнай катастрофы на атамнай электрастанцыі, якая адбылася ў канцы красавіка 1986 г. у Чарнобылі. У выніку той катастрофы шмат людзей у Беларусі і ва Украіне пакутуюць на рак, выкліканы радыеактыўнымі выкідамі.

Я правёў два слуханні, з нагоды 10-й гадавіны Чарнобыля, а потым 20-й, і быў шакаваны наступствамі для здароўя грамадзянаў абедзвюх краінаў. Цяпер у Беларусі нават марш у памяць тых ахвяраў разагнаны ўладамі.

Праз чвэрць стагоддзя пасля першага прыходу да ўлады камуністычны дыктатар савецкага гатунку па-ранейшаму кіруе Беларуссю. Лукашэнка адмаўляе беларусам у дабрабыце, свабодзе і годнасці, якія з'яўляюцца іх правамі ад нараджэння.

Я адзначу, што гэтыя слуханні праходзяць неўзабаве пасля гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года, у якую ўваходзіла і Беларусь. У той дзень 230 гадоў таму Еўропа ў рамках першай пісьмовай Канстытуцыі на кантыненце зрабіла гіганцкі скачок наперад, усталяваўшы прынцып адказнасці ўрада перад народнай воляй і вяршэнства закона. У гэтым духу прайшлі мірныя акцыі пратэсту ў Беларусі, і я і мае калегі ў Кангрэсе верым, што беларусы змогуць вызначыць шлях да квітнення дэмакратыі, якая замацуе правы чалавека пасля Лукашэнкі.

Аднак чакаць, што гэтая дыктатура сама прыйдзе да прынцыпу Джэферсана аб згодзе кіраваных – гэта безнадзейная справа.

Гэтую ўладу падтрымлівае сіла, а не павага да годнасці ўласнага народа. Сусветная супольнасць не павінна быць сляпой датычна гэтага. У мінулым ЗША і краіны Еўропы ўжывалі жорсткія захады пасля чарговай фальсіфікацыі выбараў Лукашэнкі. Але з цягам часу гэтыя захады мякчэлі.

Не на гэты раз.

Я – галоўны аўтар закона аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі 2020 года, які спачатку быў прыняты Палатай прадстаўнікоў, а потым падпісаны прэзідэнтам Трампам. Я таксама быў аўтарам Актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў, на гэты раз наша катэгарычнасць павінна быць паслядоўнай.

Я вітаю намаганні мужнага народа Беларусі ў забеспячэнні сапраўднай дэмакратыі і павагі да правоў чалавека для сваёй краіны – асабліва з 9 жніўня, калі народ пачаў масавыя акцыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках