24 красавiка 2024, Серада, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Жырафаў не адзін від, а чатыры

Навукоўцы: Жырафаў не адзін від, а чатыры

Віды адрозніваюцца адзін ад аднаго прыкладна ў той жа ступені, у якой белыя мядзведзі ад бурых.

Паводле словаў навукоўцаў Цэнтра трансляцыйнай геномікі біяразнастайнасці LOEWE, якія праводзілі генетычны аналіз, візуальна адрозніць іх цяжка. Але нягледзячы на тое, што яны выглядаюць аднолькава, генетычна існуюць чатыры розныя віды і сем падвідаў жырафаў, піша «Вакол свету. Украіна».

Чатыры розныя віды распаўсюджаныя ад поўначы да поўдня Афрыкі: паўночны, сеткаваты, масаі і паўднёвы.

Каманда, якая ажыццявіла новае генетычнае даследаванне, выказала здагадку пра наяўнасць чатырох розных відаў жырафаў яшчэ ў 2016 годзе. Новая праца, апублікаваная ў часопісе Current Biology, пацвердзіла іх здагадкі.

Чатыры лініі жырафаў пачалі развівацца асобна адна ад адной у перыяд ад 370 да 230 тысячаў гадоў таму. Пры гэтым розныя віды практычна не спарваліся ў дзікай прыродзе, аднак у няволі яны здольныя да гібрыдызацыі.

«Вынікі аналізу геному маюць вялікае значэнне для захавання жырафаў», – заявіў доктар Джуліян Фэнэсі, адзін з суаўтараў даследавання.

За апошняе стагоддзе папуляцыя дзікіх жырафаў рэзка скарацілася да 117 тысячаў па ўсім афрыканскім кантыненце. Наяўнасць чатырох розных відаў пагаршае сітуацыю, паколькі кожны асобны від знаходзіцца пад большай пагрозай праз хуткае скарачэнне ўласнай колькасці і адсутнасць змешвання. «Паводле нашых ацэнак, у дзікай прыродзе засталося менш за 6000 паўночных жырафаў», – растлумачыў Фэнэсі, дадаўшы, што «як від яны з'яўляюцца аднымі з найбольш буйных млекакормных у свеце пад пагрозай».

Жырафы дасягаюць шасці метраў у вышыню і сустракаюцца ў саванах Афрыкі на поўдзень ад Сахары ад Нігера праз Кенію і Намібію да Паўднёвай Афрыкі. Яны з'яўляюцца найбуйнейшымі наземнымі сысунамі ў свеце. Іх асяроддзе пражывання скарачаецца з пашырэннем сельскагаспадарчых угоддзяў. Жырафы таксама пакутуюць праз незаконнае паляванне і палітычную нестабільнасць у краінах, дзе яны жывуць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках