29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Упэўнена крочым да перамогі»: актывісты пратэстнага падполля расказалі пра сваю барацьбу

3
«Упэўнена крочым да перамогі»: актывісты пратэстнага падполля расказалі пра сваю барацьбу
ФОТА: АНДРЭЙ ПАКУМЕЙКА

307-ы дзень беларусы вядуць барацьбу з рэжымам Лукашэнкі.

Вялікіх вулічных акцыяў пратэсту ў Менску не было з лістапада 2020 года, аднак лакальныя акцыі (дваравыя маршы, флэш-мобы ды іншыя формы пратэставай актыўнасці) не спыняюцца, нягледзячы на рэпрэсіі з боку сілавікоў. Прадстаўнікі пратэставага аб’яднання Фрунзенскага раёну Менску на ўмовах ананімнасці пагадзіліся расказаць «Белсату» пра сваю дзейнасць.

– Ці вялікая ў вас суполка? Колькі чалавек у ёй?

– Мы складаемся з дзясяткаў асобных чатаў. Мы ніколі не ставілі сваёй мэтаю колькасць удзельнікаў. Для нас самае важнае – гэта тэрытарыяльны ахоп. Акрамя гэтага, мы маем кантакты і з суполкамі па ўсёй краіне, і з іншымі ініцыятывамі ды групамі грамадзянаў.

– Як даўно вы пачалі самарганізоўвацца?

– Мы аб’ядналіся праз пару месяцаў пасля пачатку пратэстаў. Менавіта тады ўзнікла ў гэтым неабходнасць і прыйшло ўсведамленне, што толькі разам мы сіла. І чым нас больш, тым мы мацнейшыя.

А ў цэлым развіццю спрыяе сам рэжым. Чым больш яны спрабуюць знайсці міфічнага каардынатара ў адзіным арганізме, які больш нагадвае птушыную зграю, чым іерархічную піраміду, тым больш эвалюцыянуе падполле.

Фота: АК/Белсат

– Як часта вы ладзіце акцыі ды якія яны?

– Некаторыя моманты дзеля бяспекі мы, на жаль, не можам агучваць. Але можам сказаць, што акцыі адбываюцца пастаянна, яны бесперапынныя. Некаторыя з іх больш маштабныя, некаторыя менш. Усе яны так ці інакш накіраваныя на зрынанне рэжыму, усе прымушаюць сістэму працаваць на знос.

– Як вы рыхтуецеся да акцыяў? Ці ёсць нейкія правілы бяспекі, канспірацыі, якія вы абавязкова выконваеце?

– Несумненна. Мы жывём на акупаванай тэрыторыі, дзе кожны жыхар сутыкаецца з небяспекаю, пагатоў актывіст. Мы не можам дазволіць сабе быць нядбайнымі і неасцярожнымі. Самае галоўнае правіла – не пакідай слядоў: як у рэальным свеце, так і онлайн.

– Ці часта сілавікі праводзяць аблавы і разганяюць вашыя акцыі?

– Сілавікі пастаянна праводзяць аблавы. Мы дзівімся, як вецер, які яны ствараюць, бегаючы туды-сюды, не змяніў клімату. Але не. Ім, як правіла, не шанцуе, мы б не рабілі на іх стаўку.

Часцей яны, наадварот, атрымліваюць па шапцы, прапусціўшы акцыю. І тады, для стварэння бачнасці, яны ловяць нібыта ўдзельнікаў, нібыта арганізатараў, а насамрэч выпадковых людзей.

– Telegram-чаты застаюцца галоўным сродкам каардынацыі вашых акцыяў? Ці з’явіліся нейкія новыя сродкі?

– Telegram – несумненна, бацька каардынацыі рэвалюцыі. Статыстыка прыросту карыстальнікаў з Беларусі гэта выдатна паказвае. Але так, новыя спосабы камунікацыі таксама ёсць, і яны толькі працягнуць развівацца.

– У чым сэнс цяпер ладзіць лакальныя дваравыя акцыі, улічваючы, што вялікія маршы ўжо даўно не праводзяцца? Якая вашая галоўная матывацыя?

– Матывацыя, напэўна, ува ўсіх адна: нам усім надакучыла жыць у дзяржаве, якая працуе на адну сямʼю, дзе няма месца вяршэнства права, дзе аб тваіх дзяцей могуць выцерці ногі толькі таму, што ў іх іншыя погляды. Ахвяры не павінны быць марнымі. Кропка невяртання пройдзеная. Таму нашыя патрабаванні нязменныя: вызваленне палітвязняў, прыцягненне вінаватых да адказнасці, адыход Лукашэнкі і новыя выбары.

– Ці страшна працягваць выходзіць на акцыі ва ўмовах татальнага тэрору?

– Не баіцца толькі дурань, але моцны пераадольвае страх. Мы заклікаем усіх быць вернымі сабе. Можна падмануць іншых, але падмануць сябе нельга. І мы не можам маўчаць, мы працягнем дзеяць.

Фота: ТК/Белсат

<>b– Што павінна адбыцца, каб вы перасталі выходзіць? Ці ёсць нейкая «чырвоная лінія»?

– Безумоўна. Мы спынімся, калі нашыя патрабаванні будуць выкананыя. І нават тады мы выйдзем святкаваць. І нам страшна ўявіць, наколькі гэтае святкаванне зацягнецца. У горадзе дакладна наступіць калапс.

– Як вы лічыце, што павінна адбыцца, каб на пратэсты зноў выйшлі сотні тысяч беларусаў?

– Сотні тысяч беларусаў тут. Ніхто нікуды не знік. Меркаванні адносна таго, што павінна адбыцца, розняцца. Таму мы працуем па ўсіх кірунках. Аднак мы ўсе сыходзімся ў тым, што першаснае – гэта абʼяднанне. І гэта адзін з ключавых нашых кірункаў. А трыгерам для выхаду будзе сам узурпатар, хутчэй за ўсё. Ніхто не зробіць гэтага лепш, чымся ён сам.

Фота: АК/Белсат

– Як вы ставіцеся да Святланы Ціханоўскай і ейнай каманды? Ці чакаеце вы ад Ціханоўскай нейкіх рашэнняў, нейкага плану перамогі? А можа, лічыце, што варта разлічваць толькі на сябе?

– Мы лічым, што ўсе абʼяднанні беларусаў павінны злучацца паміж сабою, дзеяць дзеля адной мэты – змены рэжыму, спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітычных вязняў, правядзення новых, адкрытых выбараў. У гэтым сэнсе спадарыня Святлана і ейная каманда мусіць працаваць у тым ліку на абʼяднанне ўсіх ініцыятываў. Сіла беларусаў – у адзінстве, гэта відавочна ўсім. Як зверху, так і знізу генеруюцца ідэі для дасягнення агульнай мэты. Таму такая камунікацыя таксама неабходная.

Цяпер усё ідзе добра. Хай павольна, але ўпэўнена мы крочым да перамогі. І каб паскорыць гэты працэс, патрэбная каардынацыя каманды Ціханоўскай з іншымі дэмакратычнымі структурамі ды актывістамі двароў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках