25 красавiка 2024, Чацвер, 17:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Больш за 35% экспарту»: Як санкцыі ЕЗ удараць па рэжыме Лукашэнкі

7
«Больш за 35% экспарту»: Як санкцыі ЕЗ удараць па рэжыме Лукашэнкі

Беларускія ўлады могуць страціць валютны прыбытак.

Еўразвяз заявіў пра магчымае прыняцце новага пакету санкцый, якія могуць закрануць ключавыя сектары беларускай эканомікі. Такі паварот падзей прывядзе да беспрэцэдэнтнага пагаршэння стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ. Што гэта будзе азначаць? Пра гэта піша сайт naviny.by.

Палітычныя стасункі паміж Менскам і Брусэлем апошнія два дзесяткі гадоў перманентна іскрылі. Аднак да значных, а тым больш жорсткіх эканамічных санкцый справа ніколі не даходзіла. Таму цяперашняе астуджэнне стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ можна ўважаць за беспрэцэдэнтнае.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў вокнавай палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы 8 чэрвеня ў Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, заявіў, што праз парушэнні правоў чалавека падрыхтаваныя жорсткія санкцыі, якія закранаюць «крытычныя галіны беларускай эканомікі». «Але фінальную пастанову будуць прымаць дзяржавы-чальцы ЕЗ», – дадаў Барэль.

Што могуць азначаць санкцыі, якія закранаюць «крытычныя галіны беларускай эканомікі»? Галоўны галіновы інструмент уздзеяння ЕЗ на сітуацыю ў Беларусі – гандлёвы канал.

За студзень – сакавік 2021 года беларускі таварны экспарт у ЕЗ склаў 2,1 млрд даляраў або 25,4% ад усяго экспарту. Не выключана, што да магчымых санкцый ЕЗ можа далучыцца Украіна – туды ў першым квартале Беларусь паставіла тавараў на 932,8 млн даляраў, дзель паўднёвай суседкі ў беларускім экспарце – 11,4%.

Такім чынам, у выпадку ўвядзення жорсткіх заходніх санкцый у дачыненні да «крытычных галінаў беларускай эканомікі» пад ударам у найгоршым сцэнары можа апынуцца больш за 35% беларускага экспарту, а гэта 3 млрд даляраў толькі за першы квартал гэтага года.

Што Беларусь прадае ў кірунку Еўразвязу і Украіны?

У асноўным гэта энэргетычны экспарт. Нафта, якая здабываецца на беларускай тэрыторыі, пастаўляецца, мяркуючы з афіцыйных статыстычных звестак, у Нямеччыну, а нафтапрадукты, выпрацаваныя з расейскай нафты, накіроўваюцца пераважна ва Украіну і краіны ЕЗ.

У першым квартале экспарт нафтапрадуктаў і беларускай нафты склаў 1,2 млрд даляраў з згаданых 3 млрд даляраў. І менавіта гэты нафтавы экспарт некаторыя краіны ЕЗ ужо заклікалі абкласці санкцыямі.

Акрамя нафтавых тавараў Беларусь прадае ў краіны ЕЗ металургічную прадукцыю, а гэта таксама прыстойныя грошы (сотні мільёнаў даляраў штогод).

Праз заходнія санкцыі можа таксама пацярпець беларускі калійны экспарт. Мабыць, з прычыны санкцыйнага ціску з боку Захаду пяць з сямі пунктаў указу «Аб рэалізацыі калійных угнаенняў», апублікаванага на гэтым тыдні, не былі раскрытыя і атрымалі запіс «для службовага карыстання».

Так што, мяркуючы з рэакцыі, улады ацэньваюць рызыку ўвядзення Захадам эканамічных санкцый як вельмі сур'ёзную, таму засакрэчваюць нарматыўныя дакументы.

Наступствы жорсткага сцэнару

Ці пойдзе Захад на жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі і што будзе ў гэтым выпадку?

Эксперты мяркуюць, што жорсткія санкцыі з боку ЕЗ будуць сур'ёзным выклікам для беларускай эканомікі.

«Калі жорсткія санкцыі будуць ухваленыя і закрануць хоць бы палову беларускага экспарту ў краіны Еўразвязу, наступствы будуць вельмі балючымі. Санкцыі ў такім выпадку адаб'юцца і на валютнай выручцы, і на прыбытках бюджэту, гэта будзе цяжкі ўдар па эканоміцы», – адзначыла ў каментары акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

Пры гэтым чарговы пакет еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Беларусі будзе прыняты толькі ў тым выпадку, калі іх 21 чэрвеня аднагалосна ўхваляць усе краіны ЕЗ.

На яе думку, калі ЕЗ увядзе жорсткія санкцыі, гэта можа павысіць негатыўныя чаканні ў беларускім грамадстве, якія ў той ці іншай ступені могуць матэрыялізавацца на валютным і дэпазітным рынку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках