28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адсекчы злачынцу ад фінансавання: як паскорыць руйнаванне рэжыму Лукашэнкі

13
Адсекчы злачынцу ад фінансавання: як паскорыць руйнаванне рэжыму Лукашэнкі
фота: AP

Погляд літоўскага і ўкраінскага экспэртаў.

Пасля захопу самалёта Ryanair Лукашэнку пачалі ўспрымаць у свеце зусім у іншай якасці. Калі раней за ім замацавалася мянушка «апошні дыктатар Еўропы», то зараз пра яго кажуць не інакш як пра тэрарыста. Узурпатар стаў сапраўднай пагрозай для міжнароднай бяспекі і фактарам нестабільнасці ў рэгіёне.

Як развязаць гэтую праблему? Сайт Charter97.org пагаварыў з літоўскім палітолагам Марусам Лаурынавічусам і ўкраінскім журналістам, галоўным рэдактарам партала «Цензор.нет» Юрыем Бутусавым.

Кантрабандай людзей займаецца толькі мафія, а не ўлада

Лукашэнка спрабуе наладзіць гуманітарную катастрофу на межах Еўразвязу. Літва заявіла, што патокі нелегалаў з Беларусі дасягнулі гістарычнага максімуму.

Cтаршы аналітык Віленскага інстытута палітычнага аналізу Марус Лаурынавічус у каментары для сайта Charter97.org адзначыў, што дзеянні беларускіх уладаў усё часцей нагадваюць паводзіны злачыннай групоўкі:

- Як яшчэ адно сведчанне таго, што для беларускіх уладаў (нават уладамі іх назваць нельга, таму што гэта нелегітымная ўлада) не існуе ніякіх міжнародных прававых нормаў. Яны сябе паводзяць проста як злачынны рэжым. Гэта кантрабанда людзей, калі зусім зразумелай мовай выказацца. Кантрабандай людзей займаецца толькі мафія, а не ўлада.

Дыялог з Менскам - гэта памылка

Аналітык Віленскага інстытута пракаментаваў заяву дэпутата Сойма Літвы Лаўрынаса Кашчунаса, які прапанаваў пабудаваць на мяжы з Беларуссю агароджу. Марус Лаўрынавічус кажа, што падобныя захады бяспекі павінны былі з'явіцца ўжо даўно:

- Літва можа задзейнічаць узброеныя сілы, гэта значыць наша войска, калі сітуацыя будзе пагаршацца і пра гэта ўжо казалі. Я думаю, што з такім рэжымам, вядома, не толькі цяпер трэба будаваць муры, яны ўжо павінны былі быць пабудаваныя.

Таксама літоўскі палітолаг крытыкуе палітыку дыялогу з рэжымам Лукашэнкі, якая доўгі час дамінавала ў дачыненнях паміж Брусэлем і Менскам:

- Нават у Літве, на жаль, яшчэ паўтара гады таму гэты рэжым ацэньваўся як, вядома, недэмакратычны, але, здаецца, была такая канцэпцыя, што і з гэтымі ўладамі можна неяк супрацоўнічаць, знайсці нейкую агульную мову.

Выявілася, што гэта была вялікая памылка. Я заўсёды казаў, што з такімі рэжымамі дамаўляцца няма сэнсу.

«У ЕЗ разумеюць, што рэжым Лукашэнкі - гэта тэрарыстычны рэжым»

Марус Лаўрынавічус адзначае, што сёння Еўропа адзіная ў сваім падыходзе да беларускіх уладаў:

- У ЕЗ разумеюць, што рэжым Лукашэнкі - гэта тэрарыстычны рэжым. Пра гэта адкрыта, напэўна, казалі ўсе прадстаўнікі краін Еўразвязу, я нават не ведаю, хто пра гэта не заявіў пасля пасадкі самалёта Ryanair.

Я яшчэ раз паўтару, што мне вельмі шкада, што толькі вось такія дзеянні прымусілі расплюшчыць вочы шмат каму у Еўропе і нават у Літве. Было ясна даўно, што гэта злачынны рэжым.

Нават калі казаць пра нейкія міжнародныя нормы, то ў 1995 годзе Лукашэнка збіў паветраны шар і загінулі два амерыканцы. Ужо тады было зразумела, што гэта за ўлада. Затым ён забіваў апазіцыянераў, таксама было ўсім усё ясна. Нават Рада Еўропы правяла сваё расследаванне і там было ўстаноўлена, што гэта злачынствы ўладаў, але на гэтыя злачынствы доўгія гады заплюшчваліся вочы і тое, што мы маем цяпер - збольшага віна і еўрапейскай супольнасці.

«Са злачынцамі трэба абыходзіцца як са злачынцамі»

Ці гатовыя краіны Захаду да больш жорсткіх захадаў, каб развязаць праблему пагрозы еўрапейскай бяспецы, у якую ператварыўся рэжым Лукашэнкі? Аналітык Віленскага інстытута ўважае, што сёння трэба падымаць пытанне аб адсячэнні дыктатара ад фінансавання:

- Сёння размова не пра палітычны ціск, таму што са злачынцамі такія дзеянні неэфектыўныя. Са злачынцамі трэба абыходзіцца як са злачынцамі. Калі мы гаворым пра міжнародны тэрарызм, а мы пра гэта і кажам, то трэба дзейнічаць як з міжнародным тэрарызмам. У першую чаргу - адсекчы ад фінансавання. Рабіць усё, што можна, каб рэжым не змог сябе фінансаваць. Гэта не прывядзе заўтра да руйнавання Лукашэнкі, таму што гэты рэжым падтрымліваецца і Пуціным, але зрабіць так, каб гэта каштавала Крамлю як мага даражэй. Вось гэты кошт утрымання Менска прывядзе Пуціна да думкі, што, можа, годзе.

Масавыя пратэсты змянілі ўспрыманне Беларусі ва Украіне

Рэжым Лукашэнкі пагражае не толькі бяспецы Еўразвязу, але і Украіне. Дыктатар намякае на прызнанне сваім рэжымам Крыма часткай Расеі. Востра стала пытанне вайсковай бяспекі, бо беларускі узурпатар - верны васал кіраўніка Крамля. Аднак доўгі час украінскія ўлады вялі дыялог з Менскам. Галоўны рэдактар партала «Цензор.нет» Юры Бутусаў уважае, што ўспрыманне Беларусі памянялася пасля пратэстаў у 2020 годзе.

- Ці можна казаць пра тое, што пасля таго, як Украіна ўбачыла пратэсты беларусаў і ўзурпацыю ўлады, тады адносіны да Беларусі былі змененыя і ва ўсім свеце, і ў Еўропе, і ва Украіне. Калі б не адбыліся вось гэтыя масавыя пратэсты, народ не выйшаў бы на вуліцы і не аказаў грамадзянскі супраціў, то стаўленне не змянілася б, але падзеі 2020 года, у прынцыпе, памянялі ўсё.

Як украінская ўлада сёння ўспрымае Лукашэнку? Юрый Бутусаў уважае, што Кіеў бачыць у асобе беларускага дыктатара блізкага хаўрусніка Крамля:

- Менавіта гэта прывяло да поўнага разрыву менскай пляцоўкі для перамоў. Больш за тое, гэта прывяло да непрызнання Лукашэнкі «прэзідэнтам Беларусі», гэта значыць ён афіцыйна не прызнаны кіраўніком дзяржавы. Любыя яго дзеянні будуць проста паглыбляць гэты разрыў і гэта будзе мець наступствы для Беларусі.

Безумоўна, захаваць той узровень тавараабароту будзе немагчыма. Прызнанне Крыма рэжымам Лукашэнкі будзе спрыяць таму, што ўслед за палітычным разрывам будзе паглыбляцца і эканамічны.

«Кантакты паступова згортваюцца»

Галоўны рэдактар партала «Цензор.нет» уважае, што Кіеў даволі хутка адрэагаваў на захоп самалёта Ryanair рэжымам Лукашэнкі. Украіна адной з першых закрыла сваю паветраную прастору для беларускіх самалётаў:

- Думаю, што хуткія санкцыі праз самалёт звязаныя менавіта канкрэтна з задзірлівым характарам паветранага пірацтва ў выкананні Лукашэнкі. Натуральна, Украіна ў гэтым выпадку дзейнічала хутка.

Юрый Бутусаў адзначыў, што Лукашэнка даўно стаў фактарам нестабільнасці для Украіны. Сёння кантакты з беларускім рэжымам згортваюцца:

- Усе гэтыя гады вайны нарастала напружанасць ля межаў, таму што Беларусь брала ўдзел у сумесных манеўрах з расейскім войскам.

Даводзілася прымаць у разлік наяўнасць Беларусі як яшчэ аднаго плацдарма агрэсіі супраць Украіны, таму, натуральна, не было ўспрымання Лукашэнкі як такога блізкага хаўрусніка. Гэта была проста пляцоўка, дапушчальны шлюз, праз які ішла значная частка кантактаў з Расейскай Федэрацыяй. Зараз значэнне гэтага шлюза практычна абнуленае, кантакты, якія ішлі па гэтым канале, паступова згортваюцца.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках