19 красавiка 2024, Пятніца, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітзняволеная Аліна Муратава выйшла замуж у Берасцейскім СІЗА

4
Палітзняволеная Аліна Муратава выйшла замуж у Берасцейскім СІЗА

Муж палітзняволенай расказаў, як гэта было.

Аліна і Валерый распісаліся ўдзень 15 чэрвеня. Іхняе вяселле адрознівалася ад звычайнага: прайшло ў следчым ізалятары, амаль адразу пасля роспісу маладую жонку забралі канваіры, паведамляе nn.by.

Муратава – фігурантка справы аб блакаванні чыгуначных шляхоў і развешванні пудзілаў у Берасці. Ёй былі высунутыя абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 339 КК (Злоснае хуліганства). З 26 студзеня і да суда дзяўчына знаходзілася пад хатнім арыштам.

У віну Муратавай ставілася вывешванне манекена (лялькі-пудзіла) з надпісамі «АМАП».

18 траўня Аліна была асуджаная судом Ленінскага раёна Берасця на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. А праз месяц – выйшла замуж у мясцовым СІЗА.

«Мы разам з Алінай ужо блізу 4 гадоў, – расказаў Валерый, цяпер ужо муж дзяўчыны. – Якраз перад яе хатнім арыштам з'ехаліся. Размовы пра шлюб у нас да таго былі, але мы не спяшаліся. А тут такія падзеі – ну і вызначылі, што гэта будзе правільным, распісацца цяпер. І з майго боку – гэта такая дадатковая падтрымка для Аліны. Тым больш, што вяселле мы ў любым выпадку надта святкаваць не збіраліся.

Я сабраў дакументы: дазвол у суддзі, паперы з ЗАГСа, усё перадаў у СІЗА, там прызначылі дату – 15 чэрвеня. Ну, і сёння мы распісаліся. Я прыйшоў у звычайных джынсах – туды ж, у СІЗА, нават з кветкамі не прапусцяць.

Пярсцёнкі нам дазволілі надзець, але амаль адразу пасля знялі.

Сведак не было. Прысутнічала дзяўчына працаўніца СІЗА і распісвальнік з загса.

У Аліны быў нармальны настрой: была бадзёрая. Выглядае добра, можа, нават паправілася крыху. Цікава, што яна яшчэ раніцай не ведала, што вяселле будзе менавіта сёння: я пісаў ёй ліст, але ён, здаецца, не паспеў дайсці. Вось такая была нечаканка.

Пасля нам далі хвіліны 2 пагутарыць і Аліну адразу вывелі.

Ці ўпэўнены я ў такім учынку? Вядома! Што я дачакаюся яе, таксама ўпэўнены на ўсе 100. Калі б не быў упэўнены, то пра шлюб і не думаў бы. Сваякі таксама не адгаворвалі, ды і не іхняя гэта справа. Мы з Алінай усё ж не падлеткі: мне 31, ёй 27».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках