19 красавiка 2024, Пятніца, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыйныя страты рэжыму: кошт пайшоў на мільярды даляраў

13
Санкцыйныя страты рэжыму: кошт пайшоў на мільярды даляраў

Стаўкі будуць расці.

Беларусь знаходзіцца на парозе новага пакета маштабных санкцый з боку ЕЗ і ЗША. Пакуль цяжка ацаніць, якія яны будуць. Аднак частка абмежаванняў пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair ужо пачала дзейнічаць. Адну з самых даходных галін эканомікі - транспарт - чакаюць сур'ёзныя ўзрушэнні.

Якія грошы прыносіў транспарт краіне яшчэ пару гадоў таму, і што рэжым рызыкуе страціць? Пра гэта «Заўтра тваёй краіны» распавёў экспэрт Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus Зміцер Бабіцкі.

- З такім маштабнымі сектаральным санкцыямі Беларусь сутыкаецца ўпершыню. Усе папярэднія абмежаванні насілі індывідуальны і персанальны характар: у дачыненні да фізічных асоб або арганізацый. А цяпер нам даводзіцца казаць пра ўздзеянне на цэлую галіну, - адзначае Зміцер Бабіцкі. - Мы ўжо дакладна ведаем, што пацярпелі авіяперавозкі. Напэўна пад ударам апынуцца і іншыя тыпы транспартнай сферы, улічваючы заявы заходніх палітыкаў.

- Наколькі важны для беларускай эканомікі транспарт?

- Беларусь стабільна мае дадатнае сальда ў гандлі паслугамі і адмоўнае - у гандлі таварамі. Найбольш запатрабаванымі паслугамі на замежных рынках з'яўляюцца менавіта транспартныя - яны забяспечваюць блізу 40% экспарту паслуг (агульны экспарт паслуг у 2020 годзе - 8 785 мільёнаў даляраў, сярод якіх транспартныя - 3 682 млн даляраў, кампутарныя - 2 232 млн даляраў).

З гэтых 3,6 мільёна даляраў, якія прыпадаюць на экспарт транспартных паслуг, амаль 40% забяспечваюць беларускія перавозчыкі грузаў аўтамабільным транспартам - 1 392 млн даляраў. Далей ідуць грузавы чыгуначны транспарт (842 млн даляраў) і трубаправодны (548 млн даляраў). Нават сфера авіяперавозак, якая паводле аб'ёму экспарту паслуг у перыяд пандэміі знізілася амаль удвая, прынесла ў мінулым годзе 298 млн даляраў супраць 490 млн даляраў у 2019 годзе (дарэчы, гэтыя лічбы будуць значна вышэйшымі, калі ўлічваць усе паслугі перавозкі, уключаючы заказы беларускіх вытворцаў для экспарту).

- У дачыненні да паветранага транспарту абмежаванні ўжо дзейнічаюць. Што можна сказаць пра страты?

- У паветраным транспарце ў нашай краіны было да нядаўняга часу некалькі каналаў паступленняў, і ўсе яны ўжо недаатрымліваюць сур'ёзныя сумы.

Перш за ўсё, гэта плата за пралёт паветраных суднаў праз тэрыторыю Беларусі і аб'ём збіраных аэрапортамі збораў. Паступленні за транзіт самалётаў да нядаўняга часу складалі 50-60 млн даляраў на год. Калі краіны ЕЗ увядуць забарону не толькі на палёты сваіх самалётаў над тэрыторыяй Беларусі, але наогул адмовяцца пускаць у сваю паветраную прастору кожнага, хто пралятаў над тэрыторыяй нашай краіны, то звесткі паступлення скароцяцца больш чым напалову (застануцца толькі зборы за прылёт у/з Беларусі самалётаў расейскіх кампаній, а таксама некаторых іншых краін).

Па-другое, гэта транзітныя зборы. Яшчэ месяц таму Нацыянальны аэрапорт выконваў функцыю хаба, актыўна абслугоўваў транзітныя плыні пасажыраў Украіна-Расея і Грузія-Расея. Аб'ём плыні транзітных пасажыраў мог складаць да 5 млн чалавек на год. І калі збор на аднаго чалавека складаў 10-20 даляраў, можна ўявіць, якой была выніковая сума.

Па-трэцяе, гэта даходы самога авіяперавозчыка - у нас гэта манапаліст «Белавія». Пасля таго, як закрыліся заходнія напрамкі, разлічваць на аднаўленне дакавіднага ўзроўню перавозак не даводзіцца. Перспектывы ў гэтай кампаніі не вясёлыя. І калі такая, «лайтавая» версія абмежаванняў будзе дзейнічаць год, гэта калі не смерць, то кома для «Белавія».

- Мяркуецца, што новы пакет санкцый закране як транзіт, так і экспарт тавараў з Беларусі. Як гэта адаб'ецца на транспарце?

- Перш за ўсё трэба разумець, што прагназаваць характар палітычных пастаноў - занятак няўдзячны, - разважае Зміцер Бабіцкі. - Хутчэй за ўсё, санкцыі ў найменшай ступені ўдараць па аўтамабільных перавозках. Фуры як ездзілі праз нашу краіну, так і будуць ездзіць.

Значна больш сур'ёзна ідуць справы з трубаправодным транспартам. Па ім экспартуюцца газ, нафта і нафтапрадукты - чакаецца, што менавіта яны і патрапяць пад санкцыі. Тут страты могуць дасягаць 1,5 млрд даляраў, якія мы атрымліваем на транзіце. Плюс па гэтых жа трубаправодах мы прапампоўваем на экспарт нафту і нафтапрадукты беларускай вытворчасці. Цяпер жа гэтая галіна проста спыніцца.

Наступны, хто можа трапіць пад удар, - Беларуская чыгунка. Больш за 60% грузаабароту БЧ прыпадае на транзіт і вываз прадукцыі айчынных прадпрыемстваў за мяжу. Абарот за гэтыя тыпы перавозак перавышае 1 млрд штогод. Калі санкцыі закрануць транзіт нафтапрадуктаў або экспарт калійных угнаенняў, то БЧ непазбежна панясе страты.

Дарэчы, сітуацыя з авіяперавозкамі можа і не абмежавацца цяперашняй сітуацыяй. Пакуль да нас або транзітам праз нашу краіну могуць лётаць кітайскія, малазійскі, в'етнамскія кампаніі. Але не выключана, што ЕЗ адмовіцца прымаць кожнае судна, якое рухалася праз беларускую паветраную прастору. І ўсё будзе яшчэ горш. Той жа самы рэйс «Менск-Калінінград»: Літва можа адмовіцца прапускаць такія судны.

- Пры самым негатыўным сцэнары страты галіны могуць скласці 1-2 млрд даляраў, - мяркуе экспэрт.

- Але ж наступствы - якім б яны ні былі - не абмяжуюцца толькі транспартнай сферай?

- Безумоўна. Падзеі будуць развівацца адна за адной.

- Возьмем, да прыкладу, БЧ - гэта велізарная карпарацыя, колькасць яе работнікаў дасягае 100 тысяч чалавек. Сур'ёзныя турбацыі могуць абярнуцца сацыяльнымі ўзрушэннямі. Многія ўнутраныя перавозкі, асабліва перавозкі электрычкамі, унутраныя грузаперавозкі, заўсёды былі стратнымі і спансаваліся за кошт грошай, атрыманых ад транзіту. Страты ад транзіту створаць ціск на гэтыя паслугі - і далей па ланцужку, - мяркуе Зміцер Бабіцкі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках