19 красавiка 2024, Пятніца, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто прыляцеў у Менск у велізарным «Боінгу» з Багдаду

31
Хто прыляцеў у Менск у велізарным «Боінгу» з Багдаду
ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

Арганізатары тура заявілі, што гэтым людзям няма чаго заставацца ў Беларусі.

16 чэрвеня ў Менску прызямліўся самалёт, які прыляцеў з Багдаду. Рэйс выконвала авіякампанія "Iraqi Airways".

На фоне таго, што літоўскія памежнікі ўсё часцей выяўляюць на беларуска-літоўскай мяжы нелегальных мігрантаў у тым ліку з Ірака, нідэрландскае выданне "De Gelderlander" піша, што Беларусь замяшаная ў транзіце нелегалаў на тэрыторыю ЕЗ. Згадваецца таксама "Iraqi Airways".

Пры гэтым Лукашэнка ў канцы траўня заявіў:

- Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў - цяпер будзеце самі [ЕЗ. - "Еўрарадыё"] іх есці і лавіць.

Паколькі сітуацыя з нелегальнымі мігрантамі выглядае неадназначна, журналіст "Еўрарадыё" адправіўся сустракаць рэйс "Багдад - Менск", каб паглядзець, хто прыбывае ў Беларусь з Іраку, і ці чакае хто-небудзь гасцей.

ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

"Ім няма чаго тут заставацца"

Да прыбыцця рэйса ў сектары прылёту з'яўляецца стойка з лагатыпамі турыстычнай кампаніі "Oscar Tur". Паступова выходзяць пасажыры арабскага выгляду. Усяго блізу 100 чалавек.

У натоўпе можна кагосьці ўпусціць, але пераважная большасць, турыстаў з Ірака, дакладна падыходзяць да стойкі. Там арганізатары звяраюць нейкія спісы, перакладаюць імянныя канверты, раздаюць невялікія падарункавыя наборы з мёдам і чымсьці, падобным да мыла.

Цікавімся ў людзей за стойкай, чаму да іх падыходзіць так шмат людзей.

- Мы турыстычная кампанія "Oscar Tur". Сустракаем турыстаў. Толькі мы прымаем 120 чалавек. Усяго павінна прыляцець сёння 350. Уся група - лекары і фармацэўты.

Мы заўважаем, што ў апошні час шмат чутак пра тое, што Беларусь замяшаная ў транзіце мігрантаў на тэрыторыю ЕЗ.

- Кажуць па-рознаму. Але лекары не будуць прыязджаць сюды, каб заставацца. Вось бачыце, у нас адразу гатовы гатэль - "Renaissance", - распавядае суразмоўца, паказваючы на стопку канвертаў з лагатыпам гатэля. - У Беларусі зусім няма замежных турыстаў, добра, што хаця б госці з арабскіх краін засталіся. У іншых фірмаў, можа, няма працы, і пачынаецца такое, адкуль чуткі. Вы разумееце. Мы ўсё гэта правяраем, каб усё было ў парадку.

ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

Далей турысты, якія прыбылі рэйсам "Багдад - Менск" разыходзяцца па абменніках, потым заходзяць у два вялікія аўтобусы, якія чакаюць іх ля аэрапорта.

- Паглядзіце, якія ў нас аўтобусы, - ківае наш суразмоўца, прабягаючы з паперамі.

ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

Да "Renaissance" тыя ж аўтобусы, якія выехалі з аэрапорта, сапраўды даехалі. Але там адмовіліся ад дадатковых каментароў, спаслаўшыся на прыватнасць.

Мы паспрабавалі аператыўна атрымаць у кампаніі "Oscar Tur" больш інфармацыі пра групу, але яны адмовіліся ад далейшай камунікацыі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках