18 красавiка 2024, Чацвер, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка апынуўся ў ролі Мілошавіча

11
Лукашэнка апынуўся ў ролі Мілошавіча
Фота: CORBIS

Спрацаваў эфект свайго прароцтва.

Чым далей час аддаляе нас ад моманту паветранага трылера з самалётам кампаніі Ryanair, тым больш з'яўляецца разуменне нейкай важнай мяжы, якую перайшла краіна не толькі ў дачыненні афіцыйнага Менска з Захадам, але ў беларускім палітычным жыцці наогул, піша палітолаг Валер Карбалевіч для сайта «Свободные навости».

Найбольш праніклівыя экспэрты прадказвалі, што ў дзеяннях палітычнага кіраўніцтва Беларусі вялікая імавернасць самастрэла, гэта значыць непрадуманага дзеяння сабе на шкоду. І гісторыя з самалётам стала класічнай ілюстрацыяй такога роду прагнозаў, спрацаваў эфект свайго прароцтва.

Калі казаць пра матывы гэтай авантуры, то гучнае на ОНТ «інтэрв'ю» з Раманам Пратасевічам дало адказы на многія пытанні што да таго, навошта Лукашэнку быў патрэбны гэты грандыёзны скандал з самалётам. «Вораг» у слязах, які просіць, міласці і ласкі ад «Аляксандра Рыгоравіча» - гэта той палітычны дывідэнд, які кампенсуе ўсе негатыўныя наступствы. Маральна зламаны супраціўнік стаў бальзамам на траўмаваную душу. І дзеля гэтага псіхалагічнага экстазу хай загіне ўвесь свет.

Аднак, атрымаўшы псіхалагічную сатысфакцыю за перажытыя дні стрэсу летам і восенню мінулага года, здаецца, надышоў момант цвярозасці. Паўстала адчуванне, што цяпер сапраўды ўляпаліся.

Лукашэнка ўсё жыццё вядзе палітычную, ідэалагічную, дыпламатычную вайну з Захадам. Ён заяўляе, маўляў, чаго баяцца гэтых санкцый, я з імі жыву большую частку часу свайго панавання. І гэта праўда.

Але, здаецца, цяпер у Лукашэнкі падспудна, можа быць на падсвядомым узроўні з'явілася адчуванне, што ён можа ў гэтай вайне саступіць. Ва ўсіх сэнсах. І перш за ўсё - у масавай свядомасці. Прычым, што прынцыпова важна, у свядомасці сваіх прыхільнікаў, наменклатуры, а таксама ў асяроддзі людзей палітычна нейтральных.

Дагэтуль развагі пра міжнародную ізаляцыю Беларусі, пра краіну-выгнанку больш былі падобным да словазлучэння, палітычнай метафары. Закрыццё паветранага злучэння Беларусі з Еўропай азначае пераход да новай якасці сітуацыі нашай краіны ў свеце. У цэнтры Еўропы ўтвараецца «чорная дзірка».

Мяркуючы з усяго, новыя санкцыі з боку ЕЗ і ЗША будуць дастаткова жорсткімі. Яны яшчэ не прынятыя, а псіхалагічны эфект ад іх ужо ёсць. Гэта акурат той выпадак, калі пагроза не менш моцная, чым выкананне.

Ужо ёсць наўпроставыя эканамічныя наступствы паветранай ізаляцыі. Гэта немалыя страты бюджэту, кампаніі «Белавія», менскага аэрапорта і г.д. Моцны ўдар нанесены ўязному турызму.

Што да ўскосных негатыўных эфектаў, то іх складана падлічыць. Хто захоча інвеставаць у краіну, у якую не лётаюць самалёты?

Але гаворка не толькі пра эканоміку. Беларусь выключаецца з шэрагу еўрапейскіх арганізацый і праграм: Еўравізія, Еўрапейскі вяшчальны звяз ды іншыя.

Цалкам магчыма, што беларускі спорт на нейкі час будзе выключаны з шматлікіх міжнародных спаборніцтваў проста з тэхнічных прычын: праз немагчымасць авіяпералёту. Як беларускія каманды змогуць удзельнічаць у розных турнірах, якія прадугледжваюць гульні ў Беларусі? Вось чэмпіёна Беларусі выключылі з хакейнай Лігі чэмпіёнаў. Хутчэй за ўсё, тое ж самае адбудзецца з футбольнымі клубамі. Бо наўрад ці хтосьці захоча ехаць у Менск аўтобусам або цягніком. І ўспомніце, як летась казалі футбалісты і хакеісты: мяне палітыка не цікавіць. Цяпер палітыка прыйшла да іх.

Таксама гэта велізарны ўдар па чалавечых сувязях. Цяпер, каб патрапіць у Еўропу, трэба ляцець праз Маскву, Стамбул ці неяк яшчэ.

Паказальна, што нават Казахстан мякка, але афіцыйна адмежаваўся ад Менска. Маўляў, не вешайце на хаўруснікаў вашыя праблемы.

Статус краіны-вынганкі ўжо адчулі і яшчэ адчуюць усе беларусы. І гэта яшчэ да ўвядзення новых эканамічных санкцый ЕЗ і ЗША. На краіну павольна апускаецца «жалезная заслона».

Тут можна правесці паралелі з лёсам Слабадана Мілошавіча. У 1996-1997 гадах у Югаславіі праходзілі масавыя мітынгі пратэсту супраць аўтарытарнага рэжыму тагачаснага югаслаўскага правадыра. Штуршком паслужылі фальсіфікацыі вынікаў мясцовых выбараў. Але ён выстаяў. Потым Мілошавіч увязаўся ў вайну з усім светам. І саступіў. Пасля чаго ад яго сталі адварочвацца нават ягоныя прыхільнікі. У апазіцыі з'явіўся новы лозунг: «Ён гатовы!». І ў 2000 годзе пад ціскам народных пратэстаў Мілошавіч быў вымушаны сысці ў адстаўку.

Але тое была даінтэрнэтная эпоха. Сёння ж ва ўмовах інфармацыйнага грамадства тым больш не атрымаецца выдаць паразу за перамогу.

Мяркуючы з усяго, Лукашэнка інтуітыўна адчуў, што апынуўся ў ролі Мілошавіча. І з усіх сіл спрабуе выкруціцца. Упершыню ён прыйшоў у парламент, каб з яго трыбуны неяк паразумецца. Следам за ім там выступілі прэм'ер-міністр, ключавыя міністры. Усё гэта сведчыць аб надзвычайнай сітуацыі, у якой апынулася краіна. Мяркуючы з усяго, Беларускае кіраўніцтва не чакала такой жорсткай рэакцыі міжнароднай супольнасці на пасадку самалёта. Таму выступ Лукашэнкі ствараў ўражанне апраўдання. Там прагучала досыць нечаканае прызнанне: «У гэтай вайне Беларусь не разлічвае на перамогу».

З'явіліся першыя прыкметы таго, што афіцыйны Менск спрабуе шукаць кампраміс з Захадам. Каб змякчыць маштаб санкцый, міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з заходнімі амбасадарамі. З'явілася інфармацыя, што палітвязням прапануюць напісаць прашэнне аб памілаванні ў разліку на амністыю.

Улады відавочна замітусіліся. І гэта не ад добрага жыцця.

Але праблема ў тым, што калі ўлады сабраліся пасылаць нейкі сігнал Захаду, то ён павінен быць ясным і адназначным. Калі гаворка ідзе аб амністыі, то яна павінна быць часткай палітычнага трэнду на лібералізацыю. Але нічога такоўскага мы не бачым. Наадварот, рэпрэсіі працягваюцца. Кожны дзень прыходзіць інфармацыя аб новых затрыманнях, судах. І які сэнс амніставаць адных і адначасова саджаць за краты іншых палітвязняў?

Ці як можна шукаць кампраміс з апанентамі, працягваючы агрэсіўную рыторыку? Згодна з інфармацыяй, той жа Макей падчас сустрэчы з заходнімі амбасадарамі спрабаваў пераканаць іх з дапамогай традыцыйнага прапагандысцкага арсенала БТ. Не кажучы ўжо пра рост плыні нелегальных мігрантаў у Літву з тэрыторыі Беларусі, - мяркуе Валерый Карбалевіч.

Узаемавыключальныя сігналы сведчаць хутчэй пра фрустрацыю, у якой знаходзіцца палітычнае кіраўніцтва, чым пра прадуманую палітыку.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках